1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Да лібералізацыі яшчэ вельмі далёка

Генадзь Канстанцінаў21 августа 2008 г.

У Беларусі, адрозна ад Захада, з меншым аптымізмам ацэньваюцца песпректывы звязанай з вызваленнем палітвязняў лібералізацыі ўнутраны краііны, пра што сведчаць выказванні палітыкаў і незалежных экспертаў.

https://p.dw.com/p/F2Qm
Фото: AP

На думку старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, вызваленне з месцаў пазбаўлення волі вязняў сумлення Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма абсалютна не азначае, што нешта змянілася:

"Толькі тады, калі абазначыцца тэндэнцыя да таго, што мы стварылі сістэму, якая проста выключае наяўнасць палітычных вязняў, тады можна гаварыць, што змянілася сітуацыя ў Беларусі. Лукашэнка проста рэалізуе на практыцы тактыку паўтары крокі наперад - паўтары крокі назад. У выніку атрымоўваецца – топчамся на месцы”.

Па словах палітолага Аляксандра Класкоўскага, ёсць жаданне фактычна не мяняць умовы палітычнага жыцця ў краіне, абмежавацца сімвалічнымі крокамі, якія, канешне, маюць важкае значэнне для Захаду, пры гэтым яны дазваляюць трымаць сітуацыю ў краіне пад кантролем. Апроч таго, адзначае эксперт, ёсць, магчыма, разлік і на тое, што выхад Казуліна, які, у прыватнасці, з’яўляецца амбіцыйным і нестандартным гульцом на палітычным полі, можа пасеяць пэўны разлад у стане апазіцыі:

"Таму што ў правадыроў вось гэтай тытульнай апазіцыі свая іерархія, свае сцэнары, і раптам з’яўляецца чалавек з даволі вялікім рэйтынгам, які хоча весці сваю гульню. Тут магчымыя пэўныя калізіі”.

Чыннік Казуліна

Публіцыст Раман Якаўлеўскі лічыць, што выхад на волю апальнага экс-кандыдата ў прэзідэнты дадасць каларыту ўнутрыпалітычнаму жыццю краіны:

“Вызваленне Казуліна безумоўна павінна паўплываць на сітуацыю ў краіне і на ўзаемадачыненні апазіцыі з уладай. Фактар Казуліна будзе працаваць на інтарэс да надыходзячых так званых выбараў у парламент”.

Сам Казулін не зможа прыняць непасрэдны ўдзел у выбарах. Аднак, як адзначае Раман Якаўлеўскі, яго асабісты няўдзел не азначае ягоную адсутнасць як чынніка ўнутрыпалітычнага жыцця краіны, асабліва звязанага з будучымі так званымі выбарамі.

У некаторых публікацыях з’явіліся меркаванні, што, выпусціўшы палітзняволеных, Аляксандр Лукашэнка яшчэ і выбіў нейкія козыры з рук унутранай апазіцыі, адным з асноўных пунктаў дзейнасці на знешнепалітычным полі якіх было змаганне за вызваленне вязняў сумлення.

“Тое, што Лукашэнка памілаваў апазіцыянераў, гэта, безумоўна, узмацніла пазіцыі, падкрэсліваю, Лукашэнкі ў яго кантактах з Захадам, - адзначае аналітык Раман Якаўлеўскі. – Што тычыцца беларускай апазіцыі, ці зменшыла ў іх козыраў, я б так пытанне не ставіў. Усё ж, гаворка ідзе пра лёсы людзей, і я б не ставіў так пытанне, што гэта аслабіла пазіцыі апазіцыі, гэта некарэктная пастаноўка пытання. Адзінае, што можна сцвярджаць, што гэта ўзмацніла пазіцыі Лукашэнкі”.

Імітацыя лібералізацыі

Ці магчымая ўсё ж унутраная лібералізацыя ў Беларусі, запытаўся я ў Аляксандра Класкоўскага:

“Будзе, хутчэй, ужыванне такіх дэкаратыўных элементаў, якія мусяць імітаваць гэтую лібералізацыю кшталту ўлучэння некалькіх кандыдатаў з адзінага спісу апазіцыі ў лік парламентароў. Разам з тым, улада будзе старацца ўсё ж па вялікім рахунку не адкручваць шрубы ў сэнсе развіцця канкурэнтнай палітыкі”.

Як запэўнівае палітолаг, плацдармы кантролю над палітычнай сітуацыяй улада будзе трымаць да апошняга.