1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Аб новых мэтадах барацьбы з хабарніцтвам

Алена Мікалаева

Нядаўна суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прыгаварыў былога супрацоўніка могілак да шасці гадоў пазбаўлення волі за хабарніцтва.

https://p.dw.com/p/7aB5
Фото: AP

Будучы старэйшым наглядальнікам спецкамбінату грамадзянскага абслугоўвання, у абавязкі якога ўваходзілі ўлік захаванняў, кантроль за іх утрыманнем і адвядзенне месцаў, цяперашні асуджаны ўключыў у свой службовы расклад яшчэ адную графу – збор грошай са сваякоў памерлых за выкананне гэтых паслугаў з улікам іх пажаданняў. У крымінальнай справе фігуруюць 23 эпізоды і сума кожнага хабару – ад 20 да 250 даляраў. Як толькі праваахоўныя органы зацікавіліся яго дзейнасцю, ён тут жа збег і быў абвешчаны ў міжнародны вышук. Затрымалі злачынцу супрацоўнікі дарожнае паліцыі Польшчы.

Намала высілкаў было кінута на выкрыццё ўчастковага ўрача адной з паліклінікаў Віцебску, якая за чакаляткі ды іншыя дробныя паднашэнні выпісвала фіктыўныя бальнічныя лісты. Пакаранне – шэсць гадоў турмы. Аналагічны тэрмін за хабар у 20 даляраў атрымаў і выкладчык адной з ВНУ гораду. Гэткіх фактаў выкрывання дробных хабарнікаў нямала сярод 142 крымінальных справаў, заведзеных з пачатку бягучага году ў Віцебскай вобласці. Ды і саміх крымінальных справаў адкрыта болей, чымся год таму.

Прадстаўнікі праваахоўных органаў кажуць, што гэта сведчыць як прат эфектыўнасць іх працы, гэтак і пра павелічэнне колькасці тых, хто бярэ хабар. Аднак чалец Віцебскай абласной калегіі адвакатаў, які пажадаў застацца неназваным, звязвае гэты факт з унесеным у жніўні 2004 году змяненнем у “Закон аб аператыўна-вышуковай дзейнасці”, якое дазваляе правядзенне аператыўнага эксперымента ва ўмовах максімальона набліжаных да рэчаіснасці. Іншымі словамі – гэта ўзаконеная санкцыяй пракурора правакацыя. І на гэтую “вуду” трапіўся намеснік начальніка інспекцыі Дэпартаменту Дзяржбуднагляду па Віцебскай вобласці, які за станоўчае рашэнне пытання, звязанага з уводам у эксплуатацыю прыбіральні на аўтамабільным рынку, узяў 1000 даляраў.

Дадзеныя аператыўныя эксперыменты не заўжды апраўданыя, лічаць адвакаты. У некаторых выпадках іх могуць выкарыстоўваць як падставу, каб пазбавіцца ад няўгоднага камусці чалавека. Калі звярнуцца да лічбаў статыстыкі, то сёння ў Віцебскай вобласці быльш усяго хабарнікаў у галіне будаўніцтва – 33 чалавекі. 20 – у фінансава-крэдытнай, столькі ж у ахове здароўя, 7 выпадкаў у галіне адукацыі і 4 – у сельскай гаспадарцы.