1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Несвяточнае свята. Для беларускіх палякаў.

Ларыса Новікава14 ноября 2006 г.

Польшча адсвяткавала гадавіну незалежнасці краіны.

https://p.dw.com/p/9OLe

Гэтае свята адзначаецца ад 1918 году на гонар аднаўлення самастойнай польскай дзяржавы пасля 123 гадоў раздзелу Польошчы паміж Расіяй, Прусіяй ды Аўстрыяй. У Гародні каля 800 беларускіх палякаў - прыхільнікаў незалежнага Звязу палякаў з розных рэгіёнаў Беларусі таксама арганізавалі ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды Дня незалежнасці, на якіх прысутнічаў Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гародні Андждэй Крэнтоўскі. Хаця актывістам не прызнанага беларускімі ўладамі СПБ яўна не да ўрачыстасцяў. Літаральна некалькі дзён таму ціск на незалежную грамадскую арганізацыю зноў узмацніўся.

Гарадзенская міліцыя на падставе ліста з абласнога Камітэта па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў пачала расследаванне дзеянняў незалежнага Саюза палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс. Як Борыс, так і іншым актывістам СПБ інкрымінуецца незаконнае прысвойванне службовых паўнамоцтваў. Вядзецца расследаванне, на якой падставе Анжаліка Борыс дзейнічае ад імя Саюза палякаў Беларусі. Таму на допыты ў міліцыю былі запрошаныя многія з тых, хто зараз працуе ў незалежным СПБ.

Да новых прыкладаў ціску можна далучыць суд нібыта за хуліганцтва над сябрам незалежнага СПБ Анджэям Кусяльчуком, які дарэчы ёсць палітычным дарадцай аднаго з лідараў апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча. Таксама за хуліганцтва міліцыя затрымала намесніка старшыні СПБ Мечыслава Яскевіча. У адносінах да яго ўзбуджаная крымінальная справа.

А старшыня СПБ Анжаліка Борыс праходзіць сведкай па крымінальнай справе «Кантрабанда наркотыкаў» пасля таго, як беларускія мытнікі знайшлі наркатычныя сродкі у аўтамабілі, у якім Борыс ехала з Літвы на Беларусь. Кіроўца аўтамабілю, актывіст СПБ Анджей Лісоўскі прыцягнуты як абвінавачваемы па той жа крымінальнай справе, якой зараз займаецца КДБ. У ягонай кватэры быў праведзены ператрус, але ніякіх доказаў вінаватасці Лісоўскага не было знойдзена. Падчас допыту ў абласным Камітэце дзяржаўнай бяспекі ў Анджэя Лісоўскага адабралі пашпарт і прымусілі даць падпіску аб нявыездзе. А кіраўнічку СПБ Анжаліку Борыс як сведку па справе аб наркотыках амаль чатыры гадзіны апытваў следчы КДБ.

Адзін з актыўных дзеячаў незалежнай арганізацыі, рэдактар часопісу Саюза палякаў «Магазын польскі у выгнанні», журналіст Анджей Пачобут, акрэслівая брутальную сітуацыю вакол незалежнага СПБ, лічыць, што:

«Гэтыя дзеянні беларускіх уладаў, - я маю на увазе крымінальныя абвінавачанні у адрас кіраўніцтва незалежнага СПБ, - сведчаць пра тое, что папярэдняя стратэгія, якую прынялі беларускія ўлады, не прынесла аніякага плёну. Афіцыйная арганізацыя СПБ не падтрымліваецца нацыянальнай меньшасцю, яе не прызналі польскія ўлады. У такіх умовах улады Беларусі выкарыстоўваюць грубыя метады, з дапамогай якіх яны вырашылі знішчыць незалежны СПБ.

Вось таму адбылася правакацыя з падкідваннем наркотыкаў і з бойкай, якую нібыта ўчыніў намеснік Анжалікі Борыс Мечыслаў Яскевіч. Безумоўна, гэта новы віток напружанасці ў адносінах Саюза палякаў і уладаў Беларусі».

Як на Вашу думку могуць надалей развівацца падзеі, спытала я ў Анджэя Пачобута?

“Безумоўна, сітуацыя вельмі складаная. Але я ўпэўнены у тым, што праблемы нацыянальнай меньшасці ніколі не могуць быць вырашаныя шляхам сілы, шляхам запалохвання. Улады разлічвалі на тое, что, падкідваючы наркотыкі ці абвінаваціўшы у хуліганцтвы, яны запалохаюць шэраговых сябраў СПБ. Але яны ў чарговы раз памылілся, таму што адбылася паседжанне Галоўнай Рады Саюза палякаў, прыехалі людзі з усіх рэгіёнаў і аднагалосна прынялі рашэнне, што калі нехта апынецца за кратамі, то мы будзем выходзіць на уліцы, арганізоўваць акцыі пратэсту і дамагацца вызвалення палітічных вязняў”.