1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Несвабодны Дзень свабоды прэсы

Генадзь Канстанцінаў4 мая 2008 г.

Праваахоўныя органы не далі адзначыць 3 траўня Міжнародны дзень Свабоды прэсы ў форме раздачы на вуліцах Мінску незалежных друкаваных выданняў. Актывісты Аб’яднаных дэмсілаў напісалі скаргу на дзеянні міліцыянтаў у МУС.

https://p.dw.com/p/DtLy
Фото: picture-alliance / dpa/dpaweb

Роўна апоўдні ля Галоўпаштамту ў цэнтры беларускае сталіцы з’явіліся вядомыя ў беларусі дзеячы – лідэры Беларускага народнага фронту Лявон Баршчэўскі, Віктар Івашкевіч, намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, паэт Уладзімір Някляеў ды іншыя. Паводле словаў Лявона Баршчэўскага, актывісты прыйшлі, каб “падтрымаць свабодную прэсу, якую, як бачыце, улады не любяць”.

Кіраўнік БНФ падксрэсліў: “Безумоўна, мас-медыі загнаныя ў куток, і гэтая сітуацыя, у якой яны знаходзяцца, недапушчальная, таму што адныя газеты маюць перавагу перад другімі, маюць магчымасць друкаваць рэкламныя матэр’ялы і навогул лепш даходзяць. То бок, незалежная прэса пастаўленая ў заведама горшыя ўмовы ў параўнанні з дзяржаўнай, і гэта парушэнне любых законаў аб канкурэнцыі і гэтак далей. Таму грамадства павінна спрыяць распаўсюду незалежных СМІ, і наш сённяшні выхад сведчыць пра тое, што мы хочам гэта рабіць”.

Дзіўныя абгрунтаванні

Іншага меркавання прытрымліваліся супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія загадзя з’явіліся ля Паштамту і чакалі апазіцыянераў.

Намеснік начальніка Упраўлення аховы правапарадку Мінска маёр міліцыі Уладзімір Станілевіч заявіў прысутным, што, з яго пункту гледжання, дзеянні людзей з’яўляюцца незаконнымі: “Любое масавае мерапрыемства, нават раздача флікераў, газет і гэтак далей мусіць быць узгоднена ў выканаўчым камітэце. Мы вас папярэджваем, што будзем дзейнічаць у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. Вы не ўступайце са мною ў палеміку! Усё!”

Міліцыянты фактычна не далі прысутным раздаць мінакам прынесеныя з сабою асобнікі недзяржаўных газет “Наша Ніва”, “Народная воля”, “Товарищ”. Намеснік старшыні БНФ і Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч так пракаментаваў “Нямецкай хвалі” дзеянні міліцыянтаў: “Яны знаходзяць нейкія дастаткова дзіўныя абгрунтаванні, бо я нідзе не бачыў у законе аб масавых мерапрыемствах, каб была прапісаная забарона раздачы зарэгістраваных сродкаў масавай інфармацыі. На іхнім баку сіла, яны могуць ужыць любыя сродкі, яны нічога не саромеюцца, што пацвярджаецца кожны дзень. Гэта абсалютна несправядлівае стаўленне і да незалежнай прэсы, і да беларускага грамадства”.

Прэса –прапагандысцкі інструмент?

З Юрасём Губарэвічам згодны і галоўны рэдактар газеты “Товарищ” Сяргей Вазняк: “Улады баяцца вольнага слова. Для цяперашняй улады прэса – гэта інструмент прапагандысцкі, а не інфармацыйны. Усё лагічна, і было б дзіўна, калі б далі без перашкодаў праводзіць падобныя мерапрыемствы”.

Міліцыянты станоўча адказалі прысутным на пытанне, ці можна без дазволу ўладаў проста чытаць зарэгістраваныя незалежныя выданні на вуліцы. Пачуўшы з вуснаў праваахоўнікаў “так”, людзі разгарнулі газеты і прастаялі так каля пятнаццаці хвілінаў, пасля чаго накіраваліся ў Генеральную пракуратуру, каб напісаць скаргу на дзеянні праваахоўнікаў, якія забаранілі распаўсюдзіць зарэгістраваныя ў Міністэрстве інфармацыі газеты.

Запіс у Кніжцы заўвагаў і прапановаў

Аднак у Генпракуратуры, куды прайшоў Віктар Івашкевіч, адмовіліся прымаць заяву і нават прадаставіць Кнігу заўвагаў і прапановаў, пасля чаго ўся дэпутацыя скіравалася ў прыёмную Міністэрства ўнутраных справаў. Там да людзей паставіліся больш уважліва і далі Лявону Баршчэўскаму і Віктару Івашкевічу пакінуць запіс у Кніжцы заўвагаў і прапановаў.

“Мы напісалі, што адбылося каля Галоўпаштамта, калі нам забаранілі раздаваць зарэгістраваныя газеты, і просьбу разабрацца наконт законнасці дзеянняў маёра Станілевіча. Будзем чакаць афіцыйнага адказу, як яны сфармулююць і абгрунтуюць законнасць гэтых дзеянняў”, - адзначыў Віктар Івашкевіч.

Дарэчы, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка трапіў у абноўлены спіс трыццаці дзевяці “Ворагаў свабоды прэсы”, прэзентаваны міжнароднай арганізацыяй “Рэпарцёры без межаў” напярэдадні Міжнароднага дня Свабоды прэсы. А ў Індэксе Свабоды слова за 2007 год, складзеным амэрыканскім даследчым цэнтрам “Freedom House”, Беларусь апусцілася с 186 на 188 месца сярод 195 краінаў.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще