1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

9 июля 2010 г.

Споўнілася дзесяць гадоў ад дня выкрадання Зміцера Завадскага, невядомыя жорстка збілі моладзевых актывістаў, а дэмакратычная моладзь прэзентавала прапановы па альтэрнатыўнай службе.

https://p.dw.com/p/OFNn
На столе лежит молоток судьи - один из символов правосудия
Фото: Bilderbox

7 ліпеня незалежныя журналісты адзначылі дзесятыя ўгодкі гвалтоўнага выкрадання тэлеаператара ГРТ Зміцера Завадскага, у цэнтры Мінску невядомыя злачынцы жорстка збілі моладзевых актывістаў, прадстаўнікі дэмакратычных моладзевых арганізацыяў прадставілі свае прапановы ў закон "Аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе".

Гадавіна выкрадання журналіста

Журналисты, мать и жена Дмитрия Завадского у подъезда его дома
7 ліпеня споўнілася дзесяць гадоў ад дня гвалтоўнага выкрадання аператара тэлеканалу ГРТ Зміцера ЗавадскагаФото: DW

7 ліпеня споўнілася дзесяць гадоў ад дня гвалтоўнага выкрадання апетарата расійскага тэлеканалу ГРТ, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Зміцера Завадскага. Ранкам 7 ліпеня 2000 году Зміцер на службовай машыне скіраваўся ў Нацыянальны аэрапорт "Мінск", каб сустрэць свайго калегу і сябра Паўла Шарамета. Але сустрэчы не адбылося, на паркпляцоўцы аэрапорту быў знойдзены толькі легкавік журналіста са сцёртымі адбіткамі пальцаў. З таго часу нічога дакладнага пра лёс Зміцера Завадскага невядома, але, па словах ягонай жонкі Святланы, з пэўных крыніцаў стала вядома, што яе мужа жорстка забілі.

У дзесятую гадавіну знікнення журналіста да пад’езду дома № 70 па вуліцы Данілы Сердзіча ў Мінску, дзе пражываў Зміцер, прыйшлі ягоныя калегі і сябры, родзічы і суседзі. На лаўцы ля пад’езду быў усталяваны партрэт зніклага журналіста, да якога леглі шматлікія букеты кветак. На сцежцы сябры БАЖ знічкамі выклалі слова "Дзіма".

Чарговая адпіска

Маці Зміцера Вольга Рыгораўна Завадская распавяла, што следчыя органы не паведамляюць, што дакладна робіцца дзеля высвятлення лёсу яе сына.

Па словах Вольгі Завадскай, быў накіраваны ліст-зварот у пракуратуру, каб родзічам чарговым разам далі нейкія тлумачэнні, што ж за ўсе гэтыя гады зроблена, якія следчыя мерапрыемствы праведзены, каб іх азнаёмілі з дакументамі. Але, як падкрэсліла маці Зміцера, у адказ прыйшла чарговая адпіска: маўляў, следчая група змянілася, следчыя мерапрыемствы будуць працягвацца і надалей, і калі што, мы вам паведамім. "Гэта было год таму, і да гэтага часу ніякіх звесткаў няма", - адзначыла Вольга Завадская.

Плакат с портретом Дмитрия Завадского и цветы рядом с ним
Cледчыя органы не паведамляюць, што робіцца дзеля высвятлення лёсу Зміцера ЗавадскагаФото: DW

Жонка Зміцера Святлана Завадская прызналася, што з цягам часу яшчэ больш складана перажываць тое, што адбылося з яе мужам. Па словах жанчыны, гэта страшэнны боль, які не спыняецца. "Ты спрабуеш змяніць жыццё, спрабуеш ад гэтага адысці, але гэта заўжды ў цябе з спіною, заўжды з табою кожны дзень і кожную хвіліну, - кажа Святлана Завадская. - Я баюся казаць, але калі цела Дзімы нарэшце нармальна аддадуць зямлі, і мы будзем не сюды прыходзіць, а на тое месца, дзе ён будзе пахаваны, вось толькі тады, магчыма, душа мая і супакоіцца".

7 ліпеня памяць Зміцера Завадскага запальваннем знічак і дзесяццю хвілінамі жалобнага маўчання ўшанавалі практычна ва ўсіх рэдакцыйных калектывах незалежных СМІ, а актывісты кампаніі "Еўрапейская Беларусь" у Мінску расклеілі сотні плакатаў з надпісамі "Мы помнім!" і партрэтамі скрадзеных Зміцера Завадскага, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Напад на актывістаў

У цэнтры Мінску 8 ліпеня невядомыя жорстка збілі лідэра моладзевай кампаніі "Маладая Беларусь" Артура Фінькевіча і актывіста Аляксандра Лыкшына. Юнакі кіраваліся ў сядзібу Беларускага народнага фронту, якая знаходзіцца на праспекце Машэрава, калі да іх падбеглі некалькі зламыснікаў, якія пырснулі ім у вочы нейкай вадкасцю і павалілі на зямлю, пасля чаго пачалі збіваць хлопцаў нагамі і рукамі.

Злачынцы забралі ў Артура Фінькевіча грошы, мабільны тэлефон, ноўтбук і флэш-карты. Жыхары дома, у двары якога збівалі маладзёнаў, выклікалі міліцыю і "хуткую дапамогу" У выніку збітых актывістаў адвезлі ў шпіталь. На думку Артура Фінькевіча, калі глядзець на дзеянні нападнікаў у цывільным, гэта маглі быць супрацоўнікі з нейкага сілавога падраздзялення тыпу "Алмаз".

Артур Финкевич
Злачынцы забралі ў Артура Фінькевіча грошы, мабільны тэлефон, ноўтбук і флэш-картыФото: AP

Прапановы ў закон аб альтэрнатыўнай службе

Актывісты моладзевых арганізацыяў "Маладыя дэмакраты", "Рух будучыні", прадстаўнікі студэнцкіх аб’яднанняў рэпрэзентавалі прапановы па зместу закона "Аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе", якія перададуць у Міністэрства працы Беларусі. Паводле лідэра "Маладых дэмакратаў" Міхася Пашкевіча, гэтае міністэрства, з словаў яго кіраўніка Мар’яны Шчоткінай, гатова прыняць любыя прапановы ад грамадскіх арганізацыяў, калі гэтыя прапазіцыі будуць "змястоўнымі і абгрунтаванымі".

У дакуменце актывісты моладзевых структур апісалі, што жадаюць убачыць у законе "Аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе", а таксама прапануюць пашырыць падставы для праходжання такой службы. На думку аўтараў прапановаў, для гэтага мусяць быць не толькі рэлігійныя, але маральныя, філасофскія і эстэтычныя падставы.

Адсутнасць згаданага закону прыводзіла да таго, што многія маладзёны, якія жадалі праходзіць альтэрнатыўную службу і не браць у рукі зброю, прадставалі перад судамі па крымінальных справах як злачынцы-ухілісты.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще