1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: падзеі тыдня

Vladimir Dorokhov23 июля 2010 г.

Віцебскія ўлады не дазволілі святкаваць юбілей Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі, дэмакратычнага актывіста аштрафавалі за распаўсюд друкаваных выданняў, беларускі праваабаронца стаў ганаровым грамадзянінам Генуі.

https://p.dw.com/p/OSZK
Судейский молоток на столе - один из символов правосудия
Фото: Bilderbox

Выканаўчыя ўлады Віцебску не далі дазволу мясцовай арганізацыі Партыі БНФ на правядзенне ўрачыстасцяў з нагоды юбілея абвяшчэння Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, актывіст "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі" завочна прыгавораны да буйнога штрафу за распаўсюд друкаваных выданняў, кіраўнік Праваабарончага цэнтру "Вясна" стаў ганаровым грамадзянінім Генуі.

Забаранілі святкаваць юбілей суверэнітэта

Улады адмовілі Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ у дазволе правесці 27 ліпеня святкаванне дваццатых угодкаў абвяшчэння Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Нягледзячы на тое, што арганізатары падавалі заяўку ў Віцебскі гарвыканкам, адказ прыйшоў ад адміністрацыі Кастрычніцкага раёну абласнога цэнтра. Менавіта ў гэтым раёне месціцца Парк культуры і адпачынку імя Савецкай Арміі, дзе мусіла адбыцца мерапрыемства.

Чыноўнікі спаслаліся на тое, што арганізатары не прыклалі да заяўкі дамовы на аказанне медычных і камунальных паслугаў, а таксама на забеспячэнне аховы правапарадку з боку супрацоўнікаў міліцыі. Па словах кіраўніка Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастуся Смолікава, рашэнне Кастрычніцкага райвыканкаму будзе абскарджана як беспадстаўнае. Спадар Смолікаў падкрэсліў, што згданыя дамовы мае сэнс заключаць толькі ў выпадку, калі атрыманы дазвол на правядзенне мерапрыемства, бо часта здараецца, што пасьля адмовы ў дазволе грошы, загадзя пералічаныя ў адпаведныя службы, заяўнікам не вяртаюць.

Руководители центра "Весна" Валентин Стефанович и Алесь Беляцкий
Кіраўнікі праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч і Алесь БяляцкіФото: Bymedia

Несправядлівы закон

Юрыст Валянцін Стэфановіч адзначае, што беларускія праваабаронцы шматкроць крытыкавалі палажэнні закона аб масаваых мерапрыемствах Беларусі, таму што прадугледжаныя там многія абмежаванні не адпавядаюць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, найперш Міжнароднаму пакту ад грамадзянскіх і палітычных правах.

Паводле праваабаронцы, тое, што беларускі закон аб масавых мерапрыемствах утрымлівае патрабаванні арганізатарам аплочваць паслугі міліцыі, хуткай дапамогі, прыборкі тэрыторыі пасля правядзення масавых мерапрыемстваў, - гэта проста нонсэнс. "Людзі ажыццяўляюць сваё права, гарантаванае Канстытуцыяй, і дзяржава павінна забяспечыць ім гэтае права і, адпаведна, несці ўсялякія выдаткі ў звязку з рэалізацыяй грамадзянамі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання", - падкрэсліў юрыст.

Па словах Валянціна Стэфановіча, беларускія праваабаронцы ўжо давялі да ведама многіх міжнародных, у тым ліку праваабарончых арганізацыяў сваё стаўленне да дзейнага ў Беларусі закона аб масавых мерапыремствах. "Мы патрабуем зменаў у гэты закон альбо прыняцця новага, які б цалкам адпавядаў міжнародным стандартам, Канстытуцыі і сапраўды дазваляў людзям рэалізаваць сваё права", - заявіў юрыст.

Штраф за выданні

Актывіст Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) Алесь Галавань аштрафаваны на 875 тысяч беларускіх рублёў (каля 230 еўра ў пераліку) за незаконны распаўсюд друкаваных выданняў. Такое рашэнне прыняла суддзя Першамайскага раёну Віцебска Валянціна Кісмярошкіна. Актывіста затрымалі яшчэ 4 траўня на праспекце Будаўнікоў у абласным цэнтры, дзе маладзён раздаваў людзям выданні БХД.

Милиционер сопровождает задержанную девушку
У Беларусі штрафуюць за незаконны распаўсюд друкаваных выданняўФото: AP

Спачатку міліцыянты не складалі пратаколаў аб затрыманні, бо бюлетэні "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і "Веснік" мелі належныя выходныя дадзеныя. Але ўсё ж выданні сканфіскавалі "для вывучэння зместу". Пасля стала вядома, што пратакол за незаконны распаўсюд друкаваных выданняў быў усё ж складзены і накіраваны ў суд, які завочна і прыгаварыў Алеся Галаваня да штрафу. Згодна пастановы таго ж суда, усе адабраня асобнікі бюлетэняў сканфіскаваныя, і распаўсюднік не мае права на іх вяртанне.

Праваабаронца – ганаровы грамадзянін

Старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі стаў ганаровым грамадзянінам італьянскага гораду Генуя. Ганаровае пасведчанне Бяляцкаму ў Палацы Турсі ўрачыста ўручыла мэр горада Марта Вінцэнці. На цырымоніі прысутнічалі дэпутаты італьянскага парламента, грамадскасць Генуі, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.

Па словах Алеся Бяляцкага, для яго гэтае ганаровае званне з’яўляецца "знакам падтрымкі як незарэгістраванага Праваабарончага цэнтру "Вясна", так і ўсіх беларускіх праваабаронцаў і змагароў за дэмакратыю ў краіне".

Варта дадаць, што ганаровымі грамадзянамі Генуі раней станавіліся экс-прэзідэнты Польшчы Лех Валенса і Савецкага Саюза Міхаіл Гарбачоў, а таксама дзейны прэзідэнт Ізраілю Шымон Пэрэс.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар
: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме