1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Палітыка пугі і перніка

18 декабря 2008 г.

На бягучым тыдні ў Беларусі мелі месца як санкцыянаваныя, гэтак і не дазволеныя ўладамі вулічныя мерапрыемствы дэмакратычных сілаў, якія скончыліся затрыманнямі ўдзельнікаў.

https://p.dw.com/p/GJDm
Фота з архіву. Затрыманні актывістаў у Дзень салідарнасці. 16 верасня 2008 годаФото: AP

У Беларусі на гэтым тыдні адбыліся як санкцыянаваныя, гэтак і не дазволеныя ўладамі вулічныя мерапрыемствы дэмакратычных сілаў, якія ў некаторых выпадках скончыліся затрыманнямі ўдзельнікаў.

Сярод падзей тыдня таксама арганізаваны 15 снежня грамадскім аб'яднаннем "Перспектыва" і дазволены ўладамі Марш прадпрымальнікаў, у якім прынялі ўдзел да трох тысяч чалавек, і рэгістрацыя грамадскага праваабаронча-асветніцкага аб’яднання Рух "За свабоду", які ачольвае экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч.

Затрыманні ў Дзень салідарнасці

У аўторак 16 снежня, калі ў краіне і па-за яе межамі традыцыйна адзначаецца Дзень беларускай салідарнасці, у Мінску былі затрыманыя пяцёра актывістаў аргкамітэту па стварэнні руху "Маладая Беларусь". Артур Фінькевіч, Алесь Сцепаненка, Валерый Саковіч, Сяргей Кастыленка і Алег Керольяны. Іх затрымала міліціыя ў студэнцкім гарадку Беларускага дзяржаўнага універсітэта, калі маладзёны раздавалі студэнтам улёткі з інфармацыяй пра зніклых апанентаў рэжыму Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага. Актывістаў утрымлівалі ў пастарунку Маскоўскага раёна сталіцы некалькі гадзінаў, пасля чаго адпусцілі без складання пратаколаў.

А ў Полацку супрацоўнікі міліцыі ўвогуле не далі правесці акцыю салідарнасці і пагражалі актывістам затрыманнем. У той жа дзень віцебскія прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" вывесілі бел-чырвона-белы сцяг насупраць будынку аблвыканкаму. Актывіст кампаніі Кастусь Іваноў быў затрыманы і дастаўлены ў Кастрычніцкі РАУС Віцебска, дзе яго трымалі дзве гадзіны і вызвалілі таксама без складання пратаколу.

Вымовы як сродак пакарання

Актывістак "Маладога фронту" Таццяну Шапуцьку і Насту Лойку, якія з’яўляюцца студэнткамі юрыдычнага факультэта БДУ, пакаралі вымовай за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, які адбыўся ў Мінску ля помніка Дзяржынскаму яшчэ 7 лістапада. Дзяўчынам пагражалі адлічэннем з універсітэта пасля таго, як яны адбылі трохсутачны адміністратыўны арышт за ўдзел у антыкамуністычнай акцыі ў гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі, аднак, на першы раз кіраўніцтва ВНУ абмежавалася вымовай.

Воцатная справа

У Маскоўскім судзе Мінска 17 снежня адбыўся судовы працэс па абвінавачванню лідэра Грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва", Анатоля Шумчанкі ў крадзяжы пляшкі воцату ў адной са сталічных крамаў.

На судзе высветлілася, што прозвішчам Шумчанкі прадставіўся чалавек, у торбе якога, апроч скрадзенай пляшкі воцату, знаходзіўся кілаграм харчовага маку і хімічны растваральнік. Чалавек, які выдаў сябе за Шумчанку, назваў як уласны хатні адрас лідэра "Перспектывы". А позву ў суд даслалі ўжо сапраўднаму Шумчанку.

Пасля высвятлення гэтых абставінаў кіраўнік "Перспектывы" быў апраўданы. Цікава, што Анатоль Шумчанка атрымаў позву ў суд акурат напярэдадні арганізаванага ім і дазволенага ўладамі "Маршу прадпрымальнікаў", які прайшоў у сталіцы ў мінулы панядзелак.

Не пішыце, куды не трэба

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і актывіст моладзевага крыла АГП Міхась Пашкевіч атрымалі афыіцыйнае папярэджанне Генеральнай пракуратуры "Аб недапушчальнасці парушэння Закона аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі".

Пракуратура палічыла, што абодва палітыкі маюць дачыненне да выдання незарэгістраванай газеты "Глыток паветра". Па словах Міхася Пашкевіча, папярэджанне было падпісана намеснікам генпракурора Аляксеем Стукам, былым пракурорам горада Мінска.

"Менавіта з падачы гэтага пракурора супраць мяне была ўзбуджана крымінальная справа, калі мяне асудзілі на вядомым "Працэсе чатырнаццаці", - адзначыў моладзевы актывіст. Паводле Пашкевіча, гэта ўжо трэцяя справа, па якой яго выклікае менавіта гэты супрацоўнік паркуратуры.

Не чытай Евангелле прылюдна

15 снежня святар царквы "Новае жыццё" рэлігійнага аб'яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля Сяргей Луканін быў затрыманы супрацоўнікамі спецслужбаў. Калі ён разам з дзвюма прыхажанкамі царквы пасля нядзельнага богаслужэння вырашыў прапаведаваць Евангелле сярод жадаючых жыхароў сталіцы, яго схапілі пераапранутыя спецназаўцы і прывялі ў будынак Палацу спорту. Толькі пасля таго, як Луканін прад’явіў пасведчанне святара, яго адпусцілі.

Генадзь Канстанцінаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме