1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

На Берасцейшчыне сацыял-дэмакраты распачалі кампанію “Наш дом”

Алесь Пятрович

Паводле ініцыятараў гэтай кампаніі, яе мэта – нагадаць шэраговым грамадзянам, што яны павінны адчуваць сябе сапраўднымі гаспадарамі ў тым месцы, дзе жывуць.

https://p.dw.com/p/9EiX

Распавядаючы пра сутнасць кампаніі “Наш Дом”, кіраўнік сацыял-дэмакратаў на Берасьцейшчыне Ігар Маслоўскі адразу заўважыў, што гэта доўгатэрміновая праграма, разлічаная на 5 бліжэйшых гадоў. Але тое, што пачатак кампаніі супаў з датай абвяшчэння ў Беларусі выбараў дэпутатаў мясцовага ўзроўню, наўрад ці з’яўляецца выпадковасцю. Арганізатары праграмы “Наш Дом” разлічваюць прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем, што звязаныя з працай прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, грамадскага транспарту, добраўпарадкавання тэрыторый, асфальтавання вуліц, доступам да медычных і адукацыйных паслуг, арганізацыяй вольнага часу.

Паводле словаў Ігара Маслоўскага, актуальнасць згаданых праблемаў заўсёды адчувалася падчас сустрэчаў з жыхарамі берасьцейскага рэгіёна і сацыял-дэмакраты вырашылі абагульніць у праграме самыя надзённыя пытаньні сваіх землякоў.

“Стварэнне праграмы “Наш Дом” гэта адказ тым апанентам, якія кажуць, што апазыцыя не прапануе нічога канкрэтнага. У першую чаргу мы будзем улічваць меркаванні звычайных грамадзян, іх прапановы з месцаў. Дапамога ў вырашэнні лакальных і рэгіянальных праблем будзе асновай у нашай дзейнасці”.

Спрыяць вырашэнню ўзнятых праблем берасьцейскія сацыял-дэмакраты збіраюцца з дапамогай экспертаў, а таксама больш актыўна выкарыстоўваць дзеля гэтай мэты звароты на адрас ворганаў дзяржаўнага кіравання. Такім чынам яны хочуць дамагчыся ад уладаў стварэння празрыстай сістэмы выкарыстання бюджэтных сродкаў і рэгулярных справаздачаў прадстаўнікоў выканаўчай “вертыкалі” перад жыхарамі таго ці іншага рэгіёна.

Хаця праграма “Наш Дом” ставіць за мэту выправіць недахопы у эканамічнай і сацыяльнай сферы, актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) збіраюцца ў рамках гэтай кампаніі таксама садзейнічаць выяўленню палітычнай волі грамадзян праз прапаганду агульнадэмакратычных каштоўнасцяў.