1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Невывязны падарунак

Генадзь Канстанцінаў6 января 2008 г.

Адзін з лідэраў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька стаўся першым невыязным палітыкам пасля адмены штампу ў пашпарт аб дазволе на выезд за межы Беларусі.

https://p.dw.com/p/Cl9q
Пограничный пункт Беларусь-ПольшаФото: DW

Такі своеасаблівы падарунак у выглядзе пісьмовага ўведамлення Аддзелу па грамадзянстве і міграцыі Цэнтральнага раёну Мінску Анатоль Лябедзька атрымаў адразу пасля навагодніх святаў. Аказваецца, у дачыненні палітыка не спыненая крымінальная справа, заведзеная яшчэ ў 2004 годзе паводле часткі 2 артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу Беларусі (паклёп у адносінах да прэзідэнта РБ) за выказванні ў тэлепраграме “Зеркало” тэлеканалу “Россия” і ў газеце “Народная воля”.

Дагэтуль афіцыйнае абвінавачанне Лябедзьку выстаўленае не было, а ў адпаведным допісе з пракуратуры адзначалася, што “вытворчасць папярэдняга следства па дадзенай крымінальнай справе прыпынена ў звязку з мемагчымасцю ажыццяўлення следчых дзеянняў”.

Чыста палітычнае рашэнне

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) лічыць адмову ў праве яго выезда за межы краіны невыпадковай.

“Я разглядаю гэта як частку агульнага ланцужка, і тут можна звязаць судовы працэс над моладзевым лідэрам Арутрам Фінькевічам, перадачу ў Вярхоўны суд дакументаў з хадайніцтвам аб забароне Партыі камуністаў Беларускай, прыпыненне дзейнасці артыкулу 30 Канстытуцыі Беларусі ў адносінах да палітычна актыўных людзей у кантэксце забароны свабоды іх перамяшчэння – гэта ўсё можа быць тэндэнцыяй”.

Такім чынам становіцца зразумелым, кажа Анатоль Лябедзька, якім будзе 2008 год – год выбарчай кампаніі.

Канец ліберальным мроям

Анатоль Лябедзька перакананы, што ў палітыцы беларускіх уладаў зніклі нават прывідныя прыкметы лібералізацыі і усё ж зробленая стаўка на жорсткі сілавы сцэнар развіцця падзеяў.

Лідэр АГП апасаецца, што ён не апошні з апанентаў цяперашняга кіраўніцтва краіны, у дачыненні каго будзе прымененая менавіта такая мера ўціску.

“Пасля нейкай падзеі, напрыклад, Еўрапейскага ці Сацыяльнага маршу будзе ўзбуджаная крымінальная справа, па якой праходзяць, прыкладам, трыццаць ці шэсцьдзесят чалавек. І гэта ўжо будзе падставай, каб унесці іх у спіс невыязных”.

І лепш, і горш

Паводле словаў юрыста Праваабарончага грамадскага аб’яднання “Вясна” Валянціна Стэфановіча, адмена дазвольнага штампа на выезд утрымлівае як пазітыўныя, гэтак і негатыўныя моманты, пра што сведчыць прыклад з Анатолем Лябедзькам.

“Але мяне як юрыста тут турбуе іншае пытанне – ці змагу я у судовым парадку аспрэчыць тое, што я ўнесены ў спіс - электронную базу”.

Апошняе спадзяванне на суд

Валянцін Стэфановіч ўсё ж рэкамендуе паспрабаваць вырашыць спрэчныя пытанні праз судовыя інстанцыі тым, хто “лічыць, што ён у спісе неабгрунтавана – няма запазычанасці перад бюджэтам, няма заведзенай супраць яго крымінальнай справы, не валодае дзяржаўнай таямніцай.

Што тычыцца Анатоля Лябедзькі, то статус невыязнога, паводле словаў самога палітыка, не перашкодзіць яму ў дзейнасці, бо “сёння, не выходзячы з офісу, можна ўсталяваць кантакты тым, хто табе патрэбны практычна ў любой частцы свету. Да таго ж, ёсць багата людзей, якія яшчэ пакуль могуць выязджаць і ад партыі, і ад Нацыянальнага камітэту Аб’яднаных дэмакратычных сілаў і выконваць тую ж самую функцыю, якую я выконваў падчас сваіх міжнародных паездак”.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме