1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся ў Гомелі з выбаршчыкамі

Юнэля Крупенька

Гэта ўжо другі візіт кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл у абласны цэнтр за перыяд дазволенай агітацыі. Сённяшняе мерапрыемства адбылося на адкрытай прасторы на цэнтральным стадыёне горада

https://p.dw.com/p/878J
Фото: AP

Першая сустрэча прайшла ў гарадскім цэнтры культуры і сабрала каля 1000 чалавек. Мясцовыя ўлады выявілі цуд вынаходлівасці ў сваіх спробах перашкодзіць гамельчукам сустрэцца з Мілінкевічам. Першапачаткова правядзенне сустрэчы планавалася на плошчы Паўстання, дзе перакрыжоўваюцца галоўныя вуліцы Гомеля. Аднак за тыдзень да прызначанага мерапрыемства МАЗы сталі звозіць на плошчу снег, у выніку чаго зараз яна ўся ў снегавых гурбах вышынёй да 2 метраў. Тым не менш, абласны выбарчы штаб Мілінкевіча рашуча настойваў на тым, каб сустрэча кандыдата прайшла ў зручнай для выбаршчыкаў форме, і прапанаваў перанесці сустрэчу на Цэнтральны стадыён, які размяшчаецца адразу за плошчай Паўстання. Перамовы доўжылся доўга, але ўсё ж такі напярэдадні ўвечары гарвыканкам дазволіў сустрэчу на цэнтральным стадыёне, які, дарэчы, змяшчае да 15 тысяч чалавек.

Загадчыца аддзелам па ідэалагічнай працы гомельскага гарвыканкама Ганна Шыдлоўская не здолела адказаць на пытанне «Нямецкай хвалі», чаму першапачатковае месца сустрэчы – плошча Паўстання – была завалена снегам. І яна не пагадзілася з тым, што сустрэчы з выбаршчыкамі павінны адбывацца свабодна, як вырашаць самі кандыдаты ў дэпутаты. На думку галоўнага ідэолага гарвыканкама Ганны Шыдлоўскай, неабходны дазвол мясцовых уладаў. Улічваючы, што, як правіла, перадвыбарныя сустрэчы альтэрнатыўных кандыдатаў скончваюцца затрыманнямі, мы ўдакладнілі ў Шыдлоўскай, ці дастаткова толькі мець дазвол?

«Канешне, дастаткова. А што яшчэ трэба? Зразумела, будзе міліцыя, якая павінна і будзе забяспечваць парадак».

- адзначыла ідэолаг гарвыканкама Ганна Шыдлоўская. Тым не менш, у гомельскім штабе Мілінкевіча рыхтуюцца да правакацый з боку ўладаў. Бо сёння ж раніцай непасрэдна з месца працы міліцыя забрала моладзевага лідэра Сяргея Сямёнава. І менш чым праз гадзіну старшыня суда Савецкага раёна Аляксандр Кострыкаў прыгаварыў яго да адміністратыўнага арышту на 10 сутак. Да слову, пазбаўлены свабоды на час заключнага этапу выбарчай кампаніі актывісты штабу Мілінкевіча ў Калінкавічах, Мазыры, Рэчыцы і Гомелі.

Таксама сёння ж у гомельскі штаб адзінага кандыдата паступіла інфармацыя, што на мітынгу сябры БРСМ - студэнты з універсітэта транспарту – паспрабуюць учыніць бойку. У гэтай сувязі кіраўнік абласнога выбарчага штабу Мілінкевіча Уладзімір Кацора заявіў:

«Мы аб’явім адразу, што чакаюцца правакацыі, каб удзельнікі гэтай сустрэчы былі пільнымі. Галоўнае, мы ня ведаем, якія мусяць быць учыненыя правакацыі. У нас будзе свая дружына. Я спадзяюся, у нас будуць нармалёвыя стасункі з міліцыяй, а не такія, калі Яны нас затрымоўвалі, правакавалі. Сёння – афіцыйнае мерапрыемства. Я ўпэўнены, што усё пройдзе нармальна. Хаця, магчыма, ня без эксцэсаў.»