1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Дэмакратычныя актывісты пакідаюць акрэсцінскую турму

Генадзь Канстанцінаў31 января 2008 г.

У чацвер са спецпрыёмніка-размеркавальніка на мінскай вуліцы Акрэсціна выйшла чарговая група асуджаных за ўдзел у вулічнай акцыі актывістаў моладзевых арганізацыяў і прадпрымальніцкага руху.

https://p.dw.com/p/D0dG
Фото: AP

Сярод тых, хто пакінуў акрэсцінскія муры ў гэты дзень, былі актывісты арганізацыі “Моладзь БНФ” Франак Вячорка і Юрась Станкевіч, маладафронтаўкі Кася Галіцкая і Людвіся Атакулава, прадстаўнікі дэмакратычных рухаў Андрэй Кім, Карэн Акопаў ды іншыя.

Паўсотні актывістаў трапілі за краты

Пасля студзеньскіх вулічных акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў за кратамі апынуліся больш за паўсотні чалавек, прычым некаторых затрымалі не ў часе самога мітынгу і шэсця альбо пасля іх, але нават у будынку суда Цэнтральнага раёну Мінску проста за тое, што яны прыйшлі падтрымаць сваіх сяброў. А моладзевага актывіста Алега Корбана схапілі ля брамы ізалятара на Акрэсціна, калі той 19-га студзеня спрабаваў перадаць пасылку сядзельцам, і адвезлі ў суд, дзе маладзёна прыгаварылі да 10 сутак адміністратыўнага арышту за дробнае хуліганства – з сумна вядомым абвінавачаннем за лаянку матам у грамадскім месцы. Нешта падобнае здарылася і з дзевятнаццацігадовым актывістам Моладзі БНФ Юрасём Станкевічам:

“16 студзеня, на мой Дзень народзінаў, мяне затрымалі ў судзе Цэнтральнага раёна разам з Франакам Вячоркам і Антонам Каліноўскім, калі адбываўся суд над Юліяй Сіўцовай. Мы прыбылі туды ў 14.20 і недзе ў 15.30 нас вельмі брутальна затрымалі”.

Вынік – Вячорка і Станкевіч атрымалі па 15 сутак, а Антон Каліноўскі – 10 сутак арышту, натуральна, “за брудную лаянку ў грамадскім месцы”.

Сумаваць юнакам не даводзілася, бо сядзелі яны з такімі ж актывістамі, як і яныі. Толькі, паводле Юрася Станкевіча, вельмі хацелася нармальнай ежы. Маладзён упершыню трапіў за акрэсцінскія краты, але не збіраецца адмаўляцца ад сваёй актыўнай дзейнасці ў моладзевым крыле БНФ:

“Я не буду палохацца, я такі чалавек, што мяне складана зламаць”.

Рэкорднае пакаранне і адлічэнне з ВНУ

Актывістка моладзевай кампаніі “Джынс за свабоду”, студэнтка Беларускага дзяржаўнага універсітэта фізічнай культуры Таццяна Цішкевіч адседзела на Акрэсціна больш за ўсіх – суддзя Самусенка даў ёй 20 сутак адміністратыўнага арышту. Актывістку затрымалі яшчэ падчас першай акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня. Пры затрыманні дзяўчыну некалькі разоў моцна збілі ў аўтазаку, а потым яшчэ і ў пастарунку. На Акрэсціна, дзе вязні знаходзяцца ў халадэчы, стан яе здароўя пагоршыўся, але належнай медычнай дапамогі юная арыштантка не атрымала:

“Я вельмі моцна захварэла, на трэці дзень вельмі асіпла горла, моцна ўзнялася тэмпература, моцна балела ў грудзях, дакладна быў бранхіт, можа нават запаленне легкіх, было балюча кашляць, нават рабрыны і грудная клетка балелі ад гэтага. Але медсястра казала, што ў нас, маўляў, хворых няма, у нас ёсць здаровыя і тыя, хто зусім ужо не можа хадзіць і каму патрэбная тэрміновая медычная дапамога, і кожны раз зноў адпраўляла мяне ў камеру”.

Пакінуўшы акрэсцінскую турму, Таццяна Цішкевіч даведалася, што ўжо больш не з’яўляецца студэнткаю ВНУ.

“Пакуль я сядзела, у мяне была сесія, яна пачалася акурат за два дні да таго, як мяне затрымалі. Я яе фізічна здаць не магла, а таксама я мусіла да 28-га студзеня заплаціць за навучанне. А з таго, што я сядзела да 30-га, я не змагла ні сесію здаць, ні заплаціць. І ўсё, я цяпер ужо не вучуся”.

“Павага” да палітычных

Паводле словаў аднаго з лідэраў руху “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” Алеся Таўстыкі, які ўжо адбываў тэрміны на Акрэсціна за сваю актыўную дзейнасць, а гэтым разам правёў у ізалятары 15 сутак, служкі ў гэтай турме ўсё яшчэ не зусім па-людзку ставяцца да вязняў, затрыманых у часе акцыяў апазіцыі:

“У іх ужо можа генетычна закладзена, пакуль іх вучаць, што тут бандыты, ворагі, забойцы, злачынцы, усё астатняе, усё брыдота, і з вязнямі трэба абыходзіцца як з брыдотай. Паняцці “асоба” і “чалавек” не прысутнічаюць у іх думках. Але ў апошнія часы я заўважаю, што да “палітычных” яны пачынаюць ужо звяртацца як да людзей”.

Алесь Таўстыка ў часе адбывання апошняга арышту трымаў галадоўку:

“Па-першае, ад той ежы на другі дзень у мяне пачалася пякотка, а лекаў, якія могуць збіць гэты стан, тут няма. І па-другое, сядзяць маладыя дзяўчаты, якім ні за што далі па 15-20 сутак, яны трымаюць галадоўку, сядзяць маладыя людзі, і гэта была і акцыя ў іхную падтрымку. Калі мы разам, то мы павінныя і трываць гэтыя ўмовы разам.

Моладзь не зламаць

Сярод тых, хто сустракаў актывістаў ля брамы акрэсцінскае турмы, быў лідэр Маладога фронту Зміцер Дашкевіч, які сам толькі днямі выйшаў на волю з калоніі, дзе правёў амаль паўтары гады за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Паводле маладзёна, рэпрэсіі ўладаў у дачыненні да юнакоў і дзяўчат толькі мабілізуюць новае пакаленне на дзеянні з мэтай дабіцца пераменаў у беларускім грамдстве:

“Лукашэнка са сваім атачэннем вельмі добра разумеюць, што калі не пыркласці ўсе намаганні для нейтралізацыі непакорнае моладзі, то заўтра на гэтым месцы паўстане ў дзесяць разоў больш актывістаў дэмакратычнага руху. Хаця я перакананы, што гэтыя метады не даюць свайго плёну і даць не могуць, таму што ўлада сведчыць грамадзянам Беларусі, міжнароднай супольнасці, гісторыі нашай аб сваёй беззаконнасці і гэткім чынам набліжае свой канец”.

Актывісты сустракалі акрэсцінскіх вязняў да самага вечара. У спецпрыёмніку-размеркавальніку яшчэ застаюцца прадпрымальнікі Артур Піцько, Сяргей Шаўцоў, Віктар Кукрыш, Уладзімір Няпомняшчы, а таксама актывіст руху “Джынс за свабоду” Павал Кур’яновіч і лідэр сталічных маладафронтаўцаў Зміцер Федарук, які ў пятніцу мусіць выйсці на волю.