1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Аляксандр Казулін: тры варыянты сумеснай дзейнасці кандыдатаў у прэзідэнты

Сяргей Панчанка

Удзельнікі Рады інтэлігенцыі ўхвалілі памкненне кандыдатаў да аб’яднання высілкаў. У звязку з гэтым падрыхтаваная загадзя заява пра падтрымку народнага галасавання, прапанаванага Зянонам Пазьняком, прынятая не была

https://p.dw.com/p/86Ql
Фото: AP

Першы – зняцца абодвум, у сувязі з “незаконнасцю правядзення датэрміновых выбараў, а таксама грубым парушэннем дзейнага заканадаўства дзяржаўнымі органамі”. У гэтым выпадку Казулін запрапанаваў патрабаваць правядзення выбараў 16-га ліпеня. Другі варыянт – разгледзець пытанне пра адзінага кандыдата з улікам таго, што гэты чалавек не павінен выклікаць раздражненне ўплывовых геапалітычных гульцоў Расіі, Еўрапейскага Звязу ды ЗША. Пры гэтым экс-рэктар БДУ падкрэсліў:

“Я гатовы разглядаць сцэнар адзінага кандыдата, але ім мусіць быць Казулін”. І трэці сцэнар – гэта прыняцце дэкларацыі пра сумесныя дзеянні, у якой бы падкрэслівалася неістотнасць таго, хто з двух кандыдатаў будзе абраны прэзідэнтам. Удзельнікі Рады інтэлігенцыі ўхвалілі памкненне кандыдатаў да аб’яднання высілкаў. У звязку з гэтым падрыхтаваная загадзя заява пра падтрымку народнага галасавання, прапанаванага Зянонам Пазьняком, прынятая не была.

Старшыня Рады інтэлігенцыі Уладзімір Колас адзначыў, што ранейшыя сумневы ў тым, што кандыдат Казулін – “праект улады”, ужо адпалі. “Казулін крывёю даказаў шчырасць сваіх намераў”, - адзначыў Колас. Аляксандр Казулін таксама заявіў, што ў кожным абласным цэнтры пасля выбараў на плошчу выйдзе 10 - 15 тысячаў чалавек. І сама мала 50 тысячаў – у сталіцы.

Паводле яго меркавання, “апрача як штыкамі і сілавымі дзеяннямі Лукашэнка не зможа ўтрымаць уладу”. Кандыдат заявіў, што, “сілавікам дадзеная каманда не шкадаваць анікога. Мачыць па-чорнаму. Будуць правакацыі. Сутыкненні будзе правакаваць сама ўлада. Яна, дарэчы, вельмі спадзяецца на тое, што будуць трупы. А на каго іх “павесяць” – зразумела”. Казулін заявіў, што з’яўляецца катэгарычным праціўнікам крыві і моліць людзей выходзіць на вуліцы з цукеркамі, кветкамі, усміхацца і не паддавацца на правакацыі. “Мы мусім паказаць усяму свету, што на штыках уладу не ўтрымаеш”, - рэзюмаваў кандыдат.