1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларускім ільнозаводам пагражае банкруцтва

Алесь Пятровіч

Праліўныя дажджы не далі магчымасці ў вызначаны тэрмін сабраць і вывезці ўраджай. У выніку выдаткі на перапрацоўку ільна ў гэтым годзе істотна павялічыліся, але валокно усё роўна атрымліваецца нізкай якасці.

https://p.dw.com/p/9AD3

Разам з бульбай лён з’яўляецца адметнай сельскагаспадарчай культурай для Беларусі і лічыцца сваеасаблівай візітнай карткай краіны. Але зараз у беларусаў усё менш падставаў ганарыцца поспехамі ў вырошчванні гэтай культуры. Больш таго, на некаторых прадпрыемствах, якія займаюцца перапрацоўкай ільну, мяркуюць, што па выніках гэтага году ім можа пагражаць банкруцтва.

Паводле афіцыйных крыніцаў, незважаючы на складаныя ўмовы надвор’я, сёлета на Беларусі ільна збяруць больш, чым у мінулыя гады. Так, дзяржаўнае інфармацыйнае агентства БелТА прыводзіць словы галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута ільна Уладзіміра Самсонава, які сцвярджае, што гаспадаркі, якія спецыялізуюцца на пасевах ільна, атрымалі неабходную фінансавую падтрымку ад дзяржавы. Гэта дазволіла правесьці сяўбу ў сціслыя тэрміны і з выкарыстаннем якаснага насення. Паводле словаў навукоўца, пры такім падыходзе да справы ня можа быць праблемаў з выкананнем дзяржаўнага заказу і сельгасвытворцы здадуць ня менш за 90 тысячаў тон ільнавалакна.

Куды менш аптымізму непасрэдна ў рэгіёнах, дзе вырошчваюць лён. Праліўныя дажджы не толькі пашкодзілі ільнотрасту, але і не далі магчымасці ў вызначаны тэрмін сабраць і вывезці ўраджай. Справа ў тым, што адмысловая тэхніка не магла трапіць на палі, бо там доўгі час стаяла вада. Не выратаваў становішча і заклік прадстаўнікоў выканаўчай улады да студэнтаў, пенсіянэраў, непасрэдна працоўнікаў ільнозаводаў - выйсці на палі і старым дзедаўскім спосабам сабраць разасланы лён у снапы для далейшай прасушкі.

У выніку выдаткі на перапрацоўку ільна ў гэтым годзе істотна павялічыліся, але валокно усё роўна атрымліваецца нізкай якасці. Як лічыць дырэктар Пінскага ільнозаводу Анатоль Сцепанюк у такіх абставінах прадпрыемства можа быць даведзенае да банкруцтва.

“Мы губляем штодня каля 3-3,5 мільёнаў рублёў. Кошт перапрацоўкі – менавіта выдаткі на электраэнергію, зарплату працоўных, інжынераў, спецыялістаў – будзе нашмат вышэйшы, чым кошт сыравіны”.

Улічваючы гэтыя абставіны кіраўніцтва Пінскага ільнозаводу збіраецца на наступны год замест павялічэння плошчаў зменшыць тэрыторыю пад пасевы ільну на 300 гектараў.