1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Падарожжа па маёй краiне

Марына Мазуркевіч

Мала хто ведае, што лёгкія Еўропы – беларускія балоты – выратавалі бабры. Апошняя іх папуляцыя была знойдзеная ў дваццатых гадах мінулага стагоддзя на тэрыторыі цяперашняга Бярэзінскага біясфернага запаведніка.

https://p.dw.com/p/9HDJ

"Больш нідзе: ні ў Беларусі, ні ў Расіі бабры не засталіся. Гэта быў звер з каштоўным футрам. Урад Савецкага Саюза быў вельмі зацікаўлены, каб захаваць баброў і экасістэмы, у якіх яны жывуць. Вялікі комплекс верхавых, журавінных яшчэ іх называюць, балот быў захаваны, і большую частку запаведніка нават зараз, калі ён амаль удвая стаў большым, займаюць балоты”,

- расказвае дырэктар грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Беларусі” Аляксандр Вінчэўскі, пакуль мы пераадольваем на машыне шлях у сотню кіламетраў, кіруючы ад Мінска туды, дзе чалавек можа назіраць за працэсамі, якія адбываюцца ў прыродзе, але пазбаўлены права ўмешвацца ў іх.

За 80 гадоў колькасць бабровых паселішчаў у запаведніку вырасла амаль у дзесяць разоў. Зрэшты, тут утульна адчуваюць сябе і іншыя жывёлы. Толькі тут, у паўднёвай тайзе можна пабачыць вялікую еўрапейскую пяцёрку: зубра, воўка, рысь, лася і мядзведзя.

“Перад вайной у запаведніку была такая цікавостка, як лосеферма. Можа, для патрэб сельскай гаспадаркі, а, можа, якую-небудзь ласіную кавалерыю хацелі зрабіць у Чырвонай Арміі. Супрацоўнікі запаведніка працавалі над тым, каб прыручыць і аб’ездзіць ласей, каб можна было іх запрагаць, гарматы якія цягаць. Але, на жаль, у вайну усе гэтыя здабыткі былі знішчаны. І пасля вайны ласямі ў Беларусі ўжо ніхто не займаўся”,

- узгадвае Аляксандр Вінчэўскі. Тутэйшы статак зубраў самы дзікі з усіх васьмі груповак, якія існуюць у Беларусі, бо жывуць яны амаль у некранутай прыродзе. Але на эмблему Бярэзінскага запаведніка трапіў усё ж іншы звер – буры мядзведзь. Тут жыве самая вялікая ў Беларусі папуляцыя гэтых жывёл, налічваецца каля трох дзесяткаў. Нам карціць пабачыць хаця б аднаго іх. Ды толькі Аляксандр расчароўвае:

“Канешне, каб сустрэць дзікіх звяроў, трэба мець вялікі шацунак. Сляды можна сустрэць.”

А вы мядзведзя бачылі?

“Сляды бачыў. Мядзведзя – не”.

Наведвальнікі запаведніка могуць гуляць толькі па вёсках ды турыстычных шляхах. Сярод яловага гушчару для турыстаў пракладзеная экалагічная сцяжына, якая лічыцца лепшай у Беларусі. Даўжыня яе – пяць кіламетраў. Пакуль ідзеш, мінаеш усе асноўныя экасістэмы запаведніка.

Прабіраемся да вышкі, з якой можна агледзець наваколле. Балота з вышыні 12 метраў – гэта россыпы журавінаў сярод дывана з рознакаляровых імхоў, сосны, якія ад лішку вільгаці дасягаюць вышыні ўсяго 2-3 метраў і прымаюць незвычайную форму, бы рукатворныя дрэвы бансай. Ад такога відовішча ды паху багуна проста дух займае. Беларусы, разумею ў гэты момант я, хоць і лічацца людзьмі на балоце, але часцей уяўляюць яго па кніжках ды па кінастужках.

Усе людзі думаюць, што гэта топі, дзе можна лёгка загінуць. На самой справе, на большасці балот, калі чалавек не самагубца, то трэба захацець. Само па сабе балота ўяўляе сабой махавую падушку, па якой хадзіць прыемна, але калі трэба далёка ісці, то цяжка.

Калі прыйсці ў пачатку мая, то можна са сцяжынкі пачуць цецерукоў. Калі ранкам прыйсці, бо яны там такуюць, і іх спевы разносяцца на кіламетр.

У самае сэрца запаведніка экскурсіі не водзяць. Па словах супрацоўнікаў, там гушчар і балота захаваліся такімі, якімі былі ў 17-18 стагоддзях. Нават звычайныя шэрыя вароны вядуць тут першабытны лад жыцця: ласуюцца журавінамі ды падаллю, каб паспець захапіць месца для гнязда на нешматлікіх дрэўцах паабапал балота і жыць, як іх продкі. Пабачыць такое – усё адно што ў гасцях у пячорнага чалавека пабываць:

„Тут праходзіў найкарацейшы шлях вікінгаў са Скандынавіі ў Візантыю. А яшчэ запаведнік месціцца на вадападзеле паміж бесейнамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Сцёк з аднаго возера, Плаўна называецца, ідзе адразу на Поўнач – у Заходнюю Дзвіну і на поўдзень – у Бярэзіну“,

- дзеліцца ўражаннямі трынаццацігадовая Ірына Касцючэнка.

Бярэзінскі запаведнік толькі некалькі гадоў таму адкрылі для турыстаў. Мінскія школьнікі вельмі ахвотна наведваюць яго. Гаворыць супрацоўнік адной з мінскіх турфірм Улад Дзергачоў:

„Это относительно недорогая однодневная экскурсия – на одного ребенка 20 тысяч рублей. Дорога неутомительная – всего около двух часов в одну сторону. Березинский заповедник пользуется спросом и у взрослых. Тем более, что там действуют два гостиничных комплекса «Сергуч» в Домжерицах и «Плавно», бывшая резиденция Петра Машерова на берегу озера с таким же названием. Проживание с завтраком в обычном номере в “Сергуче” обойдется в 30 тысяч рублей, в “люксе” – около 100 тысяч. Охотники обычно выбирают более дешевые гостевые домики, где, кстати, есть кухня, чтобы приготовить только что добытую дичь“.

Выязджаючы на шашу мы заўважаем, што лес з абодвух бакоў нашмат маладзейшы за той, які давялося ўбачыць падчас падарожжа па экалагічнай сцяжыне.

Гэты лес адлюстроўвае самую чорную старонку ў гісторыі запаведніка, калі ў 1951 годзе Сталін знішчыў больш чым палову савецкіх запаведнікаў. У іх лік папаў і Бярэзінскі. У той час у запаведніку пачалі працаваць тры леспрамгасы, якія знішчылі больш палавіны лясоў, якія былі ў запаведніку,

- тлумачыць Аляксандр Вінчэўскі. Дзякуючы таму, што дзейнічалі леспрамгасы не больш за 10 гадоў, Бярэзінскі запаведнік, дзе захаваліся многія віды жывёлаў ды раслін, якія зніклі ў Заходняй Еўропе, мае сёння права прэтэндаваць на сваё месца ў Спісе сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.