1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

З чым звязаныя папярэджанні дэмакратычным партыям?

Генадзь Канстанцінаў26 августа 2007 г.

Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджанні адразу тром дэмакратычным партыям. Паводле новага заканадаўства, цяпер дастаткова і аднаго папярэджання, каб праз суд зліквідаваць любую палітычную ці грамадскую арганізацыю.

https://p.dw.com/p/BY5v
Фото: Paulik Bykowsky

Пры канцы працоўнага тыдня Міністэрства юстыцыі Беларусі вынесла афіцыйныя папярэджанні адразу тром дэмакратычным партыям – Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, якую ачольвае экс-кандыдат на прэзідэнта Аляксандр Казулін (ён цяпер знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі), а таксама Партыі БНФ і Беларускай партыі “Зялёныя”.

Адной з асноўных падставаў для гэтага Міністэрства юстыцыі лічыць недастатковую колькасць іх афіцыйна зарэгістраваных рэгіянальных арганізацыяў. Ячшчэ некалькі гадоў таму, да прыкладу, Партыя БНФ мела такія структуры прынамсі ва ўсіх абласных цэнтрах, аднак хутка была ўведзеная забарона выкарыстоўваць для рэгістрацыі юрыдычнага адрасу жылога фонду, таму многія партыйныя структуры былі зліквідаваныя, а новыя – не зарэгістраваныя. Пра гэта кажа намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

«Асноўная праблема – гэта адсутнасць юрыдычных адрасоў, якія дзяржаўныя органы не прадастаўляюць, а прыватныя спачатку пагаджаюцца, а пазней – праз дзень-два – па зразумелых прычынах адмаўляюцца”.

Такім чынам, улада вымагае ад партыяў юрыдычны адрас у нежылым фондзе, а сама у такіх магчымасцях адмаўляе. Атрымліваецца замкнёнае кола. На думку юрыста Уладзіміра Лабковіча, цяперашняе заканадаўства, якое дае магчымасць удалам ціснуць на партыі праз утварэнне такіх штучных перашкодаў для іх дзейнасці вартае самай жорсткай крытыкі:

«Заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць палітычных партыяў у Беларусі, з’яўляецца рэпрэсіўным. Яно скіраванае на абмежаванне дзейнасці палітычных партыяў, на поўнае іх зарэгуляванне і дае магчымасць Міністэрству юстыцыі як рэгіструючаму органу магчымасць як умяшацца ў дзейнасць палітычнае партыі, так і яе цалкам паралізаваць, знішчыць, зліквідаваць, сыходзячы з фармальных юрыдычных падставаў, якія дае дзейнае заканадаўства”.

Паводле словаў Аляксея Янукевіча, цяперашняе папярэджанне істотна розніцца ад ранейшых, якія ўжо атрымалівала Партыя БНФ, бо ўяўляе пагрозу самому існаванню арганізацыі. З палітыкам Янукевічам згодны і юрыст Лабковіч:

„Гэтае папярэджанне вельмі небяспечнае, таму што і ў самім гэтым папярэджанні сказана, што Міністэрства юстыцыі пакідае за сабою права такога наступнага кроку, як ліквідацыя партыі, так і прыпыненні яе дзейнасці. Я думаю, што гэта і ёсць асноўная мэта гэтай палітычнай кампаніі, бо гэта не юрыдычная, а менавіта палітычная кампанія па паралізаванню дзейнасці Партыі БНФ, а можа і яе ліквідацыі“.

Аляксей Янукевіч упэўнены, што актывізацыя дзеянняў уладаў супраць дэмакратычных сілаў звязаная з будучымі палітычнымі кампаніямі:

„Набліжаюцца парламенцкія выбары, і натуральна, што ёсць жаданне пазбавіць палітычныя партыі магчымасці ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Тым больш, што ўлады не выключаюць магчымасці змены выбарчага заканадаўства і абрання прынамсі часткі парламенту паводле партыйных спісаў. І тут ім не патрэбна, каб у выбарах спісамі ўдзельнічалі нейкія апазіцыйныя палітычныя партыі“.

На думку палітыка, рэпрэсіі ў дачыненні да палітычных апанентаў уладаў наўпрост звязаныя з тым няпростым становішчам, у якім апынулася кіраўніцтва краіны:

„Рэжым знаходзіцца ў іншай сітуацыі і знешнепалітычнай, і эканамічнай унутры краіны. Ён проста хоча зліквідаваць усе магчымыя ачагі акумуляцыі грамадскага незадавальнення, і натуральна, што зарэгістраваныя партыі вельмі запраста могуць быць і стануцца такімі ачагамі, калі незадавальненне будзе ўзрастаць. І рэжым напэўна прагназуе рост незадавальнення ў грамадстве“.

Аляксей Янукевіч перакананы, што сваімі дзеяннямі вышэйшае кіраўніцтва Беларусі спрабуе давесці і да міжнароднай супольнасці, дзе ў краіне знаходзіцца цэнтар сілы:

Рэжым не выключае магчымасці нейкіх перамоваў з Захадам на пэўных умовах. І дзеля таго, каб выключыць магчымасць прыцягнення ў якасці трэцяга боку да гэтых перамоваў прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў, ён хацеў бы гэтыя партыі зліквідаваць, каб падкрэсліць нават перад Захадам, што апроч Лукашэнкі тут няма іншых цэнтраў сілы, няма з кім тут гаварыць“.

Застаецца нагадаць, што зусім нядаўна з падачы Міністэрства юстыцыі Вярхоўны суд прыпыніў на паўгода дзейнасьць апазіцыйнай Партыі камуністаў Беларускай, а яшчэ раней была ўвогуле зліквідаваная таксама апазіцыйная Беларуская партыя працы. І яшчэ не было, бадай, аніводнага выпадку ў найноўшай беларускай гісторыі, калі б суды не пагадзіліся з прапановамі чыноўнікаў беларускага Мінюста.