1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Кансэрватара Хадановіча накрыла іншая стыхія

Алена Данейка12 февраля 2008 г.

Прэзентацыя кнігі Андрэя Хадановіча “Бэрлібры”, у якую увайшлі і творы напісаныя падчас стажыроўкі ў Бэрлінскім літаратурным калоквіюме, адбылася ў Акадэміі мастацтваў у форме музычна-паэтычнай акцыі “Медыум”.

https://p.dw.com/p/D6cF
Андрэй ХадановічФото: Ingo Petz

Вэрлібр – літаратурны жанр французкага паходжання. У дакладным перакладзе з французкай – “свабодны верш”. Свабодны ад звыклага паэтычнага рытму i рыфмы.

Беларуская літаратура знайшла сваё месца ў Еўропе

Загадчык Бэрлінскага літаратурнага калоквіюма Ульрых Янецкі ва ўступным слове на вечарыне адзначыў, что вэрлібр – складаная літаратурная форма, якая патрабуе асаблівай дакладнасці, i Андрэй Хадановіч яе дасягае.

“Асаблівы выпадак Андрэя Хадановіча пераканаў мяне ў тым, што беларуская літаратура сёння знайшла сваё месца ў Еўропе. Мы маем справу з паэтам еўрапейскага масштабу. Творчасць Хадановіча – заўседы пошук. І шукае ён на агульнаеўрапейскай тэріторыі, у гэтым яго асаблівая заслуга”, - заўважае Янецкі.

Тэрмін “бэрлібры” прыдумалі для берлінскіх верлібраў Андрэя Хадановіча яго сябры. Большая частка тэкстаў, якія ўвайшлі ў кнігу “Бэрлібры”, узніклі менавіта у Бэрліне, кажа Андрэй Хадановіч.

“Такой кніжкі як “Бэрлібры” не напісалася б ў іншых кутках Беларусі ці Еўропы. Я напраўду традыцыйны стары кансэрватар, адданы рыфме, рытміцы. Трымаўся да апошняга. Але чамусьці ў Берліне мяне накрыла зусім іншая стыхія. Берлін – горад адкрыты для культурнага супрацоўніцтва з усім светам. Горад, дзе ўсе культуры мешаюцца”.

Імпрэза еўрапейскага ўзроўню

А на музычна-паэтычный вечарыне, на якой адбылася прэзентацыя “бэрлібраў”, змешаліся розныя жанры сучаснага мастацтва. Паводле культуролага Максіма Жбанкова, тое, што адбывалася на сцэне, па ўзроўню нагадвала лепшыя ўзоры еўрапейскіх арт-імпрэзаў.

“Хадановіч прымерае на сябе не толькі новы фрак як аўтар, але і абсалютна новую для нас місію прамоўтэра новай хвалі беларускай літаратуры. І не толькі літаратуры. Мы бачылі зараз узоры авангарднай музыкальнай творчасці і вельмі цікавы ал’янс Сяргея Пукста – надзвычай таленавітага арыгінальнага музыкі і такой шоу-зоркі як Андрэй Хадановіч. Узнікае нечаканае спалучэнне, якое сення страсянула залю”, - заўважае Жбанкоў.

Ён дадае, что ў Хадановіча няма аніякага страху страціць асабістае “я” у святле тых, каго ён выводзіць на сцэну – таленавітых людзей, якія прэзентуць акуальную беларускую культуру. У вечарыне, якая выглядала як добра падрыхтаваны экспромт, прымалі ўдзел папулярныя гурты “Індыга”, "Band_A”, “Рацыянальная дыета”, маладыя паэты Віктар Жыбуль, Марыйка Мартысевіч, Дзьмітры Дзьмітрыеў, Сярж Мядзьведзяў.

Чым вабіць творчасць Хадановіча

Заля Акадэміі мастацтваў была паўнюткая. Бо ў моладзі, заўважае перакладчык Лявон Баршчэўскі, ёсць патрэба пачуць нецэнзураванае слова, нешта такое, што не загнана ў афіцыёз.

“Гэта феномен шасцідзесятнікаў, які існаваў у савецкі час. Моладзь ідзе, таму што ей надакучыла двурушнасць, недамоўленасць. Яна ідзе на вечар свабоднай сапраўднай творчасці паэзіі і сутворчасці. Такія людзі як Андрэй прымушаюць залю сутварыць”.

Публіка з Лявонам Баршчэўскім цалкам згодна:

- Менавіта сення адбылося тое, што ў гэтай краіне называецца жыццем. Гэта ўвогуле кайф. Сення мы атрымалі асалоду.

- Рэдка здараецца, калі аўтар настолькі цікава чытае свае творы. І групы, якія запрасілі, не заўседы можна пачуць.

Захапляльныя водгукі - не толькі ад моладзі.

«Я ўжо сталага ўзросту, але я ў захапленні ад Андрэя Хадановіча. Гэта нешта новае. Калі хто-небудзь з нашых маладых паэтаў возьме Нобеля, то гэта, безумоўна, будзе Андрэй Хадановіч”.

Дарэчы, Максім Жбанкоў сцвярждае, што не ўся публіка была ў захапленні, але, на яго думку, гэта нармальна. Бо сапраўнае мастацтва ня можа не правакаваць розныя эмоцыі.