1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

А. Лябедзька: “Мы за тое, каб у кампаніі ўдзельнічалі ўсе”

Наталля Макушына

Cтаршыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі пра тое, якія пытанні абмяркоўваюцца ў дэмакратычнай кааліцыі напярэдадні выбараў у мясцовыя рады.

https://p.dw.com/p/9CHL

Год таму ў Беларусі прайшоў самы вялікі форум палітычнай апазіцыі - Першы Кангрэс аб’яднаных дэмакратычных сілаў. На ім быў вылучаны адзіны кандыдат у прэзідэнты ад апазіцыі, а таксама вызначаная тактыка і стратэгія ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі.

«Аб’яднаная грамадзянская партыя, якую я прадстаўляю, падтрымлівае стратэгію “два ў адным”: аб’яднаць у фармаце адной кампаніі мясцовых выбараў фактычна дзве кампаніі: выбары і правядзенне працы, каб стварыць структуры апазіцыі больш дзеяздольнымі і больш эффектыўнымі. Я думаю, што было б вельмі добра, каб мы супольнымі сіламі вылучылі каля 1000 дэмакратычных кандыдатаў. І не толькі тых, якія ўваходзяць у Палітычную Раду, а шырэй - гэта і партыя Казуліна, і тыя ж самыя прадпрымальнікі”.

Як кажа лідар АГП Анатоль Лябедзька, план выбарчай кампаніі дэмакратычных сілаў прадугледжвае сабраць за кожнага кандыдата не меньш за 300 подпісаў. Такім чынам, на думку Лябедзькі, яны могуць стаць дэлегатамі новага кангрэса дэмакратычных сілаў, і гэта будзе сапраўдны народны парламент.

«Мы за тое, каб у кампаніі удзельнічалі ўсе: Мілінкевич, Навасяд, Ляўковіч, - каб усе яны пайшлі да людзей», - падкрэслівае Анатоль Лябедзька. А збор подпісаў, на яго меркаванне, ва ўмовах інфармацыйнага вакуўму – гэта магчымасць даць выбарнікам інфармацыю аб тым, што насамрэч адбываецца ў краіне.

Па словах лідара АГП, выбары ў Беларусі ізноў будуць праходзіць без усякіх правілаў, але ў кааліцыі свае мэты і задачы – зайсці ў мільён кватэраў і перадаць людзям палітычнае пасланне дэмакратычных сілаў.

Ці ёсць сёння аднадушнасць у дэмакратычнай кааліцыі, і ці прымаецца адзінагалосна план працы па выбарчай кампаніі ў мясцовыя ўлады?

Анатоль Лябедзька лічыць, што ў кааліцыі адбываецца звычайная працоўная дыскусія, якая тычыцца як стратэгіі, так і тактыкі ўдзелу ў мясцовых выбарах:

«Тут ідзе дыскусія – абранне больш эфектыўных і легітымных структураў праз фармаванне дэлегатаў кангрэса. Прымаем мы гэтую стратэію, ці не? Колькі патрэбна сабраць подпісаў 300 ці 500? Калі праводзіць кангрэс - 19 сакавіка ці значна пазней? Гэта дыскусійныя пытанні. Я не скажу, што гэта вялікая яма, якая падзяляе нас, але гэта тое, што патрэбна прадыскутаваць і прыняць рашэнне”.