1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Карэн Сцюарт прызвычайваецца да ўвагі

Сяржук Лявоненка21 июня 2007 г.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі падчас працоўнага візіту на Гомельшчыну падаравала медыкаменты на 2 млн даляраў анкалагічнаму дыспансеру і пачаставала сняданкам мясцовых незалежных журналістаў.

https://p.dw.com/p/AzEI
Фото: Carlos Albuquerque

Карэн Сцюарт упершыню наведвае Гомельскую вобласць. Паводле амбасадаркі ЗША, яе візіт хутчэй мае турыстычны характар:

“Гэта мой пачатковы візіт у якасці амбасадара, азнаямленчы візіт. Я збіраюся вярнуцца, каб больш даведацца пра гэты рэгіён і дакладней ведаць, што тут адбываецца. Я яшчэ не прызвычаілася ездзіць у якасці амбасадара і да таго, што я атрымліваю столькі ўвагі”.

“Турызм” кіраўніцы дыпламатычнай місіі ЗША ў Беларусі суправаджаецца значнай дабрачыннай дзейнасцю. У час наведвання абласнога анкалагічнага дыспансера Карэн Сцюарт перадала гуманітарны груз - медыцынскія прэпараты агульным коштам каля 2 мільёнаў даляраў. А гомельская бібліятэка атрымала ў падарунак ад амбасады ЗША кнігі для амерыканскага кутка.

Амбасадарку ЗША паўсюдна суправаджае мясцовы чыноўнік па ідэалогіі і дзяржаўнае тэлебачанне. Праўда, на сняданак Карэн Сцюарт з незалежнымі журналістамі прадстаўнікоў улады не пусцілі – каб не заміналі шчырай размове.

Марыя Шыманоўская, выканаўчы дырэктар рэгіянальнай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў, распавяла пра складаныя ўмовы працы незалежных журналістаў на Гомельшчыне. Паводле Марыі Шыманоўскай, калі ў Беларусі існуе праблема распаўсюду нешматлікіх свабодных СМІ, то

“ў Гомелі распаўсюджваць увогуле няма чаго. Апошняя недзяржаўная газета тут зачынілася ў 2005 годзе. Улады знаходзяць новыя метады, каб выціскаць журналістаў, ім не даюць магчымасці працаваць: многія знаходзяцца без працы, частка з’ехала з краіны – у Нямеччыну, Швецыю”.

Карэн Сцюарт прадэманстравала дасведчанасць у медыйнай беларускай прасторы і дэкляравала падтрымку з боку амерыканскага ўрада незалежным СМІ Беларусі:

“Гэта экстрымальная прафесія ва ўсім свеце. Я параўноўваю ўмовы, якія існуюць зараз, і 5 год таму, калі я працавала ў Беларусі ў складзе дыпмісіі. І мяне ўражвае, што многія з вас працягваюць працаваць. Амерыканскі ўрад падтрымлівае незалежныя медыя. Мы прапануем прафесійныя трэнінгі, мы таксама дзейнічаем дыпламатычным і палітычным шляхамі – наведваем усе судовыя працэсы”.

Дарэчы, як прызналася Карэн Сцюарт, беларускую мову яна ўжо разумее лепш за рускую. А пад час візіту у анкалагічны дыспансер кіраўніца дыпмісіі ЗША звярталася да прысутных з прамовай па-беларуску. Карэн Сцюарт узгадвае свайго папярэдніка амбасадара Джорджа Крола, які выдатна размаўляў з беларусамі на іх роднай мове:

“Амбасадар Крол быў вельмі добрым лінгвістам. Калі ён прыехаў у Беларусь, ён ужо добра размаўляў па-руску і пачаў адразу вывучаць беларускую мову. Да таго ж, калі я пачынаю сумнявацца ў сабе, што я не вельмі добра размаўляю па-руску і беларуску, то я супакойваю сябе тым, што ён не ведаў тайскую і лаоскую мовы, а я ведаю”.