1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Названыя новыя рок-каралі

Генадзь Канстантынаў26 февраля 2007 г.

У беларускай сталіцы адбылася чарговая “Рок-каранацыя”. У канцэртнай залі «Мінск» узнагароджвалі лепшыя, на думку журы, каманды, якія праявілі сябе ў музычнай сферы ў мінулым годзе.

https://p.dw.com/p/9vWd

Самой акцыі папярэднічала буйная рэкламная кампанія ў афіцыйных і не толькі сродках масавай інфармацыі. Пры гэтым, на рэкламных плакатах былі выявы і тых выбітных рок-музыкаў, якія так і не з’явіліся на самой імпрэзе ўручэння рок-каронаў. Да прыкладу, на флаерах быў твар Ігара Варашкевіча, лідэра гурту “Крама”, аднак крамай на фэсце і не патыхала. Адрозна ад іншых гадоў, сёлета былі ўведзеныя новыя намінацыі, згодна якіх узнагароды атрымалі музыкі, далёкія ад рок-музыкі ў класічным разуменні. Прынамсі, такой намінацыі, як “спяваная паэзія”, раней не было. Абсалютна заслужана гэтую карону атрымаў Зміцер Вайцюшкевіч, працавіты аўтар, выканаўца і канцэртовік. Сам Зміцер падаваўся вельмі задаволеным тым, што атрымаў карону.

"Я вельмі ўдзячны лёсу за тое, што ён мяне спаткаў з беларускімі паэтамі, і я пакрыўджаны на беларускіх музыкантаў, якія гэтым не займаюцца. Таму што тое, што я раблю - гэта не ўласнае да канца, а прыклад таго, што трэба рабіць праграмы, звязаныя з беларуская паэзіяй, з канкрэтнымі асобамі. Ёсць вельмі шмат маладых – Вішнёў, Хадановіч, я пакуль што раблю то, што раблю: гэта Барадулін, Бураўкін, зараз вось будзе новы прект – Някляеў, Камоцкі, Дранько-Майсюк, Караткевіч. Абсалютна нармальна, нічога новага тут не прыдумваецца. Адзінае, што хацелася б на дзень сённяшні надаць нейкага сучаснага каларыту. Таму я вельмі рады, што мяне ўзнагародзілі, намінавалі".

Але ж не ўсе прысутны на імпрэзе змаглі зразумець, якое, па вялікім рахунку, дачыненне да року мае Вайцюшкевіч:

"Справа ў тым, што людзі дасведчаныя, якія на каранацыю не першы год прыходзяць, разумеюць, пра што ідзе гаворка. Не трэба нікому тлумачыць. І мне крыху дзіўна, калі дзесці на форумах узнікае пытанне: рок Вайцюшкевіч, ці не рок, якое ён мае дачыненне да гэтага? Мне здаецца, што ўсё, што ад душы - гэта ўсё можна назваць у нейкім сэнсе рокам. Няхай гэта жанрава можа адрознівацца, але калі мы гэта ўсё будзем прысабачваць, прабачце, да року – гэта ўсё будзе нецікава. Інтрыга застаецца".

А што ж ёсць галоўным для сённяшняга беларускага музыкі?

"Самае галоўнае, што музыкант на працягу году павінен працаваць. Не прачынацца аб 11-ай гадзіне, а а 8-ай і мець план на бліжэйшы год. Падрыхтоўка да наступнай каранацыі пачынаецца ўжо заўтра альбо сёння".

Што б ні казалі недобразычліўцы, але Рок-каранацыя мае права на існаванне. У гэтым упэўнены лідэр флок-мадэрн-гурта “Палац” Алег Хаменка, які быў сябрам журы ў адным з конкурсаў цяперашняга фэстывалю.

"Гэты фестываль на Беларусі з’яўляецца фестывалем, дзе прысутнічаюць усе альтэрнатыўныя і новыя погляды. І для мяне гэта важна, таму што рок-каранацыя аб’яднала не толькі рок-музыку, але яшчэ і ўсе тыя накірункі, якія сёння цікавыя ў першую чаргу для моладзі. І ў гэтым накірунку, мне падаецца, рок-каранацыя рухаецца, яе рух паступовы, і мне здаецца, што з кожным годам гэтае адрозненне адчуваецца".

Намінацыяў было так шмат, што не будзем пералічваць усе, назавем толькі некалькі перможцаў. У намінацыі “Лёгкая музыка” перамаглі хлопцы з гурту “Джы морс” – мінулагодняга ўладальніка рок-кароны, праектам году быў названы “Тузін гітоў-2006”, прыз у намінацыі “Рок-надзея” атрымалі падлеткі з нікому не вядомага калектыву “ВІА “Візіт”, а прыз у намінаванні “Ірадыцыі й сучаснасць” атрымаў гурт “Юр’я”, заслужаны калектыў, хаця пераважная большасць прыйшоўшых на канцэрт жадалі б бачыць у якасці лаўрэата “Старога Ольсу”.

А вось галоўная рок-карона дасталася гурту, пра існаванне якога таксама нямногія здагадваліся. Гэта была каманда “Раста” – майстры гарлавых спеваў. Дарэчы, пасля заканчэння іхняга выступу публіка дружна паваліла да выхаду. Некаторыя маладзёны, што прыйшлі на канцэрт, пыталіся ў журналістаў: калі будуць выступаць NRM, Нейра Дзюбель, Крама? І трэба было бачыць расчараванне ў вачох юнакоў і дзяўчатаў, калі яны даведваліся, што ўлюбёнцаў публікі гэтым разам на сцэне не будзе. Арганізатары назвалі такі падбор калектываў “ратацыяй” на беларускай рок-сцэне. Хто выйграе ад такой ратацыі, пакажа час.