1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Новы беларускі трыб'ют

Юнэля Крупенька

Упершыню ў Беларусі ўбачыў свет музычны альбом-прысвячэнне Gods Tower – цяжкога рок-гурту з Гомеля, які мае прыхільнікаў у шматлікіх краінах свету.

https://p.dw.com/p/7lZ1
Фото: AP

Дыск, які ўжо маецца ў продажы, названы «Вартавыя Вежы Багоў».

Гэты дыск стаўся чацвёртым буйнамаштабным беларускім трыб’ютам - прысвячэннем. Раней выходзілі прысвячэнні гуртам «Песняры», N.R.M. і Depeche Mode і, мяркуючы па статыстыцы продажаў, беларуская публіка прыняла саму ідэю трыб’ютаў.

Gods Tower быў адным з самых вядомых метал-калектываў Беларусі. Іх дыскі з кампазіцыямі на ангельскай мове выдаваліся ў Еўропе яшчэ ў той час, калі ў нашай краіне музычна-выдавецкая дзейнасць толькі пачыналася. Калі ў 2002 годзе музыкі абвесцілі пра распад гурту, многія фанаты адмаўляліся верыць. А смерць яе заснавальніка і гітарыста Аляксандра Уракава згубіла ўсе надзеі на аднаўленне каманды. Таленавітаму музыку і прысвечаны трыб’ют.

У стварэнні альбому бралі ўдзел больш за 20 гуртоў з Беларусі, Украіны і Расіі. Такая вялікая цікавасць стала нечаканай для выдаўцоў. Таму было вырашана не рабіць адбор, а змясціць усе кампазіцыі на двух дысках. Дарэчы, гэта першы падвойны альбом у гісторыі беларускага року. Сярод выканаўцаў – вядомыя калектывы «ТТ-34», «Камаедзіца», Znich, Soncavarot, Partyzone і Rasta, а таксама маладыя гурты Stod, «Зьмяя», «Навій Санм», «Янтарныя Слёзы» ды іншыя. У трыб’юце браў удзел і гурт, у склад якога ўваходзіць экс-вакаліст Gods Tower Уладзіслаў Наважылаў, вядомы таксама як Ножык.

Трыб’ют – гэта 2 гадзіны творча пераапрацаваных кампазіцыяў Gods Tower на чатырох мовах: беларускай, ангельскай, украінскай і рускай. Цікава, што менавіта гурты з Расіі выконваюць свае кавер-версіі на беларускай мове. А вось іх беларускія калегі экстрымальнага фронту, якія імкнуліся быць бліжэй да першакрыніцы, спяваюць збольшага па-ангельску. Аўтар ідэі трыб’юту, кіраўнік кампаніі БMA-Group Віталь Супрановіч тлумачыць, што ў сваіх праектах звычайна ўлічвае еўрапейскія культурныя традыцыі. Ён мяркуе, што песні Gods Tower на роднай мове будуць больш зразумелымі для суайчыннікаў. У якасці прыкладу ён прыводзіць трыб’ют сусветна вядомага шведскага поп-гурту АВВА, які, як вядома, таксама спяваў толькі па-ангельску. А на трыб’юце ўсе песні выконваюцца на шведскай мове, што падкрэслівае нацыянальную прыналежнасць калектыва.

Дарэчы, аглядальнікі беларускага музычнага метал-інтэрнэрпарталу дасканала праналізавалі кожную кампазіцыю трыб’юта і зрабілі выснову, што альбом «Вартавыя Вежы Багоў» будзе цікавы не толькі аматарам цяжкога року. Усялякі прыхільнік музыкі «можа знайсці для сябе на дыску што-небудзь па сэрцы ці то стоадсоткавыя копіі хітоў гурту Gods Tower, ці то далёкія ад арыгіналу кампазіцыі», - падкрэсліваецца ў рэцэнзіі.