1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Пашыраны спіс лекавых сродкаў, якія адпускаюцца без рэцэпта

Марына Мазуркевіч

Зараз у аптэцы можна свабодна набыць настойку пустырніка ці баярышніка, якая утрымлівае спірт. У той жа час патрабаванні да медыкаментаў, якімі дазволена гандляваць свабодна, становяцца больш жорсткімі.

https://p.dw.com/p/7paE
Фото: Bilderbox

Міністэрства аховы здароўя Беларусі зацвердзіла новы пералік лекавых сродкаў, якія адпускаюцца без рэцэпта. Адпаведнай пастановай выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Віктар Рудэнка пашырыў спіс безрэцэптурных прэпаратаў да тысячы гандлёвых найменняў. Зараз у аптэцы можна свабодна набыць настойку пустырніка ці баярышніка, якая утрымлівае спірт.

Пералік лекавых сродкаў, якія адпускаюцца без рэцэпта, перагледжваецца ў Беларусі прыкладна раз на год. Папярэдні варыянт быў абноўлены ў траўні 2005-га. Але цяпер, павовдле начальніка упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Мінаховы здароўя Людмілы Рэуцкай, яго трэба было пашырыць з улікам расійскага досведу і дырэктываў Еўразвязу. Толькі дзякуючы гэтаму ў новы безрэцэптурны спіс вярнуліся настойка пустырніка і баярышніка. У траўні мінулага года ў рамках антыалкагольнай кампаніі настойкі, даступныя па кошце большасці беларусаў, якія пакутуюць на сардэчна-сасудзістыя захворванні, забаранілі адпускаць без рэцэптаў толькі з нагоды таго, што гэтыя прэпараты ўтрымліваюць спірт.

У той жа час патрабаванні да медыкаментаў, якімі дазволена гандляваць свабодна, становяцца больш жорсткімі. Цяпер у Беларусі зарэгістравана больш за 6 тысячаў лекавых сродкаў. Каля 700 з іх -- айчыннай вытворчасці.

Начальнік упраўлення Мінаховы здароўя Людміла Рэўцкая адмаўляе, што многія прэпараты не трапляюць у свадобны продаж толькі таму, што з’яўляюцца дэфіцытам:

“Па рэцэптах адпускаюцца толькі тыя лекавыя сродкі, выкарыстанне якіх без медычнага нагляду выклікае прамую пагрозу жыццю пацыентаў”.

На думку Людмілы Рэўцкай, поўная адсутнасць ў грамадстве культуры ўжывання лекаў вядзе да таго, што “пакупнікі самі выбіраюць для сябе медычныя прэпараты, а фармацэўты аптэкаў свабодна прадаюць любыя сродкі”. Начальнік упраўлення Мінаховы здароўя падкрэслівае, што менавіта з гэтай нагоды, а не таму, што фармацэўтычная галіна прыносіць значны прыбытак, пастаўкі і рэалізацыя медпрэпаратаў знаходзяцца пад строгім кантролем дзяржавы. Увезці лекі на тэрыторыю Беларусі можна выключна з дазволу, выдадзенага Мінаховы здароўя.

Прадаваць - толькі пры наяўнасці дакументаў аб якасці, якія выдадзеныя дзяржаўнай кантрольна-аналітычнай лабараторыяй краіны.

“Меры, якія прадпрымаюцца, дазволілі таксама пазбегнуць з’яўлення на айчынным рынку падробленых лекаў”

- сцвярджае началнік упраўлення арганізацыі медычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Цыбін.

Па дадзеных статыстыкі Мінаховы здароўя, кожны жыхар Беларусі выдаткаваў у 2005 годзе на набыццё лекаў каля 27 еўра. Сума выдаткаў на пакупку лекаў узрастае ў Беларусі год ад году. Як сведчыць статыстыка, у 2005 годзе на набыццё лекаў для патрэбаў аховы здароўя было накіравана 11 адсоткаў усіх сродкаў, якія былі прадугледжаныя дзяржавай для медычнай галіны краіны.