1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

«Адчай, боль і горыч»

2 мая 2006 г.

так назваў свае ўспаміны пра рэпрэсіі савецкай улады супраць народу старшыня Рады дэмакратычнага аб”яднання ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сілаў М. Мельнікаў. У Гародні адбылася прэзентацыя яго кнігі

https://p.dw.com/p/8LuP

Мікалай Мельнікаў нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Броды Магілёўскай вобласці. У 30-я гады яго працавітая сялянская сям’я была прызнаная кулацкай. У «ворагаў народу» адабралі хату і вывезлі іх на таварным цягніку ў Валагодскую вобласць. Гэткі ж самы лёс вызначыла савецкая ўлада для многіх сялянаў Беларусі. У гады Вялікай Айчыйнай вайны ў складзе студэнцкага батальёну Мікалай Мельнікаў абараняў Магілёў, потым браў удзел у штурме Кенігсбергу. У пасляваенныя гады працаваў выкладчыкам філалогіі ў Гарадзенскім універсітэце, а пазней стварыў дэмакратычную ветэранскую арганізацыю і грамадскі музей пісьменніка Васіля Быкава.

«Напісаць кнігу мяне прымусіў той боль, які захаваўся ў памяці», - распавядае Мікалай Мельнікаў. – Гэта ўспамін пра дзяцінства беларускага хлопчыка, які ў чорныя гады так званай калектывізацыі жыў і змагаўся за тое, каб застацца чалавекам».

На думку ветэрана, цяперэшнія ўлады Беларусі зноў спрабуюць перапісаць гісторыю на савецкі лад, утойваючы праўду пра страшныя гады рэпрэсіяў.

«Не можа быць, каб народ заўсёды стаяў на каленях перад уладай», - кажа Мельнікаў. Сваю надзею на будучыню Беларусі ён звязвае з моладзю, якая сваім удзелам у акцыях пратэсту падае прыклады грамадзянскай мужнасці.

У працы над кнігай ветэрану дапамагаў гарадзенскі журналіст Павал Мажэйка. Паводле яго словаў, Мельнікаў скончыў рукапіс ужо даўно, але сароміўся пра яго паведамляць, бо не меў сродкаў на выданне. Але з дапамогай гарадзенскай дэмакратычнай грамадскасці кніга ўбачыла свет, хоць і невялікім накладам.

А яшчэ 82-гадовы Мікалай Мельнікаў хоча паспець надаць грамадзянскаму музею Васіля Быкава афіцыйны статус, што забяспечыць бюджэтнае фінансаванне. Ветэран дамогся таго, каб рашэннем гэтага пытання займалася дэпутацкая камісія Гарадзенскага гарсавету. А пакуль частку выдаткаў на ўтрыманне музея вялікага пісьменніка Мікалай Мельнікаў змушаны пакрываць з уласнай пенсіі.