1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Аўтсайдэрства – стратэгія выжывання?

Алена Данейка5 мая 2008 г.

Прэзентацыя літаратурнага альманаха «ТЭКСТЫ» адбылася ў Мінску у межах працы «Літаратурнай кавярні» – аднаго з праэктаў Інстытута нямецкіх даследаванняў. Тэма шостага нумару альманаху – аўтсайдэр-арт.

https://p.dw.com/p/Du2I
Фото: Bilderbox

Калі казаць пра аўтараў, творы якіх увайшлі у шосты нумар літаратурнага альманаху «Тэксты», панятак аутсайдэраў з’яўляецца самым слушным, гаворыць Вольга Мартыненка, якая вывучае філязофію ў магістратуры Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта і мае вопыт працы валантэрам у псіханэўралагічным інтэрнаце.

Чым цікавае мастацтва аўтсайдэраў?

Вольга Мартыненка гаворыць: «Аўтсайдэры – гэта людзі, якія выпалі па-за межы грамадства. Часам таму, што сацыяльныя нормы з’яўляюцца такімі, што існаванне па за іх межамі - гэта адзінае магчымае існаванне. А часам, як гэта здарылася з некаторымі аўтарамі, якія прадстаўленыя ў зборніку, сам інстытут псіхіятрыі функцыянуе такім чынам, што людзі, якія не ўпісваюцца у прынятыя нормы, застаюцца па-за межамі грамадства».

Мастацтва аўтсайдэраў, на думку Вольгі Мартыненка, цікавае тым, што яно сведчыць пра досвед існавання па-за нормамі. «Гэтыя разнастайныя справаздачы з падарожжаў у невядомы сусвет нясуць у сабе згадкі пра тое, што іншыя, альтэрнатыўныя мадэлі існавання магчымыя. Такое мастацтва нараджае сумненне ў вартасці здаровага сэнсу, дэманструе таталітарнасць рацыяналізму, і нагадвае пра тое, што парадак існуе для таго, каб яго парушаць».

«Перадусім мастацтва людзей з псіхічнымі адхіленнямі дапамагае зразумець ці перажыць адмысловы стан творцаў, і дэманструе, якімі насамрэч хісткімі і ненадзейнымі ёсць наш панятак нормы ды ўяўленне пра ўласную нармальнасць», - кажа Вольга. І падкрэслівае, што наогул практыкі мастацтва народжаныя адмысловым успрыняццем свету, і шмат якія творцы свядома абралі маргінальную пазіцыю. Але гэта не замінала ім увайсці ў сусветную гісторыю мастацтва.

Чаму абралі такі ракурс?

Дагэтуль літаратурны альманах «Тэксты» ніколі ня быў цалкам прысвечаны адной тэме. «Гэты нумар вырашылі прысвяціць аўтсайдер-арт. Гэтую тэму прапанаваў беларускі паэт Яўген Лёсік, які жыве ў Нямеччыне. Гэта першая спроба даследвання менавіта гэтай тэмы ў такім шырокім плане. На мой погляд, мы запоўнілі белыя плямы, таму што псіхіатрыя і літаратура – гэта тэма ў Беларусі практычна зачыненая», - распавядае галоўны рэдактар «Тэкстаў» Зміцер Вішнёў. Ён звяртае ўвагу на вельмі разнастайны падбор аўтараў: «Тут ёсць і аўтары невядомыя, якія сябруюць з псіхіатрычнымі лекарнямі, і аўтары, якія былі ў свой час катаваныя савецкай уладай праз псіхіятрычныя лекарні, і сучасныя аўтары, якія даследуюць тэму аўсайдерства, псіхіатрыі. Ёсць сур’езныя даследчыцкія матэрыялы Віктара Жыбуля, Арцёма Кавалеўскага».

Тэма вартая «Літаратурнай кавярні»

У тым, што выданне шостага нумару «Тэкстаў» адбылося пры падтрымцы Цэнтра нямецкіх даследванняў, нічога дзіўнага няма, кажа Зміцер Вішнёў.

«Таму што апошняе дзесяцігоддзе у беларускай літаратуры прайшло пад эгідай беларуска-нямецкага супрацоўніцтва. Прыкладам таму некалькі зборнікаў, якія выйшлі дзякуючы падтрымцы Інтытута ім. Гете. І ўвогуле апошнія 10 гадоў беларуская літаратура ў Еўропе пачала быць заўважанай праз пераклады на нямецкую мову».

Дарэчы падчас прэзентацыі на экране ў залі дэманстраваўся нямецкі пераклад тых тэкстаў, якія чыталі аўтары. Імпрэза з нагоды прэзентацыі нумару «Тэкстаў», прысвечанага тэме аўтсайдер-арт, цалкам адпавядае канцэпцыі “Літаратурнай кавярні”, тлумачыць навуковы супрацоўнік інстытута і аўтар праэкта “Літаратурнай кавярні” Ірына Герасімовіч.

«Літаратурная кавярня», паводле Ірыны Герасімовіч, «задуманая як пляцоўка, каб прэзентаваць тое, што адбываецца ў беларускай літаратуры, у нямецкамоўнай літаратуры цяпер, а таксама тое, што адбылося і значна ў нямецка- і беларускамоўнай літаратуры адпаведна для нямецкай і беларускай публікі. Таму гэта прынцыпова – двухмоўны фармат. Мне падалося, што часопіс «Тэксты» менавіта з такой тэмай, якая доўгі час замоўчвалася, проста здавалася б не існавла, гэта менавіта той прадукт, які варты быць прэзентаваны у двухмоўным кантэксце».