1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

“Нашу беларускую музыку мы больш іграем за мяжой”

Віталь Аляхновіч

Інтэрв’ю з музыкантамі фолк-групы “Cтары Ольса”

https://p.dw.com/p/7aBV
Фото: dpa

Якія песні ўваходзяць у Ваш рэпертуар?

У наш рэпертуар уваходзяць розныя песні, і карыстаюцца цікавасцю і папулярнасцю таксама розныя песні. Гэта адпавядае і настроям, і характарам канцэртаў. Яны бываюць розныя. Напрыклад, баллада «Ружа-кветка», якую мы спяваем ужо сем год, карыстаецца нязменнай папулярнасцю. І калі мы яе не ўключаем у канцэртную праграму, то рэгулярна з залі чуем просьбы сыграць гэтую песню. А з іншага боку доугі час карысталіся папулярнасцю нешматлікія ў нашым рэпертуары песні, прысвечаныя бітвам і старабеларускім героям, і менавіта таму мы вырашылі ўзяцца за такую навуковую працу і ператварылі наш гурт у навуковую творчую лабараторыю. Мы узяліся за працу па аднаўленни гістарычных гераічных песень. Гэтая праца ў нас пайшла так хутка і так шмат аказалася матэрыялу! І аказалася, што пакуль ніхто гэтым не займаўся, менавіта агучваннем гэтых песняў. Мы склалі з гэтых песняў цэлы альбом. Пачынаецца ён з песні-гімна «Багародзіца» 14 – 15 стагоддзяў, і заканчваецца «Бітвай пад Будзінам» 1676 году. Усе песні мы падаем у храналагічным парадку.

Дзе вы іх знаходзіце?

Справа ў тым, што большасць гэтых песняў вельмі даступная. Гэта славуты зборнік «Беларуская народная творчасць», у якім падзелены па жанрах разнастайныя беларускія песні, у тым ліку і гістарычныя. З адной крыніцы - гэта народныя песні, а другая крыніца – гэта творчасць беларускіх прыдворных паэтаў, якія адной з тэмаў - традыцыйнай для усёй Еўропы - абіралі ўслаўленне подзвігаў і гераізма магнатаў і беларускай шляхты.

Дарэчы, не ўсе тэксты яшчэ надрукаваныя, і таму мы праз пэўную сваю папулярнасць карыстаемся яшчэ не надрукаванымі распрацоўкамі беларускіх навукоўцаў, у прыватнасці, Алеся Дзітрыха, які нам прадаставіў пераклад і арыгінал паэмы Андрэя Рымшы. А ноты мы бярэм як з народнай стылістыкі, з народнай музычнай стыхіі, так і з творчасці, спадчыны беларускіх кампазітараў 16 стагоддзя. У тым ліку некалькі мелодыяў мы узялі са славутага зборніка прыдворнай музыкі «Полацкі сшытак».

А дзе вы бярэце інструменты?

Інструменты мы замаўляем у розных майстроў, у тым ліку і вырабляем самі. Напрыклад, шмат гадоў звязвае наш гурт з такім вядомым майстрам, як Тодар Кашкурэвіч, які робіць рэканструкцыю старадаўніх беларускіх дудаў, валынак. Гуслямі займаецца ўдзельнік нашага гурта Алесь Чумакоў, ён стаў майстрам і вырабляе гэты інструмент. Ліры мы не набывалі. Калісці ў маёй калекцыі была ліра, я яе адрэстаўраваў, і цяпер мы выкарыстоўваем такую ліру. Барабаны мы таксама вырабляем самі. Зараз мы ўзяліся за цэлы класс старадаўніх інструментаў, які папярэднічаў з`яўленню віл і скрыпак, гэта гуткі і гадулкі. Гэта інструменты – прататыпы скрыпак, струнных смычковых інструментаў, якія мы зараз спрабуем рэканструяваць самі.

А за дапамогай па рэканструяванню такога старажытнага інструмента, зараз рэдкага, а ранней вельмі распаўсюджанага, як лютня, мы звяртаемся да пінскага майстра Юрыя Дуднавіцкага, у якога ўжо набылі дзве лютні і хочам замовіць яшчэ адну.

Ці магчыма музыкам зарабляць грошы на радзіме?

А б не хацеў рабіць нейкі аналіз, назаву проста статыстычныя лічбы. У 2004 годзе за мяжой мы сыгралі ў чатыры разы больш канцэртаў, чым на Беларусі. У гэтым годзе мы на Беларусі сыгралі тры канцэрты, чацвёрты прадбачыцца. І цэлымі месяцамі, не прыязжаючы ў Беларусь, мы знаходзімся ў той ці іншай краіне. Праблема ў тым, што, будучы патрыётамі ў сваім жа гурце, мы сутыкаемся з сітуацыяй, калі мы беларускую сваю ж музыку праз розныя тэхнічныя, фінансавыя і арганізацыйныя перашкоды не маем магчымасці іграць тут. Мы больш іграем за мяжой. Таму аналізаваць такую сітуацыю не хацелася б, магчыма, гэта і не мая справа. І усё ж такі сумны факт варта адзначыць, што мы ўсё меней і меней іграем на Радзіме, а нашу беларускую музыку больш іграем за мяжой Беларусі.

Чаму?

На жаль, трэба адзначыць, што шоу-бізнес за мяжой развіты больш. І сама схема арганізацыі канцэрта, запрашэння артыстаў, рэкламных кампаній развіваецца больш, чым у Беларусі. У нас пакуль што гэтая сістэма не створана і не развіта для таго, каб працаваць на Радзіме.