1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Андрэй Бастунец: „За краты можна будзе адправiць любога апанента ўлады”

Сяргей Панчанка

Што канкрэтна прадугледжваюць новыя папраўкi ў Крымiнальны кодэкс Рэспублiкi Беларусь?

https://p.dw.com/p/7X4Z
Фото: AP

Пад дысрэдытацыяй Рэспублiкi Беларусь разумеецца «прадастаўленне замежнай дзяржаве, замежнай альбо мiжнароднай арганiзацыi заведама iлжывых звестак аб палiтычным, эканамiчным, сацыяльным, ваенным альбо мiжнародным становiшчы Рэспублiкi Беларусь, прававым становiшчы грамадзянаў Рэспублiкi Беларусь альбо яе органаў улады». Тэрмiн пакарання за гэтае дзеянне – арышт да 6 месяцаў альбо пазбаўленне волi да 2 гадоў.

На думку суддзi Канстытуцыйнага суду ў адстаўцы Мiхаiла Пастухова, прапанаваныя папраўкi ў Крымiнальны кодэкс ёсць больш жорсткiмi, чымся знакамiты артыкул КК СССР «Антысавецкая прапаганда i агiтацыя». Яны, мяркуе юрыст, маюць канкрэтнага адрасата – апазiцыю, а тлумачыць iх змест можна як заўгодна. Паводле Пастухова, з юрыдычнага пункту гледжання агульная крытыка, напрыклад, заява, што ў краiне дыктатура, карупцыя альбо маюць месца масавыя парушэннi правоў чалавека, робяцца крымiнальна пакаральнымi.

Аналагiчнае пакаранне, арышт да 6 месяцаў, альбо пазбаўленне волi да 2 гадоў, прадугледжваецца i за арганiзацыю дзейнасцi альбо ўдзел у арганiзацыях i фондах, злiквiдаваных альбо прыпыненых судом. А таксама – за навучанне альбо iншую падрыхтоўку асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якiя груба парушаюць грамадскi парадак, альбо за фiнансаванне такой дзейнасцi.

Апрача таго, ад паўгода арышту да трох гадоў пазбаўлення волi можна будзе атрымаць за заклiкi, звернутыя да замежных дзяржаваў альбо мiжнароднай арганiзацыi, зрабiць дзеяннi ва ўрон знешняй бяспецы Беларусi. А калi такiя заклiкi будуць распаўсюджвацца праз СМI, то пакаранне робiцца больш жорсткiм – ад двух да пяцi гадоў турмы. З уступленнем у сiлу новых паправак у Крымiнальны кодэкс, лiчыць юрыст Андрэй Бастунец, адправiць за краты можна будзе любога без выключэння апанента ўлады.

Дэпутат парламента Сяргей Гайдукевiч заявiў «Нямецкай хвалi», што новы законапроект абсалютна непатрэбны, што ён супярэчыць Канстытуцыi. «Я ў палiтыцы ўжо 10 гадоў i мяне цяжка здзiвiць, але тут мяне здзiвiлi. Я ў шоку.» - прызнаўся Гайдукевiч. Ён таксама паабяцаў, што да другога чытання зробiць усё, каб папраўкi былi адмененыя альбо падкарэктаваныя.