1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Вярніце народу ільготы”

Генадзь Канстанцінаў

Каля паўтары тысячы чалавек узялі ўдзел у Сацыяльным маршы, які прайшоў у Мінску ў нядзелю.

https://p.dw.com/p/C0x7
Фото: AP

У акцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі самых розных арганізацыяў – ад анархістаў і апазіцыйных камуністаў да радыкалаў з мала вядомае структуры “Белая воля”. Дэмантранты прайшлі па дазволеным уладамі маршруце ад пляцоўкі ля Нацыянальнай акадэміі навук да Парку дружбы народаў у раёне Плошчы Бангалор, дзе адбыўся мітынг.

“Вярніце народу ільготы”, “Не" - збядненню людзей!”, “Ліквідатары – за сацыяльныя гарантыі” – гэтыя ды дзясяткі іншых лозунгаў трымалі ўдзельнікі Сацыяльнага маршу. Уласна прычынаю яго стаўся закон аб адмене ільготаў усім катэгорыям насельніцтва. Не ўсе жадаючыя змаглі паўдзельнічаць у акцыі – паводле паступіўшых паведамленняў, у розных гарадах Беларусі актывістаў прэвентыўна затрымлівала міліцыя, а некаторыя дзеячы, як то адзін з заяўнікаў – намеснік старшыні арганізацыі “Маладыя дэмакраты” Міхаіл Пашкевіч, яшчэ за некалькі дзён да маршу былі арыштаваныя і па надуманых прычынах асуджаныя на розныя тэрміны адміністратыўнага арышту.

Хто ўдзельнічаў у акцыі?

На месцы збору можна было назіраць вялікую колькасць самых розных сцягоў – ад чырвоных эсэсэсэраўскіх з сярпом і молатам да нацыянальных бел-чырвона-белых і анархісцкіх чырвона-чорных. Анархісты, прынамсі, сцвярджалі, што “Дзяржава сацыяльнай не бывае” увогуле.

Сярод тых, хто прыйшоў на акцыю, было шмат вядомых людзей, напрыклад, былы адзіны кандыдат на прэзідэнта ад апазіцыі, экс-кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Уладзімір Ганчарык.

"Усё цяжэй жыць. Калі будзе працягвацца такая сацыяльна эканамічная палітыка, то мы прыйдзем да таго часу, калі будуць затрымкі па выплаце заробкаў і пенсіяў, будуць расці кошты. Трэба перастаць верыць. Улада несправядлівая, улада падманвае. Калі маўчаць, то будзе яшчэ горш", - сцвярджаў палітык.

Былы кіраўнік Нацыянальнага банку прафесар Станіслаў Багданкевіч на маё пытанне, ці магчыма праз Сацыяльны марш паўплываць на палітыку кіраўніцтва краіны, адказаў:

"Паўплываць, можа, і нельга, але ладзіць акцыі трэба, таму што павінна быць частка народу, якая адчувае сябе свабоднымі грамадзянамі".

Было ля Акадэміі навук і багата навучэнцаў ВНУ.

"Мы прыйшлі, каб абараніць нашы правы на льготны праезд. З нашай цяперашняй стыпендыі немагчыма плаціць па 600 рублёў за праезд у грамадскім транпарце. Таму мы вырашылі прыцягнуць увагу ўладаў да нашых праблемаў – праблемаў студэнцтва".

Але ў большай ступені дзеянні беларускага кіраўніцтва ўсё ж закранулі людзей сталага пакалення, і яны выйшлі на Сацыяльны марш.

Жанчына: "Таму што мы нязгодныя з цяперашняй палітыкаю прэзідэнта, і ўвогуле мы, пенсіянеры, жывем вельмі бедна. Ні грошай у нас няма, ні жытла. На жытло мы стаім у чарзе ўжо 17 гадоў, і ўсё, нічога не свеціць, за што мы яго купім?"

Мужчына: "Вось пенсіянеры-дачнікі спадзяюцца на захаванне ільготы, па меншай меры, хоць на летні перыяд на паездку ў прыгарадным транспарце і ў грамадскім транспарце. Калі гэтага не будзе зроблена, мы будзем дзейнічаць больш рашуча. Таму што мы працуем, гарбацімся і не залежым ад аграгарадкоў і іншых часцяком паказушных мерапрыемстваў".

Без правакацый не абыйшлося

Выкрыкваючы лозунгі, калона рушыла ў бок правядзення мітынгу да Парку дружбы народаў. Міліцыянты нідзе заўважаныя не былі, як і традыцыйныя для такіх акцыяў аўтазакі. Але толькі да таго часу, пакуль не адбыліся правакацыі. На вуліцы Сурганава, калі людзі прайшлі палову шляху, пачалася бойка. Невядомыя правакатары, што знаходзіліся ўнутры калоны, пачалі збіваць людзей нагамі і кавалкамі арматуры, палкамі, выскоквалі на сярэдзіну праезжай часткі. Толькі пасля гэтага з’явіўся камандзір Атраду міліцыі спецыяыльнага прызначэння Юры Падабед і запытаўся ў аднаго з арганізатараў акцыі Сяргея Калякіна, ці патрэбная дапамога. Праз хвіліну ўздоўж калоны ўжо цягнуліся шэраг спецназаўцаў і два аўтазакі. Праз кароткі час бойка паўтарылася. Але міліцыя не ўмяшалася, і ніхто з правакатараў затрыманы не быў.

У Парку дружбы

На мітынгу ў Парку дружбы народаў людзей было значна меней. Тая частка моладзі, што ўсё ж прыйшла да Акадэміі навук і ўдзельнічала ў шэсці, на пляцоўку для выгулу сабак, як называюць гэтае дазволенае месца правядзення мітынгаў апазіцыі, пайсці адмовілася. З подыюму выступалі арганізатары Сацыяльнага маршу і прадстаўнікі грамадскасці як з Мінску, так і з рэгіёнаў. Сяргей Калякін, у прыватнасці, сказаў:

"Сёння дзяржава абабрала практычна ўсіх – ветэранаў і інвалідаў, “афганцаў” і міліцыянтаў. Толькі моцны сацыяльны пратэст дазволіць нам з вамі нечага дабіцца ад дзяржавы – сацыяльных саступак, павышэння заробкаў, зліквідавання прыніжальнай рабскай кантрактнай сістэмы. Без нашага ўдзелу дзяржава будзе ўсё больш цынічна і нахабна лезці ў нашу кішэню і рабіць нас усё бяднейшымі".

Выступы аратараў змяняліся спевамі бардаў. Пры канцы ўдзельнікі акцыі прынялі рэзалюцыю, у якой, у прыватнасці, асудзілі сацыяльна-эканамічную палітыку кіраўніцтва краіны і запатрабавалі адмяніць закон аб скасаванні ільготаў.

Пропустить раздел Еще по теме