1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Пракуратура аднавіла расследаванне справы аб збіцці журналіста “Комсомольской правды”

18 июля 2006 г.
https://p.dw.com/p/8oEL

Пракуратура Мінску адмяніла пастанову аб прыпыненні папярэдняга расследавання збіцця журналіста “Комсомольской правды в Белоруссии” Алега Улевіча. Як вынікае з ліста начальніка па наглядзе за дазнаннем пракуратуры Мінску, зроблена гэта “ў звязку з непаўнатой правядзення расследавання і неабходнасці правядзення дадатковых следча-аператыўных мерапрыемстваў”. Нагадайма, Алега Улевіча збілі 2-га сакавіка, калі ён разам з іншымі журналістамі прыехаў да будынку Кастрычніцкага упраўлення ўнутраных справаў Мінску з мэтаю даведацца пра лёс затрыманага кандыдата на прэзідэнта Аляксандра Казуліна. Пасля збіцця журналісту быў пастаўлены дыягназ “чэрапна-мазгавая траўма і пералом касцей носа”. Следства па гэтым факце было прыпыненае Галоўным упраўленнем унутраных справаў Мінгарвыканкаму 31 траўня “ў звязку з невызначэннем асобы, якая належыць да прыцягнення ў якасці таго, хто абвінавачваецца”. Цяпер, пасля аднаўлення справы, Алег Улевіч спадзяецца на тое, што ў следства з’явіцца дадатковая зацікаўленасць знайсці тых асобаў, якія яго збілі.