1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Прага вясны

Генадзь Канстанцінаў1 июня 2008 г.

У Мінску прайшла прэзентацыя кнігі, прысвечанай беларускім палітыкам і грамадскім дзеячам, падпалым пад крымінальны пераслед уладаў у 2007 годзе. Яе стваральнікі - незалежныя беларускія журналісты і праваабаронцы.

https://p.dw.com/p/EAkN
Фото: AP

Героямі зборніку "Прага вясны" ёсць людзі, якія летась былі асуджаныя паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі за сваю грамадскую дзейнасць. Сярод тых, пра каго вядзецца гаворка ў кнізе, - былыя дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэй Клімаў і Валеры Шчукін, маладафронтаўцы Зміцер Федарук і Зміцер Дашкевіч, географ Канстанцін Лукашоў ды іншыя.

Асаблівасцю збоніка ёсць тое, што ў ім выкладзеныя не проста факты і храналогія судовых працэсаў над дэмакратычнымі актывістамі, але яны паказаныя, у першую чаргу, як людзі, як грамадзяне сваёй краіны, з усімі ўласцівымі кожнаму чалавеку вартасцямі і недахопамі.

Як адзначыў аўтар праекту “Прага вясны”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднае федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, “мэта гэтае кнігі – убачыць у ахвярах палітычных рэпрэсіяў герояў, таму што ў дадзеным выпадку ахвяры палітычных рэпрэсіяў з’яўляюцца не толькі героямі нашае кнігі, але і героямі пэўнай эпохі”.

Алесь Бяляцкі падкрэсліў, што праект ажыццявіўся дзякуючы, у першую чаргу, журналістам: “Вельмі прыемна, што кола журналістаў у Беларусі, якія цікавяцца праваабарончай тэматыкай, даволі вялікае і яно пашыраецца. Я думаю, што, пагаджаючыся на напісанне гэтых матэр’ялаў, беларускія журналісты для сябе мелі, найперш, выкананне нейкага маральнага абавязку і рабілі тое, што іх сапраўды турбуе”.

“Мы – не ахвяры”

Адным з герояў кнігі з’яўляецца грамадскі актывіст, географ Канстанцін Лукашоў, якога асудзілі на два гады пазбаўлення волі ўмоўна быццам бы за гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Тую справу на пачатку мінулага году праваабаронцы назвалі сфарбыкаванай і палітычна матываванай, тым не менш, цяпер Лукашоў не можа выехаць за межы Беларусі нават для ўдзелу ў міжнародных геаграфічных кангрэсах, куды яго стала запрашаюць:

“Нажаль, зараз такі час, што нас узнагароджваюць не дзяржаўнымі ўзнагародамі, а рэпрэсіямі. Але я аптыміст і веру, што ўсё стане на свае месцы, і кожнаму ўваздасца па справах ягоных. Так што вялікі дзякуй, што я апынуўся ў такой кампаніі паважаных мною людзей”.

Як падкрэсліў герой кнігі, “мне ўвесь час вельмі не падабаўся тэрмін “ахвяра рэжыму” ці “ахвяра рэпрэсій”. Якія мы ахвяры? Тое, што зараз гэтая дзяржаўная машына ў стане кожнага з нас кінуць за краты, ці пазбавіць волі, ці пазбавіць магчымасці зрабіць нешта карыснае для грамадства, гэта не робіць нас ахвярамі. Гэта проста падкрэслівае палітычны момант нашай эпохі”.

Вера ў перамогу

Паводле словаў яшчэ аднаго героя “Прагі вясны”, тройчы палітзняволенага Андрэя Клімава, “шкада, што ў нашай краіне дагэтуль ёсць палітвязні, я лічу, што гэта ганьба для нашай краіны, калі ў ХХІ стагоддзі ў еўрапейскай цывілізацыі садзяць іншадумцаў. Але яшчэ ёсць спадзяванне, што яшчэ да таго, як прыдумаюць альтэрнатыўныя віды паліва, у нас сітуацыя нейкім чынам зменіцца”.

Найбольшая колькасць тых, пра каго ідзе гаворка ў кнізе, - гэта актывісты “Маладога фронту”, якія летась былі асуджаныя па артыкуле 193 Крымінальнага кодэксу за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Намесніца старшыні МФ Наста Палажанка таксама была сярод асуджаных па гэтай справе.

“Кожны з нас свядома праходзіў свой шлях – шлях да свабоды сваёй любай краіны. І надалей у маладафронтаўцаў застаўся той жа шлях – дарога да перамогі. І ніякія новыя далейшыя прысуды, я ўпэўненая, не будуць пужаць моладзь. Таму што, прайшоўшы праз шэраг прысудаў, арышты, затрыманні, шматлікія штрафы, мы ўсё ж верым у сваю моц, у кожнага новага маладафронтаўца, які прыходзіць у нашу арганізацыю”.

Усяго ў кнізе чатырнаццаць герояў – роўна столькі крымінальных прысудаў вынесена за мінулы год актывістам дэмакратычных сілаў. Але ўжо толькі за пяць месяцаў году бягучага колькасць асуджаных па крымінальных справах апазіцыянераў сталася роўнай таксама чатырнаццаці. Таму, як заявіў Алесь Бяляцкі, у наступным годзе, нажаль, трэба чакаць новага зборніка, прычым, не выключана, больш аб’ёмістага, чымся цяперашні.