1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

«Журналіст у Беларусі і журналіст у Еўропе – гэта зусім розныя рэчы»

Юнэля Крупенька

Хто тыя людзі, якія бліжэйшыя пару дзесяцігоддзяў будуць уплываць на грамадскую думку ў краіне? Што думаюць маладыя журналісты аб сваёй ролі на шляху Беларусі да дэмакратыі?

https://p.dw.com/p/92jq

Алег Баршчэўскі, журналіст незалежнай газеты «Віцебскі кур’ер», распавядае, што ў прафесію яго прывяла актыўная грамадзянская пазіцыя. Філолаг па адукацыі, Алег некаторы час займаўся бізнесам і паралельна дапамагаў у выданні грамадскіх бюлетэняў. У газету «Віцебскі кур’ер» Алег Баршчэўскі прыйшоў у складаныя часіны: адзіную ў Віцебскай вобласці незалежную грамадска-палітычную газету забаранілі распаўсюджваць па падпісцы і праз шапікі «Белсаюздруку». Больш за тое, цяпер «Віцебскі кур’ер» знаходзіцца ў стане судовага працэсу – адзін з мясцовых прадпрымальнікаў патрабуе блізу 11 тысячаў еўра за нібыта ілжывую публікацыю ў ягоны адрас. Фашыстоўская арганізацыя пагражае галоўнаму рэдактару Уладзіміру Базану расправай за дэмакратычную пазіцыю выдання. Зараз незалежная газетa не выходзіць увогуле, паколькі рэдакцыя мае вялікую запазычанасць перад тыпаграфіяй. Гаворыць Алег Баршчэўскі:

«У самой газеты стан блізкі да смерці. Але складана сказаць, з якога боку – яна ўсё яшчэ падае ці ўжо ўздымаецца. Колькасць падпісчыкаў ужо расце, але наклад пакуль прынцыпова малы для таго, каб газета магла акупляцца. Праз гэта сыходзяць журналісты».

Алег Баршчэўскі бачыць будучыню беларускай журналістыкі толькі ў звязку са зменай палітычнага рэжыму ў краіне. Журналіст лічыць, што толькі ўваходжанне Беларусі ў Еўразвяз дапаможа яму і ягоным калегам рэалізаваць свой патэнцыял, у тым ліку стаць высокааплатнымі адмыслоўцамі.

Я думаю, што Беларусь прачнецца калі-небудзь і здолее сэнсоўна паглядзець не ў бок Еўропы, а ў бок нармальнага жыцця – проста гэтыя накірункі цяпер супадаюць.

Глеб Лабадзенка вучыцца на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта і працуе ў газеце “Комсомольская правда в Белоруссии”. Выпускнік Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю свой шлях у журналістыку вызначае з уласцівай ягонаму ўзросту самаіроніяй:

«Лёс склаўся так, каб быць толькі журналістам. Нічога я больш рабіць не ўмею, цэглу класці не ўмею, зямлю капаць з цяжкасцю ўмею, цвіка магу з цяжкасцю забіць. Карацей, выбару больш няма – трэба толькі артыкулы пісаць».

Цяпер “Комсомольская правда” вымушана сплаціць больш за 20 тысячаў еўра кіраўніку беларускага мытнага камітэта за памылкова надрукаваны фотаздымак. Глеб Лабадзенка распавядае, што ягоныя замежныя калегі называюць такія ўмовы для працы журналістаў экстрэмальнымі. У Беларусі ж журналісты ўвесь час мусяць здзяйсняць подзвіг:

«Журналіст у Беларусі і журналіст у Еўропе – гэта зусім розныя рэчы. Таму што, калі я сустракаюся са сваімі замежнымі калегамі і мы дзелімся досведам, яны глядзяць на мяне такімі вачыма, нібыта я ім расказваю нейкае дзіва дзіўнае. Хаця нічога надзвычайнага.. яны глядзяць – божа мой, у нас бы быў ужо міжнародны скандал. А у нас нармальна…»

Глеб Лабадзенка перакананы ў перспектывах беларускай журналістыкі. Больш за тое, малады журналіст лічыць, што менавіта ягоныя калегі адыгрываюць ключавую ролю на шляху Беларусі да дэмакратыі. Глеб Лабадзенка:

«Я думаю, што ў нашай сённяшняй сітуацыі нават большую ролю, чым палітыкі. Што я сёння назіраю ў прамовах і паводзінах многіх палітыкаў, тое, што гэта вада, гэта пустыя словы проста – мы не дамо, мы не прадамо, мы не дапусцім! Ды колькі вы ўжо гадоў не дапускаеце! А журналісты, дзякуй Богу, па асаблівасцях сваёй прафесіі, па сваім унутраным чалавечым складзе вельмі часта такія здаровыя цынікі, якія вельмі цвяроза падыходзяць да гэтага жыцця. І маленькая справа, якую, здаецца, робяць журналісты сваёй штодзённай працай, сваім беларускім даробкам, яна нашмат большая і эфэктыўнейшая за гэтыя пустыя прамовы».