1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Валеры Леванеўскі выйшаў на волю

15 мая 2006 г.
https://p.dw.com/p/8TaJ

Сёння лідэр прадпрымальніцкага руху Валерый Леванеўскі пасля двух гадоў зняволення быў вызвалены з Івацэвіцкай папраўчай калоніі. Супрацоўнікі калоніі а 7-й раніцы адвезлі Валерыя Леванеўскага з Івацэвічаў у Слонім, дзе пакінулі яго на чыгуначным вакзале. Прадпрымальнік змог патэлефанаваць сваім родным, і зараз Валерый Леванеўскі ў суправаджэнні родных і блізкіх накіраваўся ў Гародню. Нагадайма, што 7 верасня 2004 году Ленінскі раённы суд Гародні асудзіў Валерыя Леванеўскага на два гады зняволення з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыма, за “нанясенне публічнай знявагі прэзідэнту Беларусі”. Суд убачыў знявагу ва ўлётцы, якую прадпрымальнікі распаўсюдзілі ў абласным цэнтры напярэдадні мітынгу. У ёй было напісана : “Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб нехта за твой кошт ездзіў у Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненне”. Знаходзячыся за кратамі, прадпрымальнік неаднаразова праводзіў працяглыя галадоўкі, за што неаднаразова быў у штрафным ізалятары, атрымліваў спагнанні з боку адміністрацыі калоніі. Леванеўскаму забаранялі сустракацца з сям’ёй, атрымліваць перадачы і купляць прадукты ў турэмнай краме. У снежні 2005 году Леванеўскага не адпусцілі з калоніі нават на пахаванне бацькі.