1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

З радыёзваротаў Мілінкевіча і Казуліна былі выразаныя найбольш вострыя моманты

Віталь Аляхновіч

Найбольш ад скарачэнняў пацярпеў запіс Аляксандра Казуліна – да беларускага радыёслухача не дайшло агулам каля сямі хвілін. З выступу адзінага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча былі выдалены чатыры абзацы

https://p.dw.com/p/84vN
Фото: BilderBox

Сёння раніцай кандыдаты ў прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін мелі апошнюю магчымасць звярнуцца да выбаршчыкаў праз дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. На жаль, з 30-хвілінных радыёзваротаў абодвух дэмакратычных кандыдатаў былі выразаныя найбольш вострыя моманты.

Найбольш ад скарачэнняў пацярпеў запіс Аляксандра Казуліна – да беларускага радыёслухача не дайшло агулам каля сямі хвілін. Як паведаміла «Нямецкай хвалі» прэс-сакратарка выбарчага штабу экс-рэктара БДУ Ніна Шыдлоўская, з радыёэфіру былі выдалены тыя ж выказванні Казуліна, якія не трапілі і ў тэлезварот ад 2 сакавіка. Гэта цытаты з кнігі Алега Алкаева «Расстрэльная каманда» пра камандзіра СОБРа Дзмітрыя Паўлічэнку, факты з біяграфіі Аляксандра Лукашэнкі і ягоных сыноў, а таксама каментары да падзей 2 сакавіка, калі Казулін быў збіты і затрыманы. Цэнзары не прапусцілі таксама цытаванне Казуліным выказванне Лукашэнкі аб Адольфе Гітлеры ў інтэрв’ю нямецкай газеце "Хандельсблат" у 1995 годзе. Нагадаем, што тады дзеючы прэзідэнт адзначыў, што нямецкі парадак у перыяд жорсткай улады Адольфа Гітлера адпавядае разуменню Лукашэнкі прэзідэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзідэнта. У арыгінале Казулін гэта пракаментаваў так:

Гэта было сказана 10 год таму. Сёння мы ўжо маем ягонае, Лукашэнкава, разуменне на практыцы. Ува што ён ператварыў нашую краіну?! … Фашызм не пройдзе!

Неразуменне ў штабе Казуліна выклікала і тое, што ў радыёэфір не прапусцілі агучванне шэраговага факту з біяграфіі Лукашэнкі, калі ён працаваў у калоніі турэмным наглядчыкам. Вось як гучыць выразаная цытата:

Не дарма кажуць: хто на што вучыўся і да чаго душа ляжыць… Лукашэнка працаваў два гады ў калоніі турэмным наглядчыкам, хаця хавае гэты факт біяграфіі. Ці не адтуль у яго такія ўчынкі? З краіны фактычна «зону» зрабіў. Ва ўсіх сэнсах гэтага слова”.

Ніна Шыдлоўская падкрэсліла: улада баіцца, што грамадскасць даведаецца пра непрывабныя асабістыя бакі кіруючых асобаў. Бо асабістая біяграфія Лукашэнкі і ягоных хаўруснікаў практычна не агучваецца для шырокай публікі. Факт пра працу ў калоніі быў у свой час зняты з афіцыйнага сайту прэзідэнта Лукашэнкі. Пытанне, чаму ўлада спрабуе схаваць некаторыя моманты са свайго жыцця, трэба задаваць, на думку прэс-сакратаркі Казуліна, самому Лукашэнку.

З выступу адзінага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча былі выдалены чатыры абзацы, якія тычыліся заявы Лукашэнкі на Усебеларускім народным сходзе пра тое, што маўляў Францыск Скарына жыў у Піцеры. Вось гэтая цытата, якая падпала пад цэнзуру:

На гэтым сходзе Лукашэнка зноў пратаптаўся па Скарыне... Ён не ведае, што Скарына жыў на 200 гадоў раней, чым Пецярбург быў заснаваны. Ён не ведае, што Васіль Быкаў не пісаў вершы. І такі чалавек будзе намі кіраваць?

Прэс-сакратар штабу адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл Павал Мажэйка распавёў «Нямецкай хвалі», што пры дапамозе цэнзуры выступаў Мілінкевіча ўлада спрабуе схаваць сваю неадукаванасць і слабасць. У прыватнасці, Павал Мажэйка адзначыў, што дзяржаўным прапагандыстам, напэўна, сорамна за свайго прэзідэнта, гісторыка па адукацыі, аднак пазбаўленага гістарычнай памяці. На самой справе, атрымоўваецца так, што прэзідэнт не ведае таго, што ведае кожны беларускі вучань.

Выбарчыя штабы абодвух кандыдатаў у прэзідэнты ўжо падрыхтавалі заявы пратэсту ў дзяржаўную тэлерадыёкампанію і ў цэнтрвыбаркам. Далейшая тактыка дэмакратаў будзе залежыць ад характару адказаў з боку гэтых структураў.