1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Дзед Мароз размаўляе па-беларуску

30 декабря 2008 г.

Маленькія жыхары Гомеля маюць магчымасць атрымаць віншаванне ад беларускага Дзеда Мароза. У гэтым годзе ён з'явіўся ўпершыню і прыходзіць у госці ў беларускамоўныя сем’і, каб павіншаваць дзетак падарункамі ды гульнямі.

https://p.dw.com/p/GPZ5
Фота з архівуФото: AP

У Гомелі ўпершыню з’явіўся беларускі Дзед Мароз. Ён прыходзіць у госці ў беларускамоўныя сем’і і віншуе дзетак падарункамі і гульнямі.

Вершык для казачнага дзядулі

Трохгадовая Маруся Аляхновіч адмыслова для беларускамоўнага казачнага дзядулі вывучыла вершык на беларускай мове. Сям’я Аляхновічаў за адзін дзень ужо трэцяя па ліку, якую наведаў беларускі Дзед Мароз.

Разам з ім вандруюць Лясун і Балотны Чорт. Яны ладзяць для дзяцей гульні, скокі, спевы. Бацькоў жа асабліва цешыць тое, што іх дзеткі маюць магчымасць пачуць родную мову ад самаго Дзеда Мароза.

Як прызнаецца маладая маці Юлія, яна вітае гэтую ініцыятыву. "У Гомелі такога даўно не было, каб па-беларуску віншавалі з Новым Годам. І падыйшлі крэатыўна - запрасілі Лесавіка і Чорта. Гэта было вельмі добра, яны стварылі святочны настрой", - кажа Юлія.

Віншаванні на матчынай мове

Ідэя віншаваць дзяцей па-беларуску з’явілася ў актывістаў мясцовых няўрадавых арганізацый. Яны размясцілі на адным з гомельскіх сайтаў аб’яву, у якой прапанавалі ўсім ахвотным паслугі беларускамоўнага Дзеда Мароза.

Кастусь Жукоўскі, прадстаўнік аргкамітэта Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і па сумяшчальніцтву выканаўца ролі Лесуна, распавядае, што арганізатары не чакалі столькі замоваў. "Мы проста адбіваліся ад прапановаў. Зараз жа гадзіна пік. Мы паспелі за сёння наведаць тры сям’і і вымушаны былі адмовіць яшчэ тром", - кажа актывіст. Андрэй Кузьмін, які выконвае ролю Чорта, свой удзел у праекце тлумачыць тым, што "любіць выступаць перад публікай і вельмі любіць дзяцей".

Артысты за свае выступленні грошай не бяруць. Хаця Андрэй Кузьмін смяецца і ўдакладняе: "Ну не зусім бясплатна працуем – нам даюць шампанскае, гарэлку. Вось сёння далі шампанскага тры літры. Вось за гэта мы і працуем".

А вось хто хаваўся за барадой і вусамі Дзеда Мароза, так і не здолелі даведацца ні дзеткі, ні іхнія бацькі. Магчыма, гэта і быў самы сапраўдны беларускі Дзед Мароз. Адмыслова для Deutsche Welle ён перадаў свае віншаванні з Беларусі: "Хачу пажадаць слухачам "Нямецкай хвалі", каб іх не закрануў ніякі крызіс – ні ўзроставы, ні фінансавы. Жадаю вам больш любові да бліжняга. Усяго вам найлепшага ў новым годзе".

Іван Кузняцоў