1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Праблемы паўстануць падчас рэгістрацыі кандыдатаў?

Пётр Іваноў30 июля 2008 г.

Выбарчая кампанія на Гомельшчыне праходзіць пакуль без асаблівага супрацьдзеяння з боку ўлады. Прынамсі, не была зарэгістраваная толькі адна ініцыятыўная група па зборы подпісаў ад аб’яднаных дэмакратычных сіл.

https://p.dw.com/p/En0Z
Фото: AP

31 ліпеня Цэнтральная выбарчая камісія разгледзіць скаргу Пятра Кузняцова, чыя ініцыятыўная група па зборы подпісаў не была зарэгістравана. Гэта пакуль адзіная страта ў шэрагах гомельскіх дэмакратаў, якія на сёння маюць ініцыятыўныя групы ў 16 з 17 выбарчых акругаў на тэрыторыі вобласці. Але аптымістычныя лічбы яшчэ нельга лічыць паказчыкам таго, што ўлада дае апазіцыі магчымасць паўнавартасна ўдзельнічаць у выбарах. Па словах Васіля Палякова, кіраўніка абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, з рэгістрацыяй ініцыятыўных груп не было праблемаў і ў часе папярэдніх выбарчых кампаній:

"Праблемы паўставалі толькі падчас рэгістрацыі кандыдатаў. І ўжо тады з зарэгістраваных 5-7 групаў кандыдатамі заставаліся 1-2: адзін ад улады, другі ад апазіцыі".

Унутранае адзінства

Сваім сапраўдным поспехам гомельскія дэмакратычныя сілы лічаць захаванне ўнутранага адзінства. Цягам апошніх двух год кааліцыя здолела прыйсці да паразумення. Як вынік - цяпер у кожнай акрузе Гомельшчыны апазіцыя мае аднаго свайго патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты. Такая стратэгія апраўдвае сябе ў сённяшняй сітуацыі, лічыць Васіль Палякоў:

"Мы ўсё ж такі ўдзельнічаем не ў выбарах, а ў выбарчай кампаніі. Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму можа быць толькі белае ці чорнае: ёсць улада і апазіцыя. Калі некалькі твараў апазіцыі ці некалькі твараў улады, выбаршчыкі губляюцца і не ведаюць, за каго галасаваць. Таму ад улады ёсць адзін прадстаўнік і адзін прадстаўнік павінен быць ад апазіцыі, у дадзеным выпадку ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў".

Збор подпісаў ідзе даволі паспяхова

Васіль Палякоў спрабуе трапіць у парламент па Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе №34. Збор подпісаў сярод жыхароў Гомеля ідзе даволі паспяхова, і ініцыятыўная група Палякова ўжо назбірала запаветную тысячу. Аднак у малых гарадах і вёсках Гомельшчыны за апазіцыянераў падпісваецца не больш 30-40% насельніцтва. Актывіст Сяргей Трыфанаў збірае подпісы ў Буда-Кашалёўскім раёне і вылучае некалькі катэгорый людзей, якія не падтрымліваюць апазіцыю:

"Першая катэгорыя – самая маленькая – гэта перакананыя лукашысты. Другая катэгорыя – гэта людзі, якія жывуць па прынцыпу “мая хата з краю”, у іх усё адносна добра ці дрэнна, яны маюць свае праблемы, а нічога іншага ведаць не хочуць. Трэцяя катэгорыя – даволі вялікая – гэта тыя, хто хочуць паставіць, але баяцца наступстваў".

У часе збору подпісаў Сяргей Трыфанаў мае магчымасць непасрэдна размаўляць з электаратам. Па словах маладзёна, падтрымка дзейнага прэзідэнта, як і падтрымка апазіцыі, у рэгіёнах не такая ўжо і вялікая. Людзей прываблівае іншае:

"Я фактычна ўсім кажу – мой кандыдат падтрымлівае еўрапейскі заходні вектар развіцця Беларусі, арыентацыю на нармальныя краіны – Амерыку, Нямеччыну. Многія людзі на гэта ахвотна купляюцца".