1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Дэмакраты не вызначыліся з пытаннем будаўніцтва АЭС

Генадзь Канстанцінаў 20 мая 2008 г.

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы пакуль не маюць кансалідаванай пазіцыі ў пытанні будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Але ўсе структуры АДС упэўнены, што пры цяперашняй уладзе будаваць АЭС нельга.

https://p.dw.com/p/E34Z
Фото: picture-alliance/dpa

Як адзначае сустаршыня Палітрады АДС, першы намеснік кіраўніка Партыі БНФ Вінцук Вячорка, на ўзроўні Аб’яднаных дэмакратычных сілаў пазіцыя не выпрацоўвалася.

"Толькі пры ўмовах празрыстасці й адкрытасці"

"Але я думаю, што тэза кантролю тут павінная быць ключавая. Калі гаварыць пра партыйныя пазіцыі, то на апошнім Сойме Партыі БНФ гэтае пытанне абмяркоўвалася. У нас ёсць пазіцыя: не дапусціць будаўніцтва расійскай атамнай станцыі ў Беларусі", - падкрэсліў сустаршыня Палітрады АДС.

Па іншых пытаннях, адзначае Вінцук Вячорка, неабходна працягваць грамадскую дыскусію. "У першую чаргу, трэба запатрабаваць ад уладаў максімуму інфармацыі пра эканамічнае абгрунтаванне, механізм і аргументы дзеля выбару замежнага партнёра і гэтак далей. Толькі пры ўмовах такой празрыстасці, адкрытасці не толькі на беларускае грамадства, але і на свет можна прымаць крайне важныя для нашай энергетычнай бяспекі стратэгічныя рашэнні”.

Адзіны падыход да адказнасці

Паводле словаў яшчэ аднаго сустаршыні Палітрады АДС, лідэра Аб’яднанай грамадзянсккй партыі Анатоля Лябедзькі, маецца, аднак, адзін пункт, па якім пазіцыі ўсіх арганізацыяў, якія ўваходзяць у АДС, супадаюць. "Абсалютна ўсе структуры АДС падкрэслілі, што пры гэтым палітычным рэжыме, які не адрозніваецца ад рэжыма, які дапусціў чарнобыльскую катастрофу ў савецкія часы, будаваць АЭС нельга".

"Гэта адзіная пазіцыя, якую заявілі ўсе суб’екты, што на гэтае пытанне трэба, як мінімум, увесці мараторый да таго часу, пакуль не будзе адказная ўлада, якая будзе адказна абыходзіцца і з інфармацыяй і якая будзе прымаць рашэнне па такіх пытаннях толькі пасля дыскусіі ў грамадстве з вялікай колькасцю людзей. Вось гэта тое, што можна сёння зафіксаваць як адзіны падыход. Няма ніводнай палітычнай структуры, якая сказала “так” вось гэтаму рэжыму на чале з Лукашэнкам будаваць атамную станцыю”.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще