1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Прадпрымальнікі больш не павінны плаціць збор за карыстанне транспартнымі сродкамі

Алесь Пятровіч

Мінулым летам парадак спагнання гэтага збору стаўся нагодай для масавай галадоўкі ўладальнікаў маршрутных таксовак у Берасці. Адпаведны указ падпісаў прэзідэнт Лукашэнка.

https://p.dw.com/p/97Us

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сваім указам №569 скасаваў рэспубліканскі збор за карыстанне транспартнымі сродкамі ў прадпрымальніцкай дзейнасці.

Згодна з каментаром, які распаўсюдзіла прэс-служба прэзідэнта, новы указ закліканы спрасціць парадак падаткаабкладання юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, і пачне дзейнічаць з 1 студзеня наступнага году.

Адначасова гэты дакумант прызнае згубіўшым сваю моц указ №140 ад 22 сакавіка 2004 году, які выклікаў хваляванне сярод прадпрымальнікаў, што выкарыстоўвалі ўвезеныя з-за мяжы транспартныя сродкі ў камэрцыйных мэтах. Справа ў тым, што ў гэтым указе не было пазначана, з якой даты уведзены згаданы рэспубліканскі збор. У выніку падатковыя ворганы пачалі патрабаваць уплаты збора нават з тых прадпрымальнікаў, хто прывёз свае аўтамабілі ў Беларусь яшчэ да з’яўлення указа №140.

Толькі ў Берасці ў спіс тых, каму належыць сплаціць гэты збор, трапіла каля сотні ўладальнікаў машын, што выкарыстоўваліся пераважна ў якасці маршрутных таксі. Пасля безпаспяховых спробаў аспрэчыць рашэнне падатковых ворганаў у розных судовых установах, група прадпрымальнікаў ў гэтым горадзе 5 ліпеня пачала бестэрміновую галадоўку, выказваючы пратэст супраць такой трактоўкі прэзідэнцкага указа. Галадоўка цягнулася да 17 жніўня, у розны час да яе далучаліся 15 чалавек. Адна з удзельніц галадоўкі – Любоў Разановіч – адмовілася ня толькі ад ежы, але і ад вады, пасля чаго была шпітализіваная ў цяжкім стане ў цэнтральны гарадскі шпіталь Берасця.

Зараз у Любові Разановіч адбываецца курс рэабілітацыі ў хатніх умовах і, маючы другу групу інваліднасці, яна па-ранейшаму адчувае праблемы са здароўем. Прадпрымальніца яшчэ раз нагадала, што галадоўка была крокам адчаю, бо з яе патрабавалі сплаціць ў бюджэт каля 70 мільёнаў рублёў:

“Неймаверная сума рэспубліканскага збору, які налічаны “заднім чыслом” (хачу нагадаць яшчэ раз, што машыны я завезла ў 2003-м годзе, а указ выйшаў роўна праз год), і штодзённыя 40% штрафныя санкцыі з боку падатковых ворганаў, пераўтварылі маё жыццё і жыццё маіх дзяцей у сапраўдны кашмар. Я не магла спакойна жыць, спакойна спаць. Раптоўна паводле эканамічна непісьменнага, цалкам супярэчлівага ўсім нормам права указу, я стала правапарушальнікам. Пры гэтым штомесяц я плаціла ў бюджэт дзяржавы розных плацяжоў на 1 мільён 200 тысячаў беларускіх рублёў”.

Любоў Разановіч задаволеная тым фактам, што указ №140 усё ж такі адменены і гэта пазбавіла прадпрымальнікаў неабходнасці дадаткова пералічваць у бюджэт шматмільённыя плацяжы. Разам з тым, яна была здзіўленая паводзінамі брэсцкіх чыноўнікаў, якія падчас галадоўкі прадпрымальнікаў займалі пазыцыю чакання. Любоў Разановіч мяркуе: гэта можа азнацаць, што мясцовыя ўлады і на далей будуць спрабаваць замоўчваць праблемы, што ўзнікаюць у грамадстве, каб не пазбавіцца кіроўных пасадаў.