1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Новы віток інфармацыйнай вайны з ЗША, альбо артпадрыхтоўка да парламенцкіх выбараў?

Паўлюк Быкоўскі30 мая 2008 г.

29 траўня беларускае тэлебачанне паказала сюжэт з абвінавачваннем пасольства ЗША ў фінансаванні беларускай апазіцыі па сваёй Праграме малых грантаў. Што стаіць за гэтым абвінавачваннем і наколькі яно абаснаванае?

https://p.dw.com/p/E9ls
Фото: AP

Для пераканаўчасці быў паказаны фрагмент аператыўнага запісу допыту кіраўніка брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ Змітра Шыманскага і запіс утоенай камерай гутаркі з адным з супрацоўнікаў пасольства – беларускім грамадзянінам Аляксандрам Мельнікавым.

Актывіста Партыі БНФ, кіраўніка моладзевага аб'яднання "Сузор'е" Змітра Шыманскага 28 траўня ў Мінску затрымалі супрацоўнікі КДБ, знайшлі ў яго 1.700 USD і канфіскавалі іх па падазрэнні ў тым, што яны нібы фальшывыя. З сюжэту жа БТ, паказанага ўвечары 29 траўня, вынікае, што апазіцыянер нібы прызнаўся ў атрыманні грошай у пасольстве ЗША. Аднак сам Зміцер сцвярджае, што ён адмовіўся даваць сведчанні, а грошы былі яго ўласныя, якія ён прыгатаваў для куплі кампутара.

Прапагандысцкі эфект

У пасольстве ЗША 30 траўня не каментавалі сітуацыю, а на сайце Праграмы малых грантаў Камісіі па дэмакратыі амбасады ЗША наўпрост сказана: "Гранты не могуць выкарыстоўвацца для вядзення партыйнай ці палітычнай дзейнасці. Аднак, непартыйная адукацыйная ці інфармацыйная дзейнасць у галіне выбараў можа быць разгледжана".

Дакладна не вядома, ці атрымоўваў Шыманскі грант і калі атрымоўваў, то ў якасці каго і для якой дзейнасці. Аднак фабрыкацыя сюжэту з абвінавачваннем пасольства ў фінансаванні апазіцыі відавочна мае прапагандысцкі эфект.

Ці з'яўляецца гэта працягам інфармацыйнай вайны з ЗША, альбо артпадрыхтоўкай да парламенцкіх выбараў? "Я думаю, што і тое, і тое прысутнічае", -выказаў сваё меркаванне ў інтэрв'ю "Нямецкай хвалі" палітолаг Уладзімір Роўда. На яго думку, зараз улады зацікаўленыя, каб парламенцкія выбары прайшлі па іх сцэнару, унесці раскол у апазіцыю, каб яна не ўдзельнічала як адзінае цэлае, а таксама паказаць, што яна фінансуецца з адной замежнай кішэні.

Інфармацыйна-псіхалагічная вайна будзе ўзмацняцца

Уладзімір Роўда звярнуў увагу на тое, што гэта здараецца не ў першы раз: “Перад рознымі аналагічнымі падзеямі, я ўзгадваю яшчэ тыя выбары 2001 года, калі яны адшукалі інфарматараў у амбасадзе Злучаных Штатаў, спіс атрыманнікаў грантаў, але чамусьці сярод іх не было ніводнай палітычна важнай персоны, а былі ў асноўным прадстаўнікі няўрадавых арганізацый...".

З калегай згодны палітолаг Валер Карбалевіч. Па яго словах, тэзіс пра тое, што беларуская апазіцыя прадажная і што ў Беларусі ўвогуле няма глебы для існавання апазіцыі- гэта старая кампанія. “А тое, што напярэдадні выбараў гэтая інфармацыйна-псіхалагічная вайна супраць апанентаў будзе ўзмацняцца - гэта відавочна. Хаця я не думаю, што тут улады будуць шмат перагібаць палку, бо ўлада не зацікаўлена ў палітызацыі выбараў у Палату прадстаўнікоў", - адзначыў Валер Карбалевіч. Ён мяркуе, што ўлады будуць сыходзіць з прынцыпу: не будзі ліха, пакуль ціха. Таму падобныя прапагандысцкія сюжэты не будуць дамінаваць.

Антызаходняя рыторыка як частка перамоваў з Расіяй

А вось кіраўнік Цэнтру Мізеса пры аналітычным цэнтры "Стратэгія" Яраслаў Раманчук перакананы, што ўсё будзе залежыць ад пэўнай кан'юнктуры. Ён мяркуе, што антызаходняя, антыамерыканская рыторыка хутчэй з'яўляецца не толькі часткай геапалітычнага выбару кіраўніцтва Беларусі, але таксама і часткай перамоў у тым ліку і з Расіяй па нафце і газу.

“Калі трэба паказаць Расіі сваю лаяльнасць, тады ідзе рэзкая рыторыка супраць Амерыкі. Тое, што было па беларускім тэлебачанні - гэта былі розгаласы менавіта гэтай кампаніі. Але, я думаю, што гэта будзе заціхаць, паколькі ўсё, што жадала атрымаць Беларусь ад Крамля - яна пакуль атрымоўвае. Я думаю, што нам варта чакаць спробаў нармалізацыі адносін і тое, што мы бачым, гэты пакуль ціск "каршакоў" у Адміністрацыі прэзідэнта, якое відавочна пакуль дамінуе, але ёсць і іншыя галасы. Нажаль яны пакуль не чутныя" – адзначыў Яраслаў Раманчук.

Кіраўнік Цэнтру Мізеса пры аналітычным цэнтры "Стратэгія" мяркуе, што далейшы кірунак прапагандысцкай машыны будзе залежыць ад таго, для чаго прэзідэнт мяркуе выкарыстаць Палату прадстаўнікоў.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще