1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Пачаўся крымінальны працэс над Андрэем Кімам

Генадзь Канстанцінаў1 апреля 2008 г.

У Цэнтральным райсудзе Мінска пачаўся працэс над актывістам “Ініцытывы” Андрэем Кімам, якога абвінавачваюць у гвалце дачынна супрацоўніка міліцыі. Ля будынку суда адбылося сутыкненне паплечнікаў Кіма з амапаўцамі.

https://p.dw.com/p/DYoo
Фото: AP

Апроч дзесяткаў тых прадстаўнікоў грамадскасці, што трапілі на працэс, ля будынку суда знаходзіліся яшчэ дзесяткі актывістаў дэмакратычных сілаў, пераважна моладзі, якім не хапіла месца ў залі судовых паседжанняў. Улады, ведаючы шырокі грамадскі розгалас справы Акндрэя Кіма, прадпрынялі жорсткія захады бяспекі – яшчэ на падходах да будынку суда дзяжурылі шматлікія спецназаўцы; у тых, хто накіроўваўся на працэс, правяралі дакументы і торбы яшчэ ля судовай брамы. Журналістам ахоўнікі забаранілі весці фота- і тэлездымкі. Фотакарэспандэнтку недзяржаўнай газеты “Наша ніва” Юлію Дарашкевіч міліцыянты без рашэння суддзі папросту вышпурнулі з залі суда.

Загадзя падрыхтаваны працэс

Паводле паплечніка А. Кіма па арганізацыі “Ініцыятыва” Аляксея Бондара, вулічная акцыя прадпрымальнікаў 21 студзеня, пасля якой быў затрыманы актывіст, стала толькі падставай для арышту маладзёна:

“Андрэя і ўвогуле нас усіх з “Ініцыятывы” даўно папярэджвалі, што будзе ісці жорсткі пераслед з боку КДБ, і вось гэтыя прадпрымальніцкія страйкі падштрурхнулі арышт, а да гэтага, яшчэ пасля 10 студзеня, нас вышукваў Цэнтральны РУУС Мінска. Таму на Андрэя адразу былі складзеныя тры адміністратыўныя пратаколы і заведзеная крымінальная справа”.

Былы выкладчык зачыненага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, у будынку якога цяпер месціцца суд Цэнтральнага раёну і дзе адбываецца працэс над Анрдрэем Кімам, Лявон Баршчэўскі лічыць, што праз такія працэсы над маладымі людзьмі рэжым хоча забяспечыць сабе будучыню:

“Ён думае, што сёння ўпэўнена трымае лейцы ў руках, а значыць, трэба патэнцыйна выціскаць з краіны ў першую чаргу моладзь. Ён разумее, што гэтую моладзь не зломіш так, наўпрост, але прымусіць з’ехаць на эміграцыю, а такой моладзі даволі многа, каб выключыць з палітычнага працэсу, то ў першую чаргу трэба зрабіць гэта. Таму што рэжым думае пра будучыню, ён хоча доўга кіраваць”.

Кім застанецца за кратамі

Суддзя Алена Ільіна, адхіліла хадайніцтва адваката Тамары Сідарэнкі аб змяненні меры стрымання Андрэю Кіму на падпіску аб нявыездзе, хоця абаронца прадставіла гарантыі закладу, прадстаўленыя трымя грамадзянамі, таму падсудны застанецца на час судовага разбіральніцтва за кратамі. Апроч таго, суддзя задаволіла хадайніцтва дзяржаўнага абвінаваўцы Лук’янава аб аб’яднанні двух справаў супраць Кіма ў адну – апроч гвалту дачынна супрацоўніка міліцыі Андрэя і яшчэ дзевяць актывістаў абвінавачваюць і ў арганізацыі масавых беспарадкаў 21 студзеня пад час акцыі прадпрымальнікаў. Дата новага судовага працэсу будзе названая дадаткова.

Адвакат Тамара Сідарэнка з нагоды рашэння аб’яднаць справы сказала “Нямецкай хвалі”: “Я лічыла, што так рабіць не варта. Мы абмяркоўвалі з маім падабаронным магчымасць такога сыходу справы. Лепш бы гэтыя справы слухаліся асобна”.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі лічыць працэс над Андрэем Кімам чыста палітычным:

“Пад час апошніх акцыяў пратэсту мы заўважаем такую рэч, што самі акцыі праходзяць выключна мірна, у той жа час міліцыя брутальна нападае на дэманстрантаў, збівае іх, што мы бачылі 25-га сакавіка, і яны за гэта не адказваюць. Мы проста бачым, як гэты артыкул, любая зачэпка міліцыі выкарыстоўваюцца для такіх неапраўдана жорсткіх рэпрэсіяў у адносінах да грамадскіх актывістаў”.

Моладзь не спыніць

У той час,калі яшчэ ішоў працэс, насупраць будынку суда некалькі дзесяткаў маладзёнаў сталі ў ланцуг і разгарнулі расцяжку “Свабоду Андрэю Кіму!”. Яны гучна выкрыквалі “Жыве Беларусь!”, “Свабоду палітвязням!”. Праз колькі хвілінаў на іх кінуліся спецназаўцы, і пачалася сутычка. Амапаўцы штурхалі маладзёнаў, спрабавалі парваць расцяжку, а таксама партрэты Андрэя Кіма. Калі падагналі яшчэ два аўтобусы з байцамі АМАПу, актывістаў удалося выціснуць ад будынку суда.

Ак адзначыў заснавальнік “Маладога Фронту” Павал Севярынец, моладзь нельга запалохаць такімі пераследамі:

“Бо ў той час, калі адбываўся працэс над Кімам, дзесяткі маладых людзей скандавалі “Моладзі – свабоду!” каля суда. Гэта немагчыма, гэта наадварот толькі ўзмоцніць маладзёвы супраціў”.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме