1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Камітэт абароны журналістаў зганіў узмацненне рэпрэсій у дачыненні беларускіх СМІ

Алена Данейка

Факты, якія сведчаць аб тым, што з беларускімі журналістамі ўлады не цырымоняцца, фіксуюцца амаль штодня. За 17 дзён да прэзiдэнцкiх выбараў ў Мiнску былi збiтыя як мiнiмум 9 журналiстаў

https://p.dw.com/p/85ra

"Прэзідэнт Лукашэнка выкарыстоўвае адміністрацыйныя меры, каб перашкодзіць распаўсюджванню навін і трымаць беларускіх выбарнікаў у недасведчанасці адносна ходу прэзідэнцкіх выбараў", - заявіла дырэктар Камітэта Эн Купер.

Адносіны беларускіх уладаў да журналістаў сталі тэмай заяў розных міжнародных журналісцкіх арганізацый. У прыватнасці "Рэпарцёры без межаў" нагадваюць, что "як мiнiмум 9 журналiстаў былi збiтыя ў Мiнску за 17 дзён да прэзiдэнцкiх выбараў", "Такiя iнцыдэнты непрымальныя i выклікаюць апасенні, што прэзiдэнцкiя выбары пройдуць у атмасферы тэррору. Мiжнародная супольнасць павiнна забяспечыць, каб выбары не пацягнулі за сабою яшчэ больш жорсткія дзеянні супраць прэсы i апазiцыi". - гаворыцца ў заяве арганiзацыі "Рэпарцёры без межаў".

Факты, якія сведчаць аб тым, што з беларускімі журналістамі ўлады не цырымоняцца, фіксуюцца амаль штодня. Аднак, як стала вядома Нямецкай хвалі, пераадольваць незапланаваныя перашкоды прыйшлося і шматлікім замежным журналістам. Некаторыя з тых, хто збіраўся асвятляць ход перадвыбарнай кампаніі, дагэтуль не ведаюць, ці змогуць прыехаць у Беларусь.

Па правілах, якія рэгламентуюць працу замежных журналістаў у Беларусі, спачатку неабходна атрымаць акрэдытацыю, якая з'яўляецца падставай для атрымання візы.

Сёння стала вядома, што група журналістаў амерыканскага інфармацыйнага агенцтва Аssoсiated Рress, якая дамагалася акрэдытацыі не адзін тыдзень, яе атрымала. Праўда, журналістам прапанавалі заплаціць па 340 даляраў за кожную візу.

Дагэтуль невядома, ці зможа прыехаць у Менск карэспандэнт брытанскага тэлеканала Sky news. У беларускай амбасадзе ў Маскве раяць больш настойліва тэлефанаваць ў МЗС Беларусі. Журналісты нават звярнуліся па дапамогу тэлефаністак, але тыя таксама не датэлефанаваліся. Тэлефаністкі мяркуюць, што з апарата з дадзеным нумарам МЗС Беларусі проста знятая трубка.

Карэспандэнту нямецкай кампаніі WDR прыйшлося двойчы мяняць квіток на самалёт з-за затрымкі з акрэдытацыяй.

Таксама няясная сітуацыя з прыездам у Мінск карэспандэнтаў амерыканскага тэлеканала Fox News і Нацыянальнага грамадскага радыё ЗША.

Назіральнікі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правам чалавека АБСЕ, якія працуюць у Мінску, фіксуюць гэтыя факты, што пацвердзіла ў інтэрв'ю нашай праграме прэс-сакратар Бюро Урдур Гуннарсдацір. Але бюро нічым не можа дапамагчы карэспандэнтам замежных СМІ:

Я думаю, што тыя журналісты, якія маюць праблемы з атрыманнем віз, павінны настойліва патрабаваць ад улад іх афармлення, але мы не ведаем, як на гэта можна паўплываць.