1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Змяненні ў Правілах прыёму ў ВНУ Беларусі

Марына Мазуркевіч

Распрацоўшчыкі заявілі, што правілы, нарэшце, будуць дзейнічаць ніяк не менш за пяцігодку. Але абітурыентаў, іх бацькоў і школьных настаўнікаў гэтае паведамленне не ўзрадавала.

https://p.dw.com/p/7cMz
Фото: dpa

Да 1 студзеня 2006 года указам прэзідэнта павінны быць зацверджаныя Правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя вучэбныя ўстановы Беларусі.

Меркавалася, што указ проста зацвердзіць адобраную кіраўніком дзяржавы яшчэ ў жніўні сістэму паступлення з тэстамі і сертыфікатамі, якая склалася за апошнія гады. Але пасля нарады Аляксандра Лукашэнкі з рэктарамі, якая адбылася напрыканцы лістапада, праект новых правіл прыему ў ВНУ змяніўся да непазнавальнасці. Ён як мінімум у два разы памяншае шанцы выпускнікоў школ патрапіць на бюджэтную форму навучання.

Цяпер абітурыенты не змогуць прайсці папярэдняе платнае тэсціраванне. Улічвацца будзе толькі сертыфікат, які быў атрыманы падчас тэсціравання ў ВНУ.

Іспыты практычна ва ўсе ВНУ пройдуць у адзін паток і даволі сціслыя тэрміны: з 30 ліпеня па 3 жніўня. «Гэта дазволіць ВНУ скараціць час правядзення прыёмнай кампаніі і грунтоўна падрыхтавацца да пачатку навучальнага года», - заявіў міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. «Але абітурыент, які не прайшоў па конкурсе, ужо не зможа паступаць у іншую ВНУ. Ён будзе вымушаны ісці на платную форму навучання», - лічыць маці выпускніка мінскай школы Аксана Пуцейка.

Для паступлення ўжо недастаткова вытрымаць два тэсты і адзін іспыт. "У якасці чацьвёртай адзнакі будзе ўлічвацца сярэдні бал школьнага атэстата", — паведаміў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук. Ён падкрэсліў, што гэты зварот да савецкай нормы ацэнкі ведаў абітурыента не супярэчыць прынцыпу забеспячэння роўных магчымасцей падчас паступлення.

Па меркаванні ж былога прарэктара Белдзяржуніверсітэта, старшыні праўлення Фонда «За новую Беларусь!» Анатоля Паўлава, улік сярэдняга бала атэстата паспрыяе карупцыі ў школе. «Бацькам давядзецца наймаць рэпетытараў, выпрошваць у настаўнікаў лепшыя адзнакі. Ды й сярэднюю «васьмёрку» выпускніка ліцэя пры БДУ, дзе патрабаванні больш жорсткія, нельга прыраўноўваць да такой жа адзнакі, якую паставілі ў агульнаадукацыйнай школе», - сказаў Анатоль Паўлаў карэспандэнту «Нямецкай хвалі».

Канстытуцыя Беларусі ўсё яшчэ гарантуе права на бясплатнае навучанне, але за ўсімі прапанаванымі новаўвядзеннямі для абітурыентаў праглядваецца курс на камерцыялізацыю дзяржаўных ВНУ. Па дадзеных Мінадукацыі, ў мінулую ўступную кампанію на бюджэтныя месцы дзённай формы навучання ў беларускія ВНУ залічана 24 тысячы чалавек. А на платнай аснове вучыцца толькі на чвэрць менш – 18, 5 тысяч першакурснікаў.