1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд тыдня

11 мая 2010 г.

Былых прадпрымальнікаў з Ваўкавыска прыгаварылі да пазбаўлення волі, Вярхоўны Суд падтрымаў рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў.

https://p.dw.com/p/NL34
Молоток судьи - символ прпавосудия - лежит на столе
Фото: picture-alliance/ dpa

Былыя прадпрымальнікі з Ваўкавыску асуджаныя да некалькіх гадоў зняволення ў калоніі строгага і агульнага рэжыму, Вярхоўны Суд Беларусі адхіліў скаргу Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў на дзеянні Мінюста за адмову ў дзяржаўнай рэгістрацыі гэтай асацыяцыі.

Фінал справы былых прадпрымальнікаў

Вярхоўны Суд Беларусі 6 траўня прыгаварыў былых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча да пяці гадоў двух месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, а Уладзіміра Асіпенку - да трох гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Яшчэ два фігуранты гэтай крымінальнай справы Аляксандр Ларын і Міхаіл Казлоў атрымалі тры і два гады зняволення адпаведна.

Былы прадпрымальнік Аўтуховіч
Былы прадпрымальнік Аўтуховіч пазбаўлены волі на пяць гадоўФото: Bymedia

Аўтуховіч, Асіпенка і Ларын абвінавачваліся ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту ў дачыненні да намесніка міністра па падатках і зборах Беларусі Васіля Каменкі і экс-старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзіміра Саўчанкі.

Аўтуховіча і Асіпенку таксама абвінавачвалі ў арганізацыі падпалу дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Сяргея Кацубы ў 2004 годзе. Былы кіраўнік Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю па Гарадзенскай вобласці Казлоў абвінавачваўся ў тым, што ведаў пра планы падрыхтоўкі тэракта, але не спрабаваў яго прадухіліць.

Адпалыя абвінавачанні

Пасля судовага разбіральніцтва суд апраўдаў Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенку і Аляксандра Ларына па наўмысным знішчэнні альбо пашкоджанні маёмасці і па падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту. У выніку, Аўтуховіч, Асіпенка і Ларын асуджаны за незаконныя дзеянні ў адносінах да вагнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, а Міхаіл Казлоў – за бяздзеянні службовай асобы.

Адметна, што Мікалай Аўтуховіч асуджаны за незаконнае захоўванне і перавозку пяці патронаў і паляўнічай вінтоўкі, таму пасля вынясення прысуду гэтую справу прысутныя на агалошванні прыгавора прадстаўнікі шырокай грамадскасці адразу ахрысцілі "справай пяці патронаў".

Што да вінтоўкі, то яна раней належала Мікалаю Аўтуховічу, але былы прадпрымальнік страціў права на яе валоданне пасля першага зняволення некалькі гадоў таму, і гэтая вінтоўка была аформленая на іншага чалавека. Што тычыцца патронаў, якія былі знойдзеныя падчас ператрусу ў сейфе, то Мікалай Аўтуховіч адзначыў, што ўжо паспеў на іх забыцца.

Уладзіміра Асіпенку асуддзілі за захоўванне і перавозку зброі і выбухоўкі, за гэта ж самае асуджаны і Аляксандр Ларын. Нагадаю, што пракурор прасіў для Аўтуховіча 20 гадоў пазбаўлення волі, для Асіпенкі і Ларына – па 11 гадоў, для Казлова – 3 гады зняволення.

Справа - пухір

Правозащитники Валентин Стефанович и Алесь Беляцкий
Валянцін Стэфановіч (злева) упэўнены: у справе Аўтуховіча не абышлося без парушэння законуФото: Bymedia

Сябра Рады Праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч адзначае, што справа Аўтуховіча і Асіпенкі лопнула нібы пухір, таму што гэтых людзей абвінавачвалі ў асабліва цяжкім злачынстве. Па словах юрыста, усе гэтыя абвінавачванні суд не прыняў да ўвагі, бо яны настолькі відавочна кепска былі падрыхтаваныя і здабытыя з такім парушэннем закону, што аказаліся проста недапушчальнымі.

