1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Маладыя інтэлектуалы за еўрапейскую Беларусь

Генадзь Канстанцінаў

"Беларусь у Еўрапейскім кантэксце" – вынікі конкурсу студэнцкіх і школьных прац пад такім назовам падсумаваныя ў Мінску на свята Дабравешчання.

https://p.dw.com/p/ADuT

Арганізатарам конкурсу выступіў “Праваабарончы альянс” пры падтрымцы амбасадаў ЗША і Вялікабрытаніі ў Беларусі. Пераможцамі спаборніцтва, у якім узялі ўдзел больш за 80 працаў, прызнаныя 15 чалавек, студэнтаў і школьнікаў з розных навучальных установаў, пры чым не толькі беларускіх. Лепшыя працы будуць апублікаваныя ўжо пры канцы красавіка бягучага году.

Эксперты, як паведаміў перад пачаткам адказны за арганізацыю конкурсу Аляксей Хадыка, вызначалі пераможцаў па шасці намінаваннях: эканоміка, паліталогія, гісторыя, журналістыка, літаратура, а таксама права і юрыспрудэнцыя. У сядзібе БНФ, дзе адбылося ўганараванне лаурэатаў, не было дзе нават стаяць. На імпрэзу прыехалі ўдзельнікі конкурсу ды іх сваякі амаль з усіх куткоў Беларусі. Вітаючы ўдзельнікаў спаборніцтва, кіраўнік “Праваабарончага альянсу” Людміла Гразнова адзначыла:

- Ідэя правядзення конкурсу, натуральна, невыпадковая. Мы разумеем, што лёс краіны залежыць ад разумных хлопчыкаў і дзяўчат, якія пасталеюць, зробяцца выбітнымі экспертамі, прафесіяналамі, пакажуць шлях тым, хто працуе больш рукамі альбо па нейкай схеме. Я хацела б, каб вы станавіліся на ногі, неслі гэтыя веды і выкарыстоўвалі іх і для сябе, і для свайго ўласнага гонару, для свайго ўласнага задавальнення, для ўласнага самавыражэння, і для ўсіх нас.

Адзін з экспертаў, гісторык Валянцін Голубеў адзначыў важнасць гэтага конкурсу і яго накіраванасць на развіццё Беларусі ў будучыні:

- Мы тут гаворым пра такую добрую справу – пра моладзь і Беларусь, пра моладзь і Еўропу, пра Еўропу і Беларусь, якія аб’яднаюцца ў перспектыве якраз з дапамогаю вас, з дапамогаю моладзі. Мне шкада, што не атрымалася ў мой час, калі я быў крыху маладзейшы, каб мы ўвайшлі ў Еўропу. Але пачыналася гэтая справа прыбліжэння Беларусі да Еўропы з канца 80-х гадоў, калі нямецкай моладдзю быў развалены мур у Берліне. Вы сваімі працамі паказалі, што ў нас, у беларусаў, ёсць добрая перспектыва зноў стаць краінай, якая будзе з усімі іншымі еўрапейксімі краінамі. Віншую ўсіх, хто перамог, і ўпэўнены, што ў нас усё будзе добра. Жыве Беларусь!

Навучэнка Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, які ўжо некалькі гадоў працуе ў падполлі пасля забароны яго беларускімі ўладамі, Юлія Сагановіч перамагла ў дысцыпліне “Літаратура”. Яе праца звалася “Максім Багдановіч і Поль Верлен”; праз іх параўнанне і істотнасць яна даказала блізкасць Беларусі і Еўропы. Ліцэістка так патлумачыла свой удзел у конкурсе:

-Усе мы апантаныя ідэяй з’яднання Беларусі з Еўропай. Усе мы да гэтага імкнемся і таму ўсімі магчымымі шляхамі спрабуем паказаць значнасць Беларусі, яе еўрапейскі ўзровень. Яна сапраўды еўрапейскага ўзроўню, таму проста абавязана быць у складзе Еўропы, звацца еўрапейскай краінай.

Студэнт Беларускага інстытута правазнаўства Ілля Богдан абраў тэму “Сцяг Еўразвязу – як адлюстраванне асноўных ідэяў і каштоўнасцяў еўрапейскага грамадства і яго ўспрыманне намі”. Апроч іншага, Ілля давёў у сваёй працы, чаму на сцягу менавіта 12 зорак. Гэта, аказваецца, не звязана з колькацю краінаў, якія раней уваходзілі ў ЕЗ. Вось як студэнт патлумачыў падбор свайго пераможнага накірунку:

- Хацелася знайсці тэму, па-першае, такую, якую б у комплексе не разглядалі, а па-другое, тую, якая б была цікавая для мяне самога. Калісці мы былі на адным з семінараў у Вільні, і там якраз закранулі пытанне сцяга, каштоўнасцяў, і тады я пачуў, што 12 – гэта лічба дасканаласці, дакладнасці. 12 рысачак на падстрэлку, 12 месяцаў, 12 Апосталаў. Гэта нейкая дасканаласць. Таму і Еўропа ўзяла гэты сымбаль, як сваё апірышча.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання перад прысутнымі выступілі вядомыя беларускія барды Зміцер Бартосік, Юрась Несцярэнка, Андрэй Хадановіч і тройчы рок-князёўна Кася Камоцкая.