1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Папаўненне ў заапарку – заўсёды радасная падзея

Ларыса Новікава

Нягледзячы на моцныя маразы у старэйшым заапарку краіны у Гродна – папаўненне. Падрастаюць самачкі гамадрыла ды анцілопы-нільгаў, якія нарадзіліся нядаўна

https://p.dw.com/p/7rPJ
Фото: AP

З Краснаярску прывезлі пару якаў ды вінтарогага казла, а з Днепрабугскага запаведніка – двух плямістых аленяў. У 2007 годзе Гарадзенскі заапарк будзе адзначаць юбiлей. 80 год таму выкладчык біялогіі прафесар Ян Каханоўскі адчыніў жывы куток, першымі жыхарамі якога былі паранены бабёр, воўк, зайцы ды вожыкі. Сёння калекцыя Гарадзенскага заапарку прадстаўляе каля 4 тысячаў жывёлаў больш чым за 300 відаў. З гэтай колькасці звыш за 50 відаў унесена ў Чырвоную кнігу Міжнароднага союзу аховы прыроды і ў Чырвоную кнігу Беларусі.

У гэтыя дні ў заапарку стаіць незвычайная цішыня. Пры тэмпературы ніжэй за мінус 20 наведвальнікаў няшмат. Амаль усе жывёлы і птушкі схаваліся ў цёплыя вальеры. У такі холад з іх выходяць толькі ўладальнікі шыкоўных у гэтую пару года футраў – зубры, мядзведзі ды яноты. А на замёрзлым ставе, дзе месціцца мноства птушак, служыцелі заапарку ў дзень і ў ноч павінны разбіваць лёд.

Але зімовая сцюжа не перашкаджае прабывальнікам заапарку жыць уласным асаблівым жыццём. Намеснік дырэктара заапарка Любоў Падабед распавядае, што менавіта ў студзені нясуць яйцы папугаі, а ў шмат якіх жывёл пачынаецца гон. Нядаўна дзікоў злучылі з саміцамі, дык зараз супрацоўнікі маюць клопат з чысткай вальераў ды з закладкай корму. У разгары – сезон вяселляў у серабрыста-чорных лісіцаў ды пясцоў. Хутка пачнуцца шлюбныя заляцанні ў рыжых лісаў ды ваўкоў. Па словах Любові Падабед, на здзіўленне супрацоўнікаў заапарку раньш вызначаннага прыродай часу з”явіўся пышны шлюбны ўбор у самца шэрай чаплі. Ён ужо пачаў будаваць гняздо для сваёй сяброўкі-чаплі і будучых птушанят.

Нараджэнне маленства ў заапарку – заўсёды радасная падзея. У Гродна у свой час нарадзіліся малышы цібецкіх якаў і паўднёваамерыканскіх ламаў, афрыканскіх ды індыйскіх анцілопаў, парагвайскіх анакондаў, чорных пантэраў, ільвоў, тыграў ды ягуараў. Аб нараджэнні жывёлаў, якія занесеныя у Чырвоную кнігу, адразу інфармуюцца міжнародныя прыродаахоўныя арганізацыі ды усе заапаркі свету.

А вось у аднагорбай вярблюдзіцы кавалера пакуль няма. Чакае на выданніцу й самец кенгуру-бенета. Па словах Любові Падабед, знайсці для яго сяброўку складана. Грошы на пакупку ёсць, але гэты від кенгуру –жывёла рэдкая і ў іншых заапарках.

Стаіць парожняй клетка пасля таго, як памёр улюбенец гарадзенцаў слон Сурак, які ў 7-гадовым узросце быў прывезены з Нямеччыны і пражыў у гарадзенскім заапарку амаль 40 гадоў. Любоў Падабед паведаміла, што ў Адэскім заапарку гадуецца аднагадовае сланяня, якое можна перавезці ў Гродна толькі калі яму будзе тры гады. Набыццё слана будзе каштаваць 50 тысяч даляраў.

А пакуль у Гарадзенскім заапарку ідзе рэканструкцыя, дзякуючы якой ягоная тэрыторыя павялычыцца амаль удвая. Будзе пабудавана 30 новых вальераў для жывёлаў, а таксама спецыяльнае памяшканне для навуковых даследванняў.