1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Дзве гадзіны экскурсіі наадварот

Марына Мазуркевіч25 января 2008 г.

Дом маршалка шляхты мінскага павету Эдварда Ваньковіча па вуліцы Інтэрнацыянальнай у Мінску – адзінае месца ў Беларусі, дзе сёння цалкам рэальна стаць жыхаром сядзібы пачатку XIX стагоддзя. Хаця б на дзве гадзіны.

https://p.dw.com/p/CxnM
Дом Эдварда Ваньковіча ў МінскуФото: Marina Mazurkevitch

На Беларусі – гэта адзіны асяродак, які напоўнены тагачасным. Гэта вельмі важна, калі ты адчыняеш шуфлядку і чуеш той пах, той водар, распавядае навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Красуцкая. “Тое, што тычыцца сядзібнай культуры, нажаль, не вельмі добра захавалася, як на тэрыторыі Расіі, так і ў Беларусі”.

Уся мэбля прадстаўленая у гэтым музеі не ў копіях, не ў муляжах. Яна сапраўдная. Такая стаяла дзвесці гадоў таму ў гэтых пакоях, а таксама ў доме, што месціцца праз некалькі дзесяткаў крокаў, дзе жылі бацькі вядомага цяпер кампазітара Станіслава Манюшкі.

Як стаць шляхцянкай

Ля ўваходу кожны з нас атрымлівае бэйдж. У доме-музеі Ваньковіча ён становіцца машынай часу. Цяпер мяне завуць Паўліна. У другіх экскурсантаў не менш экзатычныя імёны: Тадэвуш, Уршуля ды Каміла. Замест гістарычных касцюмаў мы “апрануліся” у людзей невядомага нам часу праз іх імёны. На такі авангардны крок у мінулае наведвальнікі рэагуюць па-рознаму, сведчыць Надзея Красуцкая.

“У некаторых выклікае задуменне. Можа быць смех, які не ўтаймаваць хвілін сем, але потым пранікаюцца і заўсёды падпішуць: Караль, Агата, Анэля...”

Што й казаць, дзейсны прыём. І пяці хвілін не прайшло як я стала Паўлінай, а ўжо і постаць іншая, і манеры шляхетныя.

Нашто клавесіну чорныя клавішы

У наступнай залі – нічога, акрамя крэслаў і гадзінніка з бронзы з пазалотай. Нам даюць аркушы і алоўкі – малюйце! Потым – гульня ў асацыяцыі. Няўцямна для сябе мы спасцігаем прыкметы стылю ампір, які мастацтва ўзяло на “ўзбраенне” у часы напалеонаўскай дзяржавы. Адначасова здагадваемся, адкуль у XIX стагоддзі беларусы бралі апельсіны, а таксама кім даводзілася кампазітару Манюшку Альжбэта Маджарская – праўнучка заснавальніка персіярні, дзе ткалі сусветна вядомыя слуцкія паясы. Не разгаданай застаецца толькі адна таямніца: чаму ў клавесіна ніжні рад клавіш чорны, а верхні – белы.

“Падобна таму, як мушкі на напудраным твары, чорныя клавішы павінны былі падкрэсліць бялізну рук клавесіністкі”, - падказвае Надзея. І задае новую загадку: хто быў гаспадаром наступнага пакою і што ён тут рабіў?

Хто чытаў Русо?

“Гэта было адзінае месца ва ўсім сядзібным доме, дзе дазвалялася паліць. У сталіцы тагачаснай Санкт-Пецярбурзе быў адзін пакой на ўвесь горад, дзе дазвалялася паліць. А на вуліцы катэгарчына забаранялася”.

Вось пра што ніколі б не падумала: паленне ў XIX стагоддзі было выключнай прэрэгатывай… кабінета. Тут паліў маршалак шляхты мінскага павету Эдвард Ваньковіч. А яшчэ чытаў Руссо – тую самую кнігу, якая так і засталася ў кабінеце. Як мы здагадаліся? Ну, гэта зусім лёгка: па разрэзаных старонках ды нататках на палях.

“Экскурсіяй наадварот” назвала гэтыя дзве гадзіны паненка Уршуля, вандруючы па доме Ваньковіча разам са мной: “Яна была незвычайнай. Здаецца, што ўсе гэта ты прыгадваеш”.

Адштурхнуўшыся ад адной рэчы мы спакваля “пражылі” цэлую эпоху. Але хто яны: і Паўліна, і Уршуля, і Тадэвуш?

“Усе гэтыя імёны, якія былі тут у гэтым доме, альбо былі нашчадкамі Ваньковічаў. І гэтыя сцены чулі гэтыя імёны”.

Выйшаўшы з дому, мы крочым не па тратуары, а па сцяжынцы. Самаму блізкаму да яе вязу 146 гадоў. Ён дакладна бачыў Ваньковіча.