1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Міхась Пашкевіч можа трапіць за краты

У суботу ўвечары ў Мінску быў затрыманы намеснік старшыні арганізацыі “Маладыя дэмакраты” – моладзевага крыла Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябра Палітрады АГП Міхаіл Пашкевіч.

https://p.dw.com/p/ESsD
Фото: Flickr/joshstaiger

Паводле папярэдніх дадзеных, яго абвінавачваюць у дробным хуліганстве. Аднак гэты арышт можа мець для моладзевага актывіста вельмі жорсткія наступствы: Міхаіл Пашкевіч быў фігурантам рэзананснага “Працэсу чатырнаццаці”, яго прызналі вінаватым у арганізацыі і актыўным удзеле ў масавых беспарадках пад час вулічнай акцыі пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў, якая адбылася ў Мінску ў студзені бягучага году. А потым асудзілі на два гады абмежавання волі па месцы жыхарства.

Цяпер у выпадку прызнання судом ягонай віны Міхаілу Пашкевічу пагражае рэальнае пазбаўленне волі. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў DW-RADIO падрабязнасці адбытага.

“У суботу ў нас было паседжанне Палітычнай рады партыі. На ёй мы прапанавалі Пашкевіча наглядальнікам у Цэнтральную выбарчую камісію. Пасля завяршэння Палітрады ён паехаў на вакзал на сустрэчу, а пасля гэтага павінен быў ехаць на адзін з выбарчых штабоў аднаго з нашых кандыдатаў.

Ад яго паступіў званок Аляксандру Дабравольскаму, што яго затрымалі міліцыянты і вязуць у Кастрычніцкі РУУС для высвятлення асобы. Пасля гэтага тэлефон маўчаў, і мы напачатку падумалі, што зноў забралі на трохгадзінную працэдуру высвятлення асобы. Але калі гэты час фактычна выйшаў, і з ім не было ніякіх камунікацыяў, я датэлефанаваўся да Кастрычніцкага РУУСа, і мне дзяжурны падпалкоўнік сказаў, што Пашкевіч зараз знаходзіцца на Акрэсціна.

На пытанне, у сувязі з чым, ён адказаў, што складзены пратакол “дробнае хуліганства”. Я датэлефанаваўся да Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна, і там мне таксама пацвердзілі, што Міхась Пашкевіч знаходзіцца там. У панядзелак раніцою будзе суд”.

Магчымыя прычыны затрымання

Па словах Анатоля Лябедзькі, вылучаюцца некалькі варыянтаў прычын затрымання Міхаіла Пашкевіча.

“Тут дзве версіі. Адна звязана з ягонай актыўнай палітычнай дзейнасцю, ён адзін з лідэраў “Маладых дэмакратаў”, і пасля судовай “справы чатырнаццаці”, па якой ён праходзіў, ён не спыняў сваю дзейнасць, працаваў актыўна, і гэта такое яму пасланне-мэсэдж, што сёння ты на хатняй “хіміі”, а заўтра можаш быць за кратамі.

А другая версія – у нядзелю ў Мінску грандыёзнае свята – пацешныя гульні імя Аляксандра Лукашэнкі. І, мажліва, некаторых маладзёнаў затрымалі і далі суткі дзеля таго, каб яны не арганізавалі нешта такое, што магло б унесці нейкі смутак у правядзенне гэтага свята для Аляксандра Рыгоравіча. Вось дзве версіі таго, што адбылося”.

Працэс над Міхаілам Пашкевічам адбудзецца ў панядзелак у судзе Кастрычніцкага раёну беларускае сталіцы.