1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Каму перашкаджаюць самагоншчыкі

Марына Мазуркевіч

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі прыпыніла работу тэлефона даверу для ананімных паведамленняў пра тое, хто і дзе гоніць самагонку.

https://p.dw.com/p/7iIN
Фото: AP

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі прыпыніла работу тэлефона даверу для ананімных паведамленняў пра тое, хто і дзе гоніць самагонку. Хаця пасля таго, як вытворчасць самагону была забароненая дэкрэтам прэзідэнта, планавалася, што гэтая акцыя працягнецца яшчэ як мінімум месяц. Да закрыцця жывой лініі спрычынілася... нечаканая актыўнасць насельніцтва. Не паспяваючы рэагаваць на даносы, міліцыянты вырашылі памяняць тактыку барацьбы з тымі, хто гоніць самагон.

За час акцыі ў Мірістэрства ўнутраных справаў паступіла больш за 200 званкоў аб выпадках нелегальнай вытворчасці самагону. Прычым, кожны, хто тэлефанаваў, паведамляў пра 3-10 кропкі вытворчасці і продажу самагону. У выніку, штрафамі пакараныя 24 тысячы грамадзянаў. Па прызнанні прадстаўнікоў праваахоўчых органаў, гэта добры вынік. Але ўжо некалькі дзён дазваніцца на тэлефон даверу немагчыма.

«Высветлілася, што ў Беларусі ёсць вёскі, дзе ў кожным другім двары гоняць самагон. Мы вырашылі не распыляцца на адзінкавыя выпадкі, а комплексна адпрацаваць менавіта гэтыя рэгіёны, -- патлумачыў карэспандэнту «Нямецкай хвалі» змену тактыкі намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі МУС Аляксандр Маліноўскі.

Цяпер антысамагонная “зачыстка” вядзецца” ў Маладзечанскім раёне, дзе з часу пачатку дзеяння дэкрэта прэзідэнта, па дадзеных упраўлення прафілактыкі МУС, было выяўлена 7 міні-заводаў па вытворчасці самагону і канфіскавана больш за сотню тон брагі. У студзені такая ж акцыя запланаваная ў некалькіх раёнах Брэсцкай вобласці.

Забарона на вытворчасць самагону адбілася, перш за ўсё, на жыхарах беларускай глыбінкі. Тут самогон, вытворчасць якога абыходзіцца ў два разы танней за гарэлку, традыцыйна лічыцца лепшым напоем падчас застолляў. Але цяпер набыць самабытны напой амаль немагчыма. Людзей запалохалі штрафамі, максімальны памер якіх дасягае 50 тысяч даляраў, і яны нават аднавяскоўцам прадаюць самагон з перасцярогай.

У невялічкім мястэчку Ракаў непадалёк Мінску карэспандэнту «Нямецкай хвалі» распавялі, што мясцовыя ўлады ўжо пагражаюць не толькі штрафамі, але і звальненнем з працы тым, хто займаецца вытворчасцю “ракаўкі» -- мясцовага гатунку самагону. «Ракаўку» усё яшчэ можна набыць, -- прызнаўся адзін з мясцовых жыхароў, - але яна стала даражэйшай на 1,5-2 тысячы рублёў. Гэта даплата за рызыку, што ўзрасла пасля прыняцця антыалкагольнага дэкрэту».

У вясковых сядзібах, на прывабнасць якіх у развіцці ўязнога турызму разлічвае дзяржава, таксама баяцца частаваць гасцей самогонкай, настойкамі з траваў і хмяльным квасам. «Самабытныя спірытусовыя напоі – мясцовы каларыт, які прываблівае замежнікаў, - лічыць Ірына, супрацоўніца турыстычнай фірмы. – Нам пагражаюць пазбаўленнем ліцэнзіі, калі мы не выканаем план па прыёму турыстаў з-за мяжы, і ў той жа час пазбаўляюць туры адметнасці.

Без асцярогі адчуць паўнату нацыянальных пітных традыцыяў цяпер дазволена толькі ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча», які належыць Упраўленню справамі прэзідэнта, і ў музеі матэрыяльнай культуры «Дудуткі». «Ужо больш за дзесяцігоддзе мы праводзім для турыстаў дэгустацыю самагону», - гаворыць дырэктар музею Віктар Сарока. Па ягоных словах, за апошнія два тыдні папулярнасць гэтай паслугі ўзрасла. І госці скардзяцца толькі на тое, што цяпер забаронена прадаваць напой на вынас.