1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Права быць вольным"

Генадзь Канстанцінаў24 сентября 2007 г.

Ва ўкраінскім Луцку адбыўся фэст беларускай рок-музыкі. У ім узялі ўдзел гурты, пазбаўленыя магчымасці даваць канцэрты на радзіме. Бальшыня аматараў альтэрнатыўнай музыкі з Беларусі да месца прызначэння так i не даехала.

https://p.dw.com/p/BjGD
У ліку забароненых - беларускі гурт "N.R.M."Фото: nrm.by.com

Арганізатарамі фестывалю, удзельнікамі якога былі беларускія гурты “Зьніч”, “Індзіга”, “БН”, “Таварыш Маўзэр”, “Сьцяна”, легендарныя “Уліс”, “Крама” ды Нейра-Дзюбель”, а таксама ўкраінская каманда “Тінь Сонця”, выступілі Шведскі Хельсінскі камітэт, Беларуская музычная альтэрнатыва, студэнцкая ініцыятыва “СтудФармат”, Еўрапейскае радыё.

Паводле словаў кіраўніка БМА Віталя Супрановіча, месца правядзення імпрэзы было абрана невыпадкова. «Дагэтуль мы думалі, што будзе больш зручна дабрацца з Беларусі на Украіну, бо для гэтага не патрэбная віза, але ўлады паказалі, што нават пры такім лёгкім варыянце яны могуць таксама перашкодзіць».

А перашкодзілі ўлады істотна. Пры тым так, што пераважная бальшыня аматараў беларускай рок-музыкі, якія цэнтралізавана і арганізавана накіраваліся ў Луцк, папросту не даехалі да месца прызначэння. Першы аўтобус з гледачамі змог даехаць толькі да Стоўбцаў, дзе яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Пасажыраў даставілі ў пастарунак, дзе склалі пратаколы, і пасля некалькіх гадзінаў змусілі ад’ехаць назад у Мінск ужо іншымі відамі транспарта.

Прававое бязмежжа

Другі аўтобус з паўсотняй гледачоў быў спынены каля Дзяржынску. Маладзёнаў таксама завярнулі назад дадому. Пры гэтым абодва вялікія аўтобусы былі арыштаваныя. Да таго ж, супрацоўнікі міліцыі ў самой сталіцы Беларусі даглядалі цягнікі і аўтобусы, якія накіроўваліся ў бок Украіны, каб недапусціць паездкі гледачоў на фестываль. У выніку да Луцку з Беларусі дабраліся толькі некалькі дзесяткаў беларусаў – хто рэйсавымі аўтобусамі, хто аўтаспынам. Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” юрыст Валянцін Стэфановіч назваў тое, што адбылося з гледачамі, прававым бязмежжа.

Беларускія чыноўнікі перашкаджаюць дзейнасці рок-музыкаў на радзіме, іх не круцяць па тэле- і радыёканалах і не даюць ліцэнзію на канцэртовую дзейнасць. На думку лідэра гурту “Зніч” Алеся Таболіча, прычына ў тым, што ўлады не вельмі разумеюць, што былі такія гурты як “Песняры” ці “Верасы”, якія спявалі па-беларуску і прапагандавалі ў той час беларускую культуру. “Яны не разумеюць, што не ў палітыцы ўвесь сэнс, а што людзі хочуць разумець, дзе яны жывуць, у якой дзяржаве, якую мову несці. У нас атрымаліваецца нейкі інтэрнацыянал: усё што заўгодна, але не беларускае. Калі беларускае – то нефармат”, - лічыць Алесь Таболіч.

Дыялог паміж рок-зоркамі і аўдыторыяй

Таму, як кажа салістка гурту “Індзіга” Руся, беларускія рок-выканаўцы і ўдзельнічаюць у такіх замежных фестывалях. “Як любыя музыкі, мы заўсёды прагнем сцэны, прагнем музыкі. Нажаль, у Мінску гэта ўсё не так проста зрабіць”.

Але страх уладаў, на думку Русі, палягае яшчэ і ў тым, што заўзятары беларускіх рок-музыкаў істотна розняцца ад прыхільнікаў таннай папсы. Паводле словаў салісткі гурту “Індзіга”, у рок-музыкі вельмі адукаваная, інтэлігентная, інтэлектуальная аўдыторыя. Таму калі слухачы ўжо падрыхтаваныя да нейекіх вынікаў, то рок-куміру дастаткова сказаць “Рабі як я”, і гэтыя людзі пойдуць і зробяць. Натуральна, што ўладам не вельмі хацелася б, каб атрымаўся такі адкрыты дыялог паміж рок-зоркамі, якія могуць нешта патлумачыць, і паміж аўдыторыяй.

Фестываль адбываўся пад патранатам Луцкага гарадскога савета дэпутатаў і мэра горада. Для беларусаў нават зрабілі выключэнне – дазволілі граць ажно да гадзіны ночы, хаця звычайна вулічныя мерапрыемствы завяршаюцца ў Луцку не пазней за дзесятую вечара.

Да прысутных з вітальным словам звярнуўся дэпутат гарсавету Ігар Гусь, які ў свой час па палітычных матывах быў дэпартаваны з Беларусі, і яму забаронены ўезд у краіну на пяць гадоў. Паводле ягоных словаў, сёння Беларусь застаецца апошняй дзяржавай, дзе пануе дыктатура і забіваюць палітыкаў. “Дэвіз нашага фетывалю – “Права быць вольным”. Нажаль, пакуль Беларусь не ёсць вольнаю. Але мы разам з беларусамі, бо мы іх браты. Мы разам будзем змагацца за вольную Беларусь. Разам мы пераможам”.

Стартавая пляцоўка ў творчым жыцці

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, тыя беларускія маладзёны, што трапілі на фэстываль, засталіся вельмі задаволеныя. Вось іх ўражанні: „Гэтую музыку мы не можам слухаць на Беларусі. Напрыклад, на нашым Кастрычніцкім пляцы ніколі такога не будзе. Мы можам тут пабачыць адно аднаго, паразмаўляць пра тое, пра што не можам размаўляць на радзіме, слухаць гэтую музыку і проста свабодна хадзіць, уздымаць нашыя сцягі. Я вельмі рада, што сюды прыехала, я адчуваю сябе вельмі добра”.

Гэты беларускі рок-фестываль быў ва Украіне першым, але не апошнім. Паводле яго арганізатараў, цяпер вырашаецца, калі будзе наступны раз. Хутчэй за ўсё, кожным чарговым разам гэты фэст будзе ладзіцца ў новым месцы, каб даць магчымасць пазнаёміцца з творчасцю беларускіх музыкаў як мага большай колькасці украінцаў. Да таго ж, паводле Віталя Супрановіча, у наступных імпрэзах будуць браць удзел гурты-пачаткоўцы, для якіх “Права быць вольным” мае стацца добрай стартавай пляцоўкай у творчым жыцці.