Як адзначыў праваабаронца, падчас следства было вельмі шмат працэсуальных парушэнняў, пачынаючы ад ігнаравання права на абарону і заканчваючы злоўжываннямі следствам такімі рэчамі, як арышты ў якасці падазраваных патэнцыйных сведкаў. Калі ад людзей атрымлівалі патрэбныя доказы, то крымінальныя справы супраць іх спыняліся, і іх пераводзілі ў катэгорыю сведкаў.

Тое ж тычыцца і паказанняў датычна зброі, якія даваў Аляксандр Ларын і якія былі вельмі супярэчлівыя. "Таму мы лічым, што вынесеныя прысуды з’яўляюцца вынікам палітычнага падыходу ўлады да гэтага працэсу, бо ў некаторых матэр’ялах справы, у некаторых запісках следчага на адрас загадчыцы юрыдычнае кансультацыі Савецкага раёну Мінску напісана, што справа знаходзіцца на асабістым кантролі ў кіраўніка дзяржавы", - падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.

Магло быць горш

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька таксама адзначае, што справа былых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў мае выключна палітычны характар. Палітык выказаў меркаванне, што толькі ў Беларусі могуць за адзін патрон даваць адзін год турмы. Кіраўнік АГП упэўнны, што падаплёка гэтага крымінальнага працэсу палітычная, але разам з тым трэба прызнаць, што наступствы для фігурантаз справы маглі быць яшчэ горшыя.

Анатоль Лябедька лічыць, што да апошняга часу шалі вагаў хісталіся, бо паміж тым, што запрасіў пракурор, і тым, што агучыў суддзя, - вялікая разбежка. "Гэта азначае, што акцыі салідарнасці і ўнутры краіны, і па-за яе межамі ўплываюць, яны прымаюцца да ведама", - упэўнены лідэр АГП.

Хапун пасля фінішу

Экс-кандидат в президенты Александр Козулин
Экс-кандыдат ў прэзідэнты Беларусі Аляксандр КазулінФото: AP

Ужо пасля завяршэння агалошання прысуду спеназаўцы сілаю затрымалі, кінулі ў спецаўтобусы і, паводле сведкаў, збілі экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі прафесара Аляксандра Казуліна, актывіста "Маладога фронту" Мікалая Дземідзенку, прадпрымальніка Аляксандра Макаева, якіх адвезлі ў РУУС Ленінскага раёна Мінска.

Юрыст Валянцін Стэфановіч не разумее, з якой нагоды супрацоўнікі міліцыі хапалі людзей, што знаходзіліся ўжо на значнай адлегласці ад будынку Вярхоўнага Суда. "Гэта абсалютнае перавышэнне службовых паўнамоцтваў, тым больш, калі ўжывалі сілу супраць людзей", - лічыць праваабаронца.

Вярхоўны Суд зноў на баку Мінюста

Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў (АНДА) на дзеянні Міністэрства юстыцыі, якое ўжо трэцім разам адмовіла гэтай асацыяцыі ў дзяржаўнай рэгістрацыі. Суд палічыў, што Мінюст меў рацыю, калі адмаўляў у рэгістрацыі, па дзвюх прычынах. Па-першае, ва ўстаноўчай дамове заснавальнікі, маўляў, не ўказалі юрыдычны адрас Асамблеі, а па-другое, мэты і задачы АНДА сфармуляваны нібыта неканкрэтна.

Па словах юрыста Асамблеі Юрыя Чавусава, Мінюст добра ведае, што АНДА, якая дзейнічае з 1997 году, з’яўляецца рэальнай асацыяцыяй, што аб’ядноўвае больш за 200 арганізацыяў. Але, на думку эксперта, стварэнне легальнай формы такога парасонавага згуртавання грамадскіх арганізацыяў палохае рэгіструючы орган непажаданай сумеснай, супольнай дзейнасцю, якая выходзіць за рамкі вузкай дзейнасці кожнай канкрэтнай арганізацыі.

"Грамадскія аб’яднанні задавальняюць нашу дзяржаву, калі яны ціхенька сядзяць у сваіх офісах і грызуць свой няшчасны грант, а калі яны супольна ладзяць нейкія маштабныя, агульнанацыянальныя акцыі ці кампаніі, то гэта падаецца небяспечным", - упэўнены Юры Чавусаў.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще