1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларусь можа пазбавіцца гандлёвых прэферэнцыяў Еўразвязу

12 мая 2006 г.
https://p.dw.com/p/8T1g

Ужо ў снежні 2006 году беларускі ўрад з прычыны парушэнняў правоў прафзвязаў можа пазбавіцца гандлёвых ільготаў Еўрапейскага Звязу. Далейшыя крокі па ажыццяўленні працэдуры часовага прыпынення ільготаў будуць разгледжаныя на паседжанні Камітэту па прымяненні Генеральнай сістэмы прэферэнцыяў 31 траўня. Нагадайма, што 17 жніўня 2005 году Еўрапейская Камісія прыняла рашэнне цягам паўгоду вывучаць сітуацыю з выкананнем правоў прафзвязаў у Беларусі. За гэты час беларускаму ўраду прапанавалася выканаць 12 рэкамендацыяў Камісіі па расследаванні Міжнароднай арганізацыі працы па выпраўленні парушэнняў правоў прафсаюзаў. У выпадку невыканання Еўракамісія папярэдзіла ўрад краіны пра магчымае пазбаўленне гандлёвых ільготаў. У красавіку 2006 году кіраўнікі трох буйнейшых міжнародных прафсаюзных арганізацыяў – Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў, Міжнароднай канфедэрацыі свабодных прафсаюзаў і Усясветнай канфедэрацыі працы звярнуліся да камісара ЕЗ па знешнім гандлі спадара Мандэльсана з заклікам прымяніць у дачыненні ўраду Беларусі працэдуру часовага прыпынення гандлёвых прэферэнцыяў.