1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Актывісты дэмсілаў пакідаюць акрэсцінскую турму

Генадзь Канстанцінаў30 марта 2008 г.

З турмы на мінскай вуліцы Акрэсціна пачалі выходзіць затрыманыя 25 сакавіка актывісты дэмсілаў. Першым вязніцу пакінуў старшыня згуртавання “Бацькаўшчына”, сябра Саюза мастакоў Аляксей Марачкін.

https://p.dw.com/p/DXOW
Затрыманні дэманстрантаў у ходзе акціі 25 сакавікаФото: AP

Сустракаць Аляксея Марачкіна да акрэсцінскай брамы прыйшлі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, палітыкі, сябры дэмакратычных моладзевых арганізацыяў, журналісты. За імі пільна сачылі спецназаўцы, экіпаваныя бы перад адказнай сілавой аперацыяй.

Аляксея Марачкіна затрымалі за дзень да акцыі, а 10-й вечара 24 сакавіка ў ягонай майстэрні з’явіліся прадстаўнікі сілавых структураў, не прад’явіўшы ніякага ордэра ці санкцыі на ператрус.

Як сказаў па выхадзе з турмы сам мастак, “уварваліся ў майстэрню і фактычна выкралі мае творы мастацтва, выкралі харугвы Таварыства беларускае мовы, выкралі лозунгі, сярод якіх – “Жыве Беларусь!”, “Беларуская мова – душа нацыі”, а таксама самы “мілітарыстычны” лозунг – “Беларуская мова – наша зброя”.

Сябры Аляксея Марачкіна, якія чакалі яго ля турэмных муроў, выказвалі абурэнне фактам затрымання слыннага сучаснага беларускага мастака. Паводле словаў Міколы Купавы, сябра мастацкай суполкі “Пагоня” Саюзу мастакоў, якую ачольвае Аляксей Марачкін, такія дзеянні ўладаў “сведчаць пра іх абсалютную амаральнасць. Марачкін фактычна арыштаваны і засуджаны за покліч “Жыве Беларусь”, таму што там былі плакаты ў асноўным такога зместу – вечныя словы Янкі Купалы. Яны ж гэтага не ведаюць. Яны навогул нічога не ведаюць людскага і нармалёвага”.

Ілжывае абвінавачанне

Сілавікі забралі рэчы, разбілі статуэткі, пасля чаго адвезлі мастака на Акрэсціна. А судзілі Аляксея Марачкіна за тое, што ён нібыта лаяўся матам на міліцыянтаў ля будынка РУУС Цэнтральнага раёну Мінску, куды вязня нават не вазілі. Тым не менш, суддзя Таццяна Паўлючук прыслухалася да сведчанняў амонаўцаў, а не паказанняў затрыманага, і прысудзіла таго да пяці сутак адміністратыўнага арышту.

Як адзначае скульптар Алесь Шатэрнік, “наш Аляксей Антонавіч увогуле вельмі мяккі чалавек, і ўявіць сабе, што ён лаяўся матам, проста немагчыма. То бок, сітуацыя склалася такая, калі ўлада паказвае сваю слабасць”.

Вядомы тэатральны рэжысёр Валеры Мазынскі ўвогуле не змог знайсці належных словаў, каб даць ацэнку таму, што адбылося з Аляксеем Марачкіным, ды і не толькі з ім: “Гэта ўжо апошняе. У гэтай дзяржавы заўсёды быў “астатачны прынцып” да мастацтва, культуры. У мяне няма каментароў на гэты конт”.

Акрэсціна – не страшылка

Сам А. Марачкін кажа: “Тут самае гнуснае, што сведкамі з’яўляюцца сілавыя структуры. Не было цывільных грамадзянаў, якія б сказалі, хто што бачыў, каго я там лаяў… Хаця я сказаў, што ў беларускай мове лаянкі няма. Пішыце, што хочаце, я магу вас зараз аблаяць расейскай мовай”.

Скупьптар Алесь Шатэрнік заўважыў: “У свой час, мы ведаем з гісторыі, і паэты былі ў вязніцах, і як гэта ўспрымалася ў свеце. Здаецца, ужо трэцяе тысячагоддзе, здавалася б, ужо ўсё прайшло, але вось гэтая рэчаіснасць, якую мы маем сёння… Вельмі цяжка казаць, няма нават словаў. Я ўсё ж аптыміст, і веру, што праўда пераможа”.

Вось што сказаў DW-RADIO Аляксей Марачкін пра сваё перабыванне ў няволі: “Акрэсціна – гэта не страшылка, а страшылка – другое. Тут нармальна адносіліся, нават спачувалі. Але вось гэты хапун, гэты дзікі дыктатарскі арганізм, ён там. А тут выканаўцы”.

У нядзелю з-за акрэсцінскіх кратаў выйшлі асуджаныя на пяць сутак арышту ўдзельнікі акцыі 25 сакавіка Андрэй Вінакураў, Алесь Лапіцкі, Юры Макарэвіч, Валеры Мацкевіч і Кацярына Салаўёва, для якой судовая школа на гэтым не завершаная – 8 красавіка ў судзе гораду Полацку пачнецца разгляд заведзенай супраць маладафронтаўкі крымінальнай справы за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Дзяўчыне пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме