1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Дзве беларускія партыі зялёных пад пагрозаю зліквідавання

Сяргей Панчанка

У полі зроку юстыцыі апынуліся Беларуская экалагічная партыя “Зялёныя” і Беларуская партыя “Зялёных”. Старшыня апошняй пра праблемы, з якімі сутыкаецца яго структура.

https://p.dw.com/p/8ugO

Паводле старшыні Беларускай партыі “Зялёных” Алега Грамыкі, напярэдадні мінулай прэзідэнцкай кампаніі Міністэрства юстыцыі ўжо вынесла партыі адно папярэджанне. За размяшчэнне структураў у жылым фондзе, што ўжо больш як год забаронена заканадаўствам. Да слова, Беларуская партыя “Зялёных” была першай палітычнай арганізацыяй, якая вылучыла Аляксандра Мілінкевіча як патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах ад аб’яднанай апазіцыі. Як адзначыў Алег Грамыка, перавесці юрыдычныя адрасы ў нежылы фонд у партыі няма магчымасцяў, у першую чаргу, фінансавых. Адзіны офіс “Зялёных” належыць самому Грамыку і месціцца ў Гомелі. Згодна таго ж заканадаўства, палітычная партыя абавязаная мець арганізацыі ў бальшыні абласцей і горадзе Мінску. Аналагічныя праблемы і ў Беларускай экалагічнай партыі “Зялёныя”.

Нягледзячы на тое, што Беларусь апынулася заражанай радыяцыяй у выніку Чарнобыльскай катастрофы, зялёныя практычна не граюць ніякай ролі ні ў палітыцы, ні ў грамадскім жыцці. Алег Грамыка:

“Мы шматкроць звярталіся да ўладаў і прэсы з просьбай правесці навучальныя семінары ды іншыя экалагшічныя мерапрыемствы. Аднак нам прапануюць альбо ўхваляць улады, альбо кажуць, каб мы не лезлі не ў свае справы. Таму ёсць пэўная абыякавасць.Улады гэта скарыстоўваюць, яскравы прыклад таму – засяленне забруджаных радыяцыяй тэрыторыяў”.

Эколаг Валеры Дранчук прытрымліваецца меркавання, што канстытуцыйнае права на здаровы лад жыцця і нармальнае навакольнае асяроддзе ў Беларусі застаецца дэкларацыяй:

“Калі я прыехаў у нацыянальны запаведнік “Белавежская пушча”, каб праверыць стан лясоў, мяне адтуль фактычна дэпартавалі. Ні ўлада, ні, нажаль, апазіцыя не разглядаюць экалагічную тэму як сур’ёзны рэсурс. Гэта вялікая стратэгічная памылка”.

Паводле словаў Валерыя Дранчука, калі зліквідуюць партыі зялёных, толькі тады мы даведаемся ад СМІ, што яны існавалі. Палітыкі мусяць зрабіць так, каб грамадства ўсур’ёз зацікавілася экалагічнай тэмай, і ўзяло яе, як належыць, пад свой кантроль, робіць выснову Валеры Дранчук.