1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Зняццё Казуліна – на руку ўладам?

Генадзь Канстанцінаў

У Беларусі актыўна абмяркоўваецца адхіленне Аляксандра Казуліна ад пасады кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) на нядзельным пазачарговым з’ездзе арганізацыі.

https://p.dw.com/p/EqDt
экс-кандыдат на прэзідэнта Аляксандр КазулінФото: AP

Былыя беларускія палітзняволеныя прынялі ў панядзелак заяву з нагоды змяшчэння з пасады кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) экс-кандыдата на прэзідэнта Аляксандра Казуліна. Нагадаю, што самы вядомы палітвязень Беларусі цяпер адбывае пакаранне ў выглядзе пяці з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў віцебскай калоніі. Сярод падпісантаў - такія вядомыя ў Беларусі і па-за яе межамі палітычныя і грамадскія дзеячы, як Міхаіл Марыніч, Павал Севярынец, Мікалай Аўтуховіч, Мікалай Статкевіч, Зміцер Дашкевіч, Юры Лявонаў, Цімафей Дранчук ды іншыя.

“Я лічу тыя рашэнні, якія былі прынятыя на з’ездзе, які насіў тэхнічны характар, а нават і калі б ён не насіў тэхнічны характар, абсалютна амаральнымі і абсалютна непрымальнымі для ўсялякага нармальнага чалавека, - адзначае адзін з падпісантаў, нядаўні палітвязень, намеснік старшыні “Маладога Фронту” Артур Фінькевіч. - Пакуль лідэр партыі знаходзіцца ў турме, у няволі, спрабаваць заняць ягонае месца і спрабаваць нейтралізаваць тых людзей, якія падтрымліваюць кіраўніка партыі, гэта амаральна. Як бы мы ні ставіліся да Казуліна як да былога кандыдата ў прэзідэнты, бо ён усё ж быў прарасійскім кандыдатам, але тут гутарка ідзе ў першую чаргу пра непрымальнасць такіх рашэнняў, паколькі яны парушаюць мараль і ёсць няправільныя, то бок, яны зусім недапушчальныя”.

Маладафронтавец не бачыць на сённяшні дзень магчымасці супрацоўнічаць з новымі лідэрамі Грамады: “Я б не хацеў мець ніякіх стасункаў і заклікаў бы ўсіх не мець ніякіх стасункаў з цяперашнім кіраўніцтвам БСДП (Г) і не прызнаваць яго. Гэта і пазіцыя “Маладога Фронту”, і пазіцыя адзінаццаці былых палітзняволеных, якія падпісаліся пад гэтым зваротам”.

Вялікія задачы

Анатоль Ляўковіч, новаабраны старшыня БСДП(Г), распавёў DW-RADIO пра матывы змены кіраўніка партыі: “З таго моманту, як у 2005 годзе я змяніў на пасадзе старшыню Статкевіча, я фактычна займаўся партыяй. Аляксандар Уладзіслававіч быў кандыдатам у прэзідэнты, і вы ведаеце, што адразу пасля гэтае кампаніі яго арыштавалі, і ён у прынцыпе не змог займацца партыяй. Лінія партыі адна: пасля кампаніі, і гэта добра назіралася, нам трэба было стабілізаваць партыю, што мы і зрабілі на сённяшні дзень”.

Як заявіў Анатоль Ляўковіч, “сёння задача – дынамічна развіваць партыю. Перад намі стаяць вялікія задачы – зараз правесці палітычную кампанію “выбары”, і з гэтага часу пачынаецца прэзідэнцкая кампанія. І мы, як партыя, хацелі б удзельнічаць у гэтай кампаніі як актыўны суб’ект, які мог бы прапаноўваць свае ідэі, удзельнічаць у абмеркаванні кандыдатур на вышэйшую пасаду ў краіне”.

Змены на руку ўладам?

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі нагадаў, што канфлікт у БСДП(Г) наспяваў даўно і што яшчэ паўгода таму Аляксандр Казулін прапаноўваў пераабраць намеснікаў старшыні партыі.

“Аб’ектыўна ўсё гэта на руку ўладзе, незалежна ад таго, як трактуюць сітуацыю тыя ці іншыя апазіцыйныя дзеячы. Таму што гэта падстава, каб лішні раз сказаць: вось, якія яны на самой справе, гэтыя змагары за дэмакратыю. Бачыце, яны грызуцца паміж сабою, як павукі ў слоіку, - адзначае Аляксандр Класкоўскі. – Калі абстрагавацца ад персаналіяў, таму што тут ня варта зводзіць усё да нечых амбіцый ды да банальнай барацьбы за ўладу, то рэч у тым, што бяда беларускай апазіцыі ў тым, што яна выбітая з сістэмнай палітыкі. Яна знаходзіцца ў маргінальным стане, і ў той сітуацыі, калі яна не можа ўплываць на рэальныя працэсы ў краіне, уся энергія пачынае ісці на ўнутрывідавую барацьбу”